Міліцыянт знайшоў пенсіянерку, якая знікла ў Нясвіжскім раёне тры дні таму
Пенсіянерку з вёскі Чанавічы Нясвіжскага раёна шукалі некалькі дзён, паведамляе прэс-служба МУС.
Апошні раз суседзі бачылі жанчыну каля 9-й гадзіны раніцы 1 верасня: яна заходзіла да суседкі, а потым сышла ў невядомым напрамку. Шукаць пенсіянерку пачалі ўвечары 2 верасня, калі ў міліцыю звярнуліся супрацоўнікі сацыяльнай службы. Пошукі вялі міліцыянты, ратавальнікі і валанцёры пошукава-выратавальнага атрада "Анёл".
Знайсці жанчыну ўдалося толькі ўдзень 4 верасня каля той самай вёскі, пасярод кукурузнага поля. Адшукаў яе начальнік аддзела крымінальнага вышуку Нясвіжскага РАУС маёр міліцыі Аляксандр Крупко.
Высветлілася, што пенсіянерка пакутуе на слабы зрок, і на кукурузнае поле зайшла выпадкова. Калі міліцыянт знайшоў яе, знясіленая жанчына сядзела на зямлі і не магла самастойна ісці. Яе перадалі для абследавання медыкам.
Пенсіянерку шпіталізавалі. Яе жыццю і здароўю нічога не пагражае.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.