Вы тут

Мікалая Дзядка хацелі асудзіць за графіці, якое з'явілася, калі ён быў за мяжой

Мікалай Дзядок у судзе / spring96.org

Увечары 19 сакавіка ў Мінску затрымалі актывіста анархісцкага руху Мікалая Дзядка. Як піша праваабарончы сайт "Вясна", калі хлопец выйшаў з Новага драматычнага тэатра, да яго падышлі два чалавекі ў цывільным і паведамілі, што на яго складзены адміністрацыйны пратакол. 

Дзядка абвінавацілі ў нанясенні надпісу на сценцы інтэрната. Ноч ён правёў у ізалятары часовага ўтрымання. У суд Маскоўскага раёна яго даставілі 20 сакавіка пасля 16:00. 

У судзе высветлілася, што гаворка ідзе пра абразлівы для міліцянтаў надпіс на адным з інтэрнатаў на вуліцы Чыгуначнай. У справе было пазначана, што графіці з'явілася 2 лютага. Між тым Дзядок вярнуўся ў Беларусь з Польшчы 3 лютага. 

Тым не менш сведка Юлія Бушлякова заявіла на допыце, што бачыла Дзядка каля парапета, дзе стяў пах фарбы, яшчэ 2 лютага. Потым яна пазнала яго па фота, якое паказвалі міліцыянты. 

Бушлякова паведаміла, што не бачыла, як хтосьці маляваў надпіс. Аднак сама яна ў міліцыю не звярталася — яе туды выклікалі.

Міліцыянт Янчанка ў судзе паведаміў, што складаў пратакол са словаў сведкі Бушляковай. Ён заявіў, што рабіў запыт на відэа з камер, але яны былі якраз у гэты час на прафілактыцы.

У выніку суддзя вырашыў вярнуць справу на дапрацоўку і адпусціць Мікалая Дзядка.

Гэта не першы раз, калі беларускія міліцыянты цягнуць у суд людзей без дастатковых доказаў. Некалькі гадоў таму яны гэтаксама сведчылі, што на несанкцыянаваным мітынгу прысутнічаў філосаф Уладзімір Мацкевіч, які ў гэты час быў за мяжой.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.