Мінадукацыі звольніла тых, хто арганізаваў "зліў" алімпіяды па геаграфіі

Мінадукацыі звольніла тых, хто арганізаваў "зліў" алімпіяды па геаграфіі

Людзі, датычныя да "зліву" заданняў рэспубліканскай алімпіяды па геаграфіі, звольненыя. Пра гэта агенцтву БЕЛТА паведамілі ў Мінадукацыі.

Як распавядала Еўрарадыё, парушэнні на алімпіядзе выявіў лідскі 11-класнік Ігнат Ільюшонак. Хлопец высветліў, што некаторыя з удзельнікаў алімпіяды ведаюць адказы яшчэ да пачатку спаборніцтва. А пазней ён і сам атрымаў алімпіядныя заданні за некалькі тыдняў да турніру. 

У Мінадукацыі інфармуюць, што стварылі камісію, якая вывучыла магчымыя парушэнні падчас алімпіяды. Камісія пацвердзіла, што заданні заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па геаграфіі былі распаўсюджаныя сярод навучэнцаў да пачатку турніру. Журы алімпіяды вырашыла ануляваць вынікі навучэнцаў, пра якіх стала вядома, што яны мелі доступ да алімпіядных заданняў.

Мінадукацыі накіравала ліст у Генеральную пракуратуру з просьбай даць прававую ацэнку дзеянням вінаватых. 

Цяпер у міністэрстве ўносяць змены ў парадак правядзення рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. Ужо ў наступным навучальным годзе яна пройдзе па новых правілах.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі