Міхалевіч: Як улада, так і апазіцыя “забілі” на выбары

120829 Michalievich_rezany.mp3

Еўрарадыё: Ці ёсць у выбары кандыдатаў, якіх рэгіструюць, якіх не рэгіструюць, нейкая стратэгія ўладаў?


Міхалевіч: Я бачу стратэгію даволі простую. Многіх кандыдатаў, якія хацелі рабіць сур’ёзную кампанію, не зарэгістравалі. У першую чаргу, гэта Аляксандр Мілінкевіч, чыя асоба выдзялялася на фоне астатніх кандыдатаў, бо гэта былы кандыдат у прэзідэнты, “адзіны” кандыдат у прэзідэнты. Тое, што яго не зарэгістравалі, паказвае, што да моцных кандыдатаў улада не хоча рыхтавацца – яна проста іх не рэгіструе.

Еўрарадыё: Чаму было так шмат размоваў пра тое, што ўлада баіцца байкоту, таму будзе ўсіх рэгістраваць, абы толькі гэтага байкоту не было?


Міхалевіч: Я думаю, што ўлада баіцца і кансалідаванага байкоту, і кансалідаванага ўдзелу ў выбарах. Любое кансалідаванае дзеянне апазіцыі для ўладаў небяспечнае. Сённяшняя сітуацыя як раз больш зручная, а на мой погляд, вельмі важна, што ўлады да гэтых выбараў увогуле спецыяльна не рыхтаваліся ў плане электаральным. Кандыдаты ад улады вельмі слабыя, людзі збольшага вельмі непапулярныя – людзі, якіх проста шмат дзе не ведаюць. Раней было інакш: раней вылучалі галоўных дактароў бальніц, шпіталёў, паліклінік; вылучалі дырэктараў гімназій, ліцэяў – людзей у раёне вядомых, з якімі было цяжка спаборнічаць.

Еўрарадыё: А пра што гэта можа сведчыць?


Міхалевіч: Я думаю, што як апазіцыя, так і ўлада ўжо, кажучы моладзевай тэрміналогіяй, “забілі” на гэтыя выбары. Яны вырашылі адпачыць і не звяртаць на гэтыя выбары ўвагі. Бо і так вядома, што ёсць механізм фальсіфікацыі: ты можаш вылучыць каня, і гэтага каня абяруць дэпутатам. Як казаў Іосіф Сталін – не важна хто як галасуе, важна хто падлічвае галасы. З іншага боку, на жаль, апазіцыя таксама паставілася да гэтага такім жа чынам, што гэта менш важная кампанія, ёсць кампанія прэзідэнцкая, дзе ўсё б вырашалася. На жаль, грамадства таксама ставіцца да гэтых выбараў так. Шмат хто на гэта глядзіць без адчування, што гэта мае нейкае значэнне.

Еўрарадыё: Калі Беларусь выслала Стэфана Эрыксана, ўсе чакалі паўтарэння дыпламатычнага скандалу, як пасля высылання Лешака Шарэпкі, але рэакцыя была надта сціплая, калі казаць пра ўзровень салідарнасці. Чаму так?


Міхалевіч: Думаю, што ў нейкім сэнсе Лукашэнка ўжо перамог. Ён паказаў, што гатовы на любы разрыў дыпламатычных адносінаў, што яму абсалютна не важна, каб былі нейкія афіцыйныя адносіны з Еўрасаюзам. Хутчэй, Еўрасаюз сам спрабуе захаваць адносіны хаця б на нейкім узроўні. Я думаю, што ў адносінах з аднаго боку выступаюць дыпламаты, якія спрабуюць даваць нейкія сігналы, паказваць праз паніжэнне статуса паслоў сваю незадаволенасць, а з іншага боку ёсць “баксёр”, для якога ўсе дыпламатычныя жэсты і рухі не маюць абсалютна аніякага значэння.

Еўрарадыё: А чаму Еўрасаюз не сягае па больш жорсткія эканамічныя санкцыі ў дачыненні да Беларусі?


Міхалевіч: У заходняй палітычнай культуры асноўнае слова – гэта “кампраміс”, “кансэнсус”, “паразуменне”. Гэта ўсё з Беларуссю не працуе. Таму адбываецца падобнае да таго, калі кампутарная сістэма завісае. Я б сказаў так, што Еўрасаюз не надта ведае і ўмее, што ў гэтай сітуацыі рабіць з Беларуссю.

Еўрарадыё: Кажуць, што Еўрасаюз не рэагаваў востра на высылку Стэфана Эрыксана, бо чакае вынікаў парламенцкіх выбараў. Няўжо ж гэтыя выбары сапраўды такія важныя для Еўрасаюза ды могуць пры цяперашняй сітуацыі моцна паўплываць на дачыненні ЕС і Беларусі?

