Вы тут

Міліцыянт з Гомеля фатаграфаваўся з нагамі на стале суддзі

24-гадовы жыхар Гомеля Васіль Варушчанка назваў беларускую мову "мёртвым трупам" і стаў зоркай інтэрнэта. А ўсё таму, што ў профілі хлопца "ВКонтакте" знайшліся здымкі ў міліцэйскай форме. Ды якія! Вось Варушчанка з сябрамі на капоце службовай машыны, а вось — ужо ў цывільным — па-гаспадарску закінуў ногі на стол у судовай зале.

Фота з ВК Васіля Варушчанкі

МУС апраўдваецца, што Варушчанку звольнілі "па адмоўных матывах" яшчэ ў 2013 годзе. Але факт застаецца фактам: ненавіснік беларускай мовы працаваў в органах крыху больш за год. Менавіта ў гэты час правакацыйныя здымкі і трапілі ў сацсеткі.

У Гомельскім абласным судзе здымкаў Варушчанкі пакуль не бачылі. Таму каментаваць не бяруцца. "Ёсць артыкул за непавагу за суду. Калі ідзе працэс, і нехта з яго ўдзельнікаў відавочна праяўляе непавагу да суду, а на заўвагі з боку суддзі не рэагуе, — распавядаюць Еўрарадыё ў прэс-службе ўстановы. — Але мы маем на ўвазе менавіта судовы працэс — на гэты выпадак артыкул ёсць".

Але адказнасць надыходзіць таксама і за "іншыя дзеянні, што сведчаць пра відавочную знявагу да суду". Такія паводзіны могуць быць пакараныя штрафам ад 8 да 50 базавых велічыняў ці адміністрацыйным арыштам.

Сам Васіль Варушчанка лічыць тых, хто абураецца яго паводзінамі, не вельмі разумнымі людзьмі: "Няхай пішуць, я люблю пасмяяцца з дурачкоў". Фота ў міліцэйскай форме ён прыбіраць не збіраецца. А пра здымкі ў судзе піша: "Дык зайдзі ў суд і сфоткайся. Не бачу ніякіх перашкодаў для гэтага".

А вось вам яшчэ комікс ад экс-міліцыянта Васіля Варушчанкі. На дэсерт:

Ілюстрацыя з ВК Васіля Варушчанкі