Мінабароны не ведае, колькі ваенных на расійскіх базах у Беларусі

Мінабароны не ведае, колькі ваенных на расійскіх базах у Беларусі

Кіраўніцтва Расіі не адмовілася ад ідэі размясціць у Беларусі дадатковы ваенны кантынгент. Не выключана, што Масква скарыстаецца сумеснымі беларуска-расійскімі ваеннымі вучэннямі Захад. Такое меркаванне ў размове з карэспандэнтам Еўрарадыё выказвае расійскі палітолаг Аляксандр Сыцін.

“Скажуць, да прыкладу, што пагроза NATO расце, што вы самі не справіцеся, калі нападзе NATO, што трэба ахоўваць радыёлакацыйную станцыю, ці яшчэ нешта такое. Прынамсі, паспрабуюць гэта зрабіць і паглядзяць, як Беларусь на гэта адрэагуе”, ― разважае Сыцін.

Сёння на тэрыторыі Беларусі дзейнічаюць дзве расійскія базы: у Ганцавічах размешчаная радыёлакацыйная станцыя “Волга”, а ў Вілейцы ― станцыя радыёсувязі 43-га вузла ВМФ РФ. Першая база ― гэта сістэмы папярэджання аб ракетным нападзе, другая ― забяспечвае сувязь з атамнымі падводнымі лодкамі і адначасова працуе на ваенна-паветраныя сілы, касмічныя войскі ды праводзіць радыётэхнічную выведку і радыёэлектронную барацьбу. Важныя аб’екты. Але на якой падставе дадатковыя расійскія ваенныя могуць “далучыцца” да тых, якія там ужо знаходзяцца? Дарэчы, колькі на базах у Ганцавічах і Вілейцы сёння расійскіх ваенных? Звяртаюся ў Міністэрства абароны Беларусі з гэтым пытаннем. Але, як высвятляецца, там гэтага… не ведаюць.

“У мяне такой інфармацыі няма. Гэта, як кажуць, не наша кампетэнтнасць. Тым больш, што гэта не ваенныя базы ў традыцыйным разуменні гэтага слова. Таму я папрашу вас звярнуцца непасрэдна да іх (Мінабароны РФ, ― Еўрарадыё) і там задаць сваё пытанне”, ― нечакана адказвае кіраўнік прэс-службы Мінабароны Беларусі Уладзімір Макараў.

Па словах беларускага ваеннага эксперта Аляксандра Алесіна, колькасць расійскіх ваенных на базах у Беларусі і ўсе нюансы працы гэтых баз прапісаныя адпаведнымі дакументамі. Вось толькі дакументы тыя ― “сакрэтныя”, па словах Алесіна, яму не далі з імі азнаёміцца.

“Там сур’ёзныя аб’екты з развітай інфраструктурай, колькасць ваенных я магу назваць прыблізна: дзесьці больш, дзесьці менш, але на кожным ― у межах 400 чалавек. Але ў выпадку, калі колькасць ваенных на гэтай базе будзе павялічаная на колькасць, большую ўзгодненай, то гэта падлягае новаму ўзгадненню. Бо гэты аб’ект знаходзіцца на тэрыторыі іншай дзяржавы”, ― кажа Алесін.

Аляксандр Сыцін сумняваецца, што Расія, калі ёй гэта будзе патрэбна, стане прытрымлівацца раней падпісаных дамоўленасцяў.

З іншага боку, Алесін не бачыць ніякага сэнсу ў тым, каб, рызыкуючы добрымі адносінамі з Беларуссю, пакідаць без дазволу на нашай тэрыторыі сваіх ваенных.

Алесін: “Нават калі дзве тысячы пасля вучэнняў выведуць, а дзве захочуць пакінуць ― што змогуць зрабіць тыя дзве тысячы? Поспех “зялёных чалавечкаў” у Крыме тлумачыцца тым, што там знаходзілася 20 тысяч расійскага кантынгенту, у тым ліку марская пяхота і спецназ. І насельніцтва ў пераважнай ступені мела прарасійскія настроі. Але самы галоўны момант: ніхто з Кіева не даў загад на супраціўленне”.

Эксперт упэўнены, што ўсе чуткі пра расійскіх ваенных, якія без дазволу тут застануцца, гэта элемент “гібрыднай вайны”. Праўда, хто яе вядзе і распускае гэтыя чуткі, вызначыць немагчыма. 

Фота Змітра Лукашука, delfi.lt

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі