Мілаш Лекса: Я не веру, што Лукашэнка прыедзе ў Прагу 7 траўня

У інтэрв’ю Еўрарадыё каардынатар Чэхіі па "Ўсходнім Партнёрстве" Мілаш Лекса расказаў, ці будуць у Беларусі хадзіць еўра, за што нашу краіну могуць выключыць з “Усходняга Партнёрства”, хто мае большыя шанцы ўступіць у Еўрасаюз і ці змогуць беларусы звяртацца ў Еўрапейскі трыбунал.
Я не веру, што Лукашэнка прыедзе ў Прагу 7 траўня


ЕРБ: Ці ўжо вядомыя падрабязнасці запланаванага візіту міністра замежных спраў Чэхіі Карэла Шварцэнберга ў Беларусь?

-    Мы толькі пачалі рыхтаваць візіт. Але я магу пацвердзіць, што наш намер палягае ў тым, каб Шварцэнберг прыехаў у Мінск у наступную пятніцу.

ЕРБ: Ці ёсць інфармацыя пра тое, з кім ён там будзе сустракацца?

-    Гэта акурат тое, чаго я не ведаю. Таму што праграма яшчэ рыхтуецца. Яна павінна быць узгодненая з беларускім бокам.

ЕРБ: Як думаеце, Лукашэнка атрымае запрашэнне на саміт па Усходнім Партнёрстве ў Прагу?

-    Гэта нялёгкае пытанне. Але ўлічваючы тое, што некаторыя краіны Еўрасаюза сумняваюцца ў дастатковасці развіцця дэмакратыі ў Беларусі, пытанне па запрашэнні Беларусі будзе яшчэ калектыўна абмяркоўвацца і вырашацца. Але мы можам чакаць, што рашэнне будзе грунтавацца на роўнасці. Запрашэнне павінна быць аднолькавым для ўсіх шасці краін і будзе дасылацца кіраўніку кожнай краіны. Гэтага патрабуе павага да дэмакратычных працэдураў.

Тым не менш, я павінен адзначыць, што нягледзячы на тое, што запрашэнне будзе дасланае персанальна на імя Лукашэнкі, гэта будзе запрашэнне для краіны, для Беларусі. Таму што Усходняе Партнёрства – гэта прапанова Еўрапейскага саюза да ўсходніх краінаў, як больш шчыльна супрацоўнічаць. Гэта магчымасць для кожнай краіны. І гэтая магчымасць будзе выкарыстаная або не кожнай краінай.

Асабіста я не веру, што Лукашэнка прыедзе ў Прагу 7 траўня. Таму што ён вельмі добра ведае, што яму давядзецца выслухаць непрыемныя рэчы ў свой адрас. З іншага боку, я ведаю, што ён не збіраецца сапсаваць магчымасць для сваёй краіны больш шчыльнага супрацоўніцтва з ЕС. Таму, я думаю, Беларусь будзе прадстаўлена на саміце прэм’ер-міністрам ці міністрам замежных спраў.

ЕРБ: Гэтае пытанне будзе абмяркоўвацца падчас візіту Карэла Шварцэнберга?

-    Я амаль упэўнены, што дыскусія на гэты конт будзе.

ЕРБ: Як вы думаеце, як магчыма адначасова запрасіць Лукашэнку і даць яму зразумець, што ён нежаданы госць у Празе?

-    Я не хачу сказаць больш, чым я сказаў. Пытанне будзе вырашацца калектыўна. У Еўрасаюзе ёсць розныя думкі на гэты конт. Мы паспрабуем знайсці кампраміс альбо агульную думку.


Краіну могуць выключыць з Усходняга Партнёрства, калі яе дзеянні будуць супярэчыць праграме


ЕРБ: Ці запрашэнне Беларусі на саміт значыць прызнанне легітымнасці нашага парламенту Еўрасаюзам?

-    Я не думаю, што гэтыя рэчы ўзаемазвязаныя. Думкі наконт выбараў у Беларусі былі надрукаваныя. Абодва меркаванні – Еўрапейскага саюза і Чэхіі. Цяпер мы напярэдадні Усходняга Партнёрства. А Усходняе Партнёрства – гэта прапанова Еўрапейскага саюза Беларусі, як палепшыць узаемаадносіны праз узаемадзеянне ў розных сферах. Гэта таксама ўключае ў сябе прагрэс грамадскай супольнасці. Мы верым, што ўвесь працэс Усходняга Партнёрства падштурхне больш беларускіх палітыкаў зразумець, што еўрапейскія перспектывы – выгада для краіны.

ЕРБ: А ці будзе залежаць ступень удзелу Беларусі ва Усходнім Партнёрстве ад вынікаў наступных прэзідэнцкіх выбараў?

-    Мы не можам прадбачыць будучыя падзеі. Я магу вас запэўніць, што Еўрасаюз будзе праводзіць пастаянны палітычны маніторынг і ацэнку дэмакратычнага развіцця. На аснове такой ацэнкі Еўрасаюз можа спыніць альбо запаволіць працэс супрацоўніцтва з краінай. Давайце будзем больш цярплівымі ў гэтым сэнсе. Вы ведаеце, што нашае стаўлення да сітуацыі ў Беларусі часам вельмі жорсткае. Але тым не менш, зараз ёсць знакі, што Беларусь зацікаўленая ў далейшым супрацоўніцтве. Таму, давайце паспрабуем. Але гэта не канчатковая наша думка наконт сітуацыі з дэмакратыяй у Беларусі.   

ЕРБ: Дарэчы, а што можа быць прычынай выключэння краіны з праграмы Усходняга Партнёрства?

-     Канечне, гэта магчыма ў выпадку, калі дзеянні краіны будуць супярэчыць прынцыпам Усходняга Партнёрства. Гэта значыць цэннасці такіх рэформаў, як дэмакратыя, свабода, эканоміка… Гэта можа прывесці да спынення супрацоўніцтва. Але тым не менш, гэта будзе выключны выпадак. Больш верагодна, што краіна проста не прыме Усходняе Партнёрства, калі ў яе не будзе адпаведнага прагрэсу. У такім разе праграма Усходняга Партнёрства для краіны бузе альбо спыненая на пэўны час, альбо запаволеная.

Усе павінны зразумець, што ЕС будзе інвеставаць больш грошай у краіны-партнёры, чым раней. Але грошы павінны быць патрачаныя эфектыўна, з належнымі адносінамі да вынікаў, якія чакаюцца.


Палітыку ЕС у дачыненні да Беларусі можна назваць маральным ціскам


ЕРБ: Ці ёсць ужо канкрэтныя праграмы, на якія пойдуць грошы?

-    Асноўнай мэтай старшынства Чэшскай Рэспублікі было пазнаёміць краіны з праграмай Усходняга Партнёрства. Мы дамовіліся з Еўракамісіяй, што першае абмеркаванне канкрэтных праграмаў яшчэ падчас нашага старшынства дзесьці ў чэрвені. Пасля нас будзе старшынстваваць Швецыя. А яны вельмі шчыльна супрацоўнічаюць з намі. Таму я спадзяюся, яны будуць працягваць нашу дзейнасць і ў канцы гэтага года мы даведаемся больш канкрэтны расклад і праграмы першай фазы Усходняга Партнёрства.

ЕРБ: Ці не з’яўляецца ўмова ЕС не прызнаваць Абхазію і Паўднёвую Асецію ўмяшаннем ва ўнутраныя справы краіны. Які лёс чакае Беларусь, калі яна прызнае незалежнасць гэтых рэгіёнаў?


-    Пазіцыя Еўрапейскага саюза такая: Абхазія і Паўднёвая Асеція – інтэграваныя часткі Грузіі, якая прызнаецца міжнароднай супольнасцю незалежнай краінай. Таму гэтыя рэгіёны не могуць быць аддзеленыя ад Грузіі ўзброеным шляхам альбо з дапамогай рашэння суседняй краіны. Гэтая думка падмацоўваецца міжнароднымі канвенцыямі. Таму калі прызнанне рэгіёнаў усё ж адбудзецца, гэта не будзе ўнутраная справа, гэта будзе міжнародная справа. І такое рашэнне можа крытыкавацца іншымі краінамі. І нават могуць уводзіцца пэўныя санкцыі. Прызнанне гэтых рэгіёнаў будзе супярэчыць міжнародным законам. Прадстаўнікі Беларусі павінны разумець, што гэта таксама будзе супярэчыць зацікаўленасцям іх краіны.

