Вы тут

Міліцыя ў Гродне акружыла дзіцячае навагодняе свята і шукала там пратэстоўцаў

У Гродне міліцыя сарвала навагодняе свята каля царквы / hrodna.life

27 снежня ў гродзенскім мікрараёне Баранавічы міліцыя прыехала на навагодняе свята, якое ладзіў царкоўны прыход храма ў гонар Аўгустоўскага абраза Божай Маці. "Гэта было парафіяльнае свята для дзяцей — каб яны не сядзелі за камп'ютарамі, каб і да іх прыйшло свята Новага года", — кажа ў каментары Hrodna.life настаяцель храма Цімафей Ноздрын.

Свята пачалося каля 15-й гадзіны. У самы разгар, каля 17-й, прыехалі некалькі машын міліцыі, аднаго з удзельнікаў паспрабавалі затрымаць. Дзеці былі перапалоханыя. 

"Нас акружылі з усіх бакоў. Царква знаходзіцца ў скверы, вакол сквера — дарога. І з кожнага боку стаяла машына. Я бачыў тры "ўазікі", і былі яшчэ ў цывільным на сваіх аўтамабілях", — распавядае настаяцель. Па яго словах, прыехала шэсць машын.

Міліцыянты паспрабавалі затрымаць мужчыну, які быў з дзіцем і з сабакам, вадзіў карагод з усімі. Яны заявілі, быццам непадалёк адбыўся незаконны мітынг і людзі з мітынгу прыбеглі на свята. 

"Я патлумачыў, што не бачыў нікога са сцягамі, у нас ніхто лозунгаў не крычаў, а праходзіць свята для дзяцей. Яны не хацелі яго адпускаць, але агульнымі сіламі — пераважна былі жанчыны з дзецьмі — мы яго "адбілі", — расказвае святар. 

Аднак у панядзелак стала вядома, што мужчыну ўсё ж затрымалі — забралі з працы. 

У гродзенскай міліцыі журналістам пацвердзілі факт затрымання мужчыны пасля свята. Па словах міліцыянтаў, каля царквы з 17:08 па 17:15 прыкладна 10 чалавек сфатаграфаваліся з незарэгістраванай сімволікай, а потым селі ў машыны і паехалі. Фатаграфія з’явілася ў некаторых гродзенскіх Telegram-каналах. Мужчыну затрымалі за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве і да суда пасадзілі ў ІЧУ.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.