Мікалай Чаргінец патрабуе смерці для пастаўшчыкоў буйных партый наркотыкаў

У першы ж дзень восеньскай сесіі Палаты прадстаўнікоў старшыня пастаяннай камісіі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Савета Рэспублікі Мікалай Чаргінец прапанаваў старшыні Вярхоўнага суда Валянціну Сукалу “прааналізаваць сітуацыю ў справе прызначэння пакарання за тыя ці іншыя злачынствы”. Як стала вядома Еўрарадыё, падставай для такога звароту сталі ўнесеныя ў красавіку змены ў закон, у адпаведнасці з якімі пакаранне за продаж альбо захоўванне нават мінімальнай дозы наркотыкаў пагражае турэмным зняволеннем на тэрмін ад 8 да 13 гадоў. Сёння апынуцца на лаве падсудных і патрапіць за краты аднолькава рызыкуюць як распаўсюднікі, так і спажыўцы.

Адразу супраць такога падыхода да барацьбы з наркаманіяй выступілі медыкі. Так спецыяліст медыцынскага цэнтра “Парацэльс” Ганна Краўчанка лічыць, што цяпер замест наркагандляроў за краты пераважна трапляюць звычайныя наркаманы.

Ганна Краўчанка: “Мінімальную дозу, якую наркаман можа мець з сабой, неабходна не памяншаць, а павялічваць. 1 грам — гэта вельмі мала. Наркаман — чалавек хворы, і ён у кожным выпадку будзе гэты грам з сабой насіць. Неабходна прымаць іншыя меры. Весці больш жорсткі кантроль за месцамі распаўсюду наркотыкаў і тым, як яны трапляюць на тэрыторыю нашай краіны. Такім чынам, неабходна змагацца з гэтай бядой, а не людзей саджаць у турмы”.

Праз паўгода на жорсткасць заканадаўства ў барацьбе з наркаманіяй звярнулі ўвагу і дэпутаты. Еўрарадыё папрасіла дэпутата патлумачыць сэнс свайго звароту да старшыні Вярхоўнага суда Валянціна Сукалы.
.
Мікалай Чаргінец: “Я выказаў асцярогу, што наша заканадаўства дазволіць пэўным супрацоўнікам праваахоўных органаў сканцэнтраваць усю ўвагу на дзеяннях падстаўных маладых людзей, якія купляюць дробныя партыі па паўграма для некага іншага. Вельмі шмат выпадкаў, калі арыштоўваюць маладых людзей, часцей непаўналетніх, пакідаючы на волі аптавікоў і галоўных арганізатараў. А не займаюцца галоўнымі праблемамі ў гэтай сферы”.

Галоўнымі ж праблемамі старшыня дэпутацкай камісіі лічыць гандляроў і перавозчыкаў буйных партый наркотыкаў. Для іх у яго нават ёсць адпаведная мера пакарання.

Мікалай Чаргінец: “Да смертнага прысуду павінна быць пакаранне за транспарціроўку і продаж наркотыкаў у буйных памерах для аптавікоў і арганізатараў”.

Выказаўся дэпутат і супраць так званых “аператыўных мерапрыемстваў”, калі ў выніку міліцэйскіх падстаў за гандль наркотыкамі за краты трапляюць людзі, якія не маюць дачынення не толькі да распаўсюду, але і ўжывання наркотыкаў. Нават ліст на гэты конт напісаў Генпракурору.

Мікалай Чаргінец: “Я папрасіў таксама суды прадаставіць мне інфармацыю, датычную тых, каго прыцягнулі да адказнасці па лініі барацьбы з наркотыкамі. За што яны асуджаныя? І ці ёсць там звесткі пра крыніцы, адкуль да іх наркотыкі патрапілі? Такім чынам, хачу зрабіць выснову, наколькі апраўданыя гэтыя аператыўныя мерапрыемствы”.

Як высветлілася, праваахоўныя органы засталіся пры сваім меркаванні на гэты конт. Еўрарадыё яго агучыў кіраўнік упраўлення па незаконным абарачэнні забароненых наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў Алег Пякарскі.

Алег Пякарскі: “Я вам скажу так — і тое, і другое з’яўляецца злачынствам. І насіць з сабой наркотыкі — ужо з’яўляецца дзеяннем, за якое належыць крымінальнае пакаранне. Калі нам становіцца вядома, што наркотыкі носяць з мэтай продажу, мы яго прыцягваем па больш складаных артыкулах з больш жорсткім пакараннем. Калі проста ў кішэні носіць наркотыкі для сябе — за захоўванне”.

Мікалай Чаргінец упэўнены, што да яго меркавання прыслухаюцца. Але не адказаў на пытанне, што будзе з ужо асуджанымі ахвярамі міліцэйскіх эксперыментаў. Як, напрыклад, Маргарыта Царан, якая ў выніку такой падставы з боку гродзенскіх міліцыянтаў была асуджаная на 4 гады калоніі. Пазней ёй замянілі прысуд на 3 гады абмежавання волі. Аднак канчаткова віну з дзяўчыны так і не знялі.

Мікалай Чаргінец: “Тут ёсць праблема, таму я і ўзняў яе”.

Фото — www.tiga.by