ЕРБ: Але ці гэта не справа кожнай краіны, прызнаваць ці не прызнаваць Абхазію і Паўднёвую Асецію?

-    Існуе працэс калектыўнага прыняцця рашэнняў унутры Еўрапейскага саюза. Мы таксама разумеем, што Расія цісне на беларускія ўлады. Але мы не можам прыняць прызнання Абхазіі і Паўднёвай Асеціі Беларуссю.

ЕРБ: Вы сказалі, што Расія цісне на Беларусь. А ці не з’яўляецца тады ўмова не прызнаваць гэтыя рэгіёны ціскам на Беларусь з боку Еўрасаюза?
   
-    Не, не, гэта не ціск. Абсалютна! Палітыка Усходняга Партнёрства і ЕС – гэта зусім не ціск, гэта толькі выказванне думкі Еўрасаюза. Гэта можа быць названа маральным ціскам, але не палітычным ціскам.

ЕРБ: Ці будзе мець краіна-удзельніца Усходняга Партнёрства шанец уступіць у Еўрасаюз? Ці яна так і застанецца ў прылазніку ЕС?

-    Усходняе Партнёрства не займаецца пашырэннем межаў ЕС. Удзел ва Усходнім Партнёрстве – гэта не абяцанне будучага членства ў ЕС, але гэта і не адмова ў ім. Я магу ўявіць, што Усходняе Партнёрства праз палітычныя і эканамічныя рэформы, праз інтэграцыю рынкаў, якія стасуюцца з законам, могуць быць добрай школай альбо падрыхтоўчымі курсамі для тых краінаў, якія мы хочам бачыць членамі Еўрасаюза ў будучыні.

ЕРБ: І якія гэта краіны?


-    Шчыра кажучы, да хуткага пашырэння ЕС не гатовы. Сярод 6 краінаў ва Усходнім Партнёрстве толькі 2 краіны заявілі пра сваю яскравую цікаўнасць быць членамі Еўрасаюза. Гэта Украіна і Малдова.

Беларусы не змогуць звяртацца ў Еўрапейскі трыбунал справядлівасці

ЕРБ: А што карыснага абодва бакі змогуць вынесці з Усходняга Партнёрства? Можаце назваць асноўныя сферы ўзаемадзеяння?

-     Гэта вялікі дакумент, які ўпершыню быў надрукаваны ў снежні 2008 года. Ён уключае энергетычную бяспеку; эканамічную інтэграцыю; стварэнне ўсебаковых, глыбокіх гандлёвых зонаў. Таксама гэты дакумент уключае ў сябе рэформы ў многіх сферах, не толькі эканамічнай, але і сацыяльнай, адміністратыўнай. Адна з найважнейшых сфераў, пазначаных у дакуменце, - перасоўванне грамадзянаў і візавае пытанне.

ЕРБ:  Абавязкі для ўсіх шасці краін-удзельніц будуць аднолькавымі альбо яны будуць розніцца для кожнай асобнай краіны?

-    У прынцыпе, можна казаць пра аднолькавыя абавязкі для ўсіх краінаў. Але канечне, ёсць розныя ступені развіцця двухбаковых адносінаў. З Украінай і Малдовай, да прыкладу, у нас нашмат больш глыбокія стасункі. Таму, у нас будзе індывідуальны падыход да кожнай краіны. Будзе своеасаблівая дыферэнцыяцыя, заснаваная на дасягненнях кожнай краіны. Але прынцыпы аднолькавыя для ўсіх.

ЕРБ:  Ці будзе ў жыхароў шасці краінаў-членаў Усходняга Партнёрства магчымасць звяртацца ў Еўрапейскі трыбунал справядлівасці?