120829 Michalievich_rezany_2.mp3


Міхалевіч: Калі людзі хочуць чагосьці чакаць – яны выказваюць такія меркаванні. Але, наколькі я бачу, асноўныя еўрапейскія краіны нічога не чакаюць і ведаюць, што ў прынцыпе нейкіх істотных паляпшэнняў не будзе. Адзінае, што можа змяніць сітуацыю – Беларусі патрэбна рэструктурызацыя крэдыту МВФ. У 2013-м годзе будзе вялікая выплата адсоткаў па крэдытах МВФ, і Беларусь хоча адкласці выплату гэтага крэдыту. Гэтых грошай сёння няма, і для гэтага Лукашэнка гатовы будзе рабіць нейкія сімвалічныя крокі. Але, якія гэта будуць крокі – пакуль ніхто сабе не ўяўляе.

Еўрарадыё: Вы сказалі, што еўрапейская палітыка ў дачыненні да Беларусі “завісла”. Колькі яна збіраецца яшчэ “вісець” ды што будзе далей? Якія сцэнары імавернага “адвісу” гэтай палітыкі абмяркоўваюцца?


Міхалевіч: Вядома, абмяркоўваецца палітыка дастаткова жорсткіх санкцый. Усе разумеюць, што адкліканне амбасадараў ні да чаго пазітыўнага не прывядзе – гэта дадатковая ізаляцыя больш беларускага грамадства, чым Лукашэнкі. Абмяркоўваюцца спосабы эканамічнага ціску, але трэба памятаць, што пераш за ўсё сёння ў Еўропе эканамічны крызіс, і беларускае пытанне абмяркоўваецца паводле прынцыпу рэшты – калі ёсць час.

Еўрарадыё: А як бы вы на месцы ЕС будавалі адносіны з афіцыйным Мінскам?


Міхалевіч: Перш за ўсё, трэба праводзіць вельмі жорсткую палітыку: калі афіцыйны Мінск не пагаджаецца ісці ні на якія саступкі, не павінна быць ніякіх пазітыўных крокаў з боку ЕС. Другое пытанне – гэта ізаляцыя. На жаль, ЕС не разумее, што можна праводзіць палітыку ізаляцыі беларускага рэжыму ды максімальна адкрывацца ў адносінах да беларускіх грамадзянаў: адмена візаў, памяншэнне кошту візаў. Хаця б замест аднаразовай візы ўсім, хто просіць, даваць гадавую або і пяцігадовую візу Шэнген. Калі б большасць беларусаў мела ў сябе ў пашпарце візу Шэнген – гэта быў бы найлепшы падрыў аўтарытэту ўлады. Нават наведванне гандлёвага цэнтру ў Вільні ў значнай ступені змяняе ментальнасць беларусаў. Гэта адчуванне паветра свабоды.

Еўрарадыё: Еўрасаюз з нейкіх прычынаў вельмі моцна трымаецца за свае шэнгенскія візы. Як вы думаеце, чаму?


Міхалевіч: Ёсць палітыкі, якія займаюцца знешняй палітыкай, для якіх вельмі важна дэмакратызаваць Беларусь. Ёсць палітыкі, для якіх важна заручыцца падтрымкай сваёй нацыянальнай бядноты, якая баіцца прыезду дзіўных людзей з усходу, якія забяруць іх працоўныя месцы. Боязь за працоўныя месцы – асноўная прычына, па якой пакідаюць высокі кошт візаў. Адразу пачынаюць казаць, што непатрэбныя нам у нашай Нямеччыне ці Бельгіі галадранцы, што не могуць заплаціць 60 еўра за візу. На ўнутраным еўрапейскім рынку, дзе ёсць дэмакратыя, – людзі галасуюць. І ёсць сярод выбарцаў такія людзі, якія нас, людзей з усходу, баяцца. Таму важна было б не столькі памяншэнне коштаў візаў, а каб кожнаму беларусу давалася адна віза на пяць гадоў. Гэта б вырашыла ўсе пытанні, бо беларусы здольныя заплаціць і 60 еўра, калі б гэта трэба было рабіць раз на 5 гадоў. Трэба рабіць усё, каб беларусы проста мелі магчымасць пабачыць іншы свет. Трэба сказаць і пра стыпендыі беларускім студэнтам. Калі б гэта ўсё зрабіць – гэта была б найлепшая “ідэалагічная дыверсія” Еўрасаюза.

Фота: Радыё Свабода

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі