Вы тут

Міліцыянты са стралянінай спынялі нецвярозага кіроўцу пад Мінскам

Пад Мінскам са стралянінай спынялі п'янага кіроўцу / t.me/gaiminsk

11 красавіка каля 8:50 на развязцы Ігуменскі тракт — унутранае кальцо МКАД інспектары ДАІ звярнулі ўвагу на аўтамабіль "Ровер", які ехаў не так, як усе астатнія. Міліцыянты далі кіроўцу знак спыніцца, але ён яго праігнараваў, паведамляе прэс-служба сталічнай ДАІ. 

У пагоні прынялі ўдзел даішнікі трох раёнаў — Ленінскага, Кастрычніцкага, а потым і Мінскага. Парушальнік паспрабаваў адарвацца ад іх па трасе Р23. 

Затрымалі яго ў пасёлку Слабада пасля двух папераджальных стрэлаў. Выявілася, што 33-гадовы мінчук ніколі не атрымліваў пасведчанне кіроўцы. Ён неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці па лініі ДАІ, прычым у 2010-м і ў 2015-м быў асуджаны па арт. 317-1 Крымінальнага кодэкса (кіраванне транспартным сродкам асобай, якая знаходзіцца ў стане алкагольнага ап'янення, здзейсненае на працягу года пасля накладання адміністрацыйнага спагнання за такія ж парушэнні).

Медыцынскі агляд паказаў, што ў арганізме мужчыны было 0,72 праміле алкаголю. Да таго ж выявілася, што машыну ён угнаў. Напярэдадні гаспадар аўто прыгнаў яму машыну на рамонт.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.