-    Еўрапейскі трыбунал справядлівасці – гэта вышэйшая судовая ўстанова Еўрасаюза. Гэта інстытут Еўрапейскага саюза. Ён непасрэдна адносіцца да законаў ЕС. Партнёрскія краіны з Усходняй Еўропы не падпадаюць пад юрысдыкцыю ЕС. Таму суб’екты, якія не ўваходзяць у ЕС, не могуць звяртацца да Еўрапейскага трыбуналу.

Але часам Еўрапейскі трыбунал блытаюць з Еўрапейскім судом па правах чалавека ў Страсбургу, які з’яўляецца часткай Савета Еўропы. І жыхары краін-членаў могуць звяртацца да Еўрапейскага суда па правах чалавека.

ЕРБ: З якімі пытаннямі можна туды звяртацца?

-    Я ў гэтым не спецыяліст. Аднак калі чалавек не задаволены рашэннем нацыянальнага суда, ён можа звярнуцца ў Еўрапейскі суд па правах чалавека.

ЕРБ: Калі магчымая адмена візаў для жыхароў краін-удзельніц Усходняга Партнёрства?

-    Перасоўванне грамадзянаў вельмі важнае для Усходняга Партнёрства. Але я не думаю, што гэта будзе вельмі хутка. Таму што больш простае перасоўванне жыхароў і адмена візаў паміж ЕС і шасцю краінамі Усходняга Партнёрства залежыць ад выканання часам тэхнічна складаных мераў. Такіх, як лепшы памежнае кіраванне, аб’яднанае кантраляванне мігрантаў. Таму для гэтага спатрэбіцца пэўны час. Але ў нас ёсць бачанне, як да гэтага рухацца паступова. Спачатку – гэта цана на візу. Затым ужо віза можа давацца бясплатна. І апошнім крокам будзе рэжым без візы.

ЕРБ: Вы сказалі, што гэта будзе вельмі не хутка. Ну, хаця б прыкладна, калі?

-    Я не магу сказаць. У Еўрасаюзе розныя думкі на гэты конт. Вы, напэўна, ведаеце, што нават унутры Еўрасаюза ёсць праблемы з перасоўваннямі людзей. Мы шмат разоў расчароўваліся з-за таго, што нашы людзі не могуць падарожнічаць дзеля працы ў іншыя краіны Еўрасаюза свабодна. І нават цяпер, напрыклад, Нямеччына ці Аўстрыя ставіць абмежаванні на людзей, якія могуць туды прыехаць.

ЕРБ: А ці можа быць уведзена еўра ў краінах з Усходняга Партнёрства?

-    Тэарэтычна, гэта магчыма. Але зноў жа, удзел у еўразоне абмяжоўваецца пэўнымі грамадскімі і эканамічнымі крытэрамі, якія нават некаторыя члены ЕС пакуль не могуць выканаць. Таму гэта можа быць вельмі-вельмі доўгая перспектыва. Вы ведаеце, што большасць краінаў, якія ўвайшлі ў Еўрасаюз на працягу апошняга пашырэння, не члены еўразоны.

ЕРБ: Але тэарэтычна, гэта магчыма, што краіна не з’яўляецца членам ЕС, але з’яўляецца членам еўразоны?


-    На практыцы ёсць два выключэнні, ці нават болей. Напрыклад, еўра ходзіць у такіх краінах, як Чарнагорыя, Андора, Ватыкан і Косава. Але гэта вельмі выключныя выпадкі. Я не думаю, што той жа самы крытэр можа быць прыменены да шасці краінаў Усходняга партнёрства.

ЕРБ: Ці ёсць ва Ўсходняга Партнёрства нейкія тэрміны? Яно будзе цягнуцца год, дзесяць, дваццаць?

-    Вы вельмі далёка глядзіце. Але я не ведаю. Зараз мы шчаслівыя, што распачалі працэс. Аднак падчас выканання праграмы мы пабачым, ці трэба штосьці паляпшаць, што рабіць больш хутка, што не так важна і г.д. Таму гэта павінна быць канкрэтызавана ў часе. І таксама ўсё залежыць ад актыўнасці абодвух бакоў.

Фота: presient.gov.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі