Міхаіл Бабіч ― “эфектыўны менаджар” ці “элемент гібрыднай вайны”?

24 жніўня Уладзімір Пуцін прызначыў новага амбасадара Расіі ў Беларусі. Аляксандра Сурыкава на гэтай пасадзе заменіць Міхаіл Бабіч

Па неафіцыйнай інфармацыі, Мінск доўга не зацвярджаў гэтую кандыдатуру. Усё вырашылася 22 жніўня на перамовах, якія Лукашэнка і Пуцін правялі ў Сочы.

Дыпламатычную працу Бабіч будзе сумяшчаць з пасадай спецпрадстаўніка прэзідэнта Расіі ў Беларусі.

У 2016 годзе Масква хацела прызначыць Міхаіла Бабіча паслом ва Украіне. Але ўкраінцы прымаць яго адмовіліся. Па словах дырэктара ўкраінскага Інстытута сусветнай палітыкі Яўгена Магды, найперш таму, што Бабіч не выглядаў чалавекам, здольным да дыялогу. І нават больш за тое:

“Бабіч выглядае знарочыста ваенным. Як такі элемент гібрыднай вайны без усялякага ўпрыгожвання. Я не думаю пры гэтым, што ў Беларусі пагрозы ад Бабіча будуць мець такі ж характар, як ва Украіне. Хаця б таму, што характар расійска-украінскіх і расійска-беларускіх адносін, безумоўна, розны.

Пры гэтым я мяркую, што Расія робіць стаўку на заўважную актывізацыю адносінаў з постсавецкімі краінамі. Асабліва з тымі, якія так ці інакш балансуюць паміж Расіяй і Еўрасаюзам. І гэта не толькі Беларусь, але і Малдова, куды спецпрадстаўніком прэзідэнта Расіі [12 ліпеня] прызначылі Дзмітрыя Козака, аўтара вядомага “Мемарандума Козака” [план рашэння прыднястроўскага канфлікту шляхам федэралізацыі Малдовы, распрацаваны Дзмітрыем Козакам. ― Еўрарадыё]”.

Яўген Магда, фота Змітра Лукашука

Па словах Яўгена Магды, адмовіцца ад агрэмана Бабічу Мінск не можа. Эксперт раіць афіцыйнаму Мінску “выбудоўваць нейкую лінію паводзінаў і рыхтавацца да магчымых нечаканасцяў”.

З украінскім палітолагам не згодны дацэнт Маскоўскага дзяржаўнага інстытута міжнародных адносінаў Кірыл Коктыш. Ён называе Міхаіла Бабіча проста “эфектыўным менеджарам”:

“На самой справе, ён мае рэпутацыю не тое, каб асабліва ўдалага кіраўніка, хоць ніякіх праблемных пытанняў не завальваў… Але ён быў шмат на якіх пасадах даволі кароткі тэрмін. Ён быў звышэфектыўны, ці звышканфліктны ― гэта не вядома. Але ён ён быў прызначаны на шэраг адказных пасад, то трэба ўспрымаць яго як эфектыўнага менеджара, які здольны вырашаць пытанні, а не канфліктаваць. І ў тым, што ён не кадравы дыпламат, а палітычны прызначэнец, няма нічога дзіўнага. Палітычны прызначэнец звычайна з’яўляецца там, дзе не трэба нічога мяняць. Дзе трэба ўсё падтрымліваць як ёсць, “увасабляць”, але нічога раптоўна не мяняць і балючых рэформаў не рабіць. Бо звычайна ведае, як рэфармаваць адносіны, як надаць ім пэўную дынаміку менавіта кар’ерны дыпламат. А палітычны прызначэнец ― гэта яшчэ адна прыкмета таго, што пытанне з боку Масквы не стаіць наконт нейкіх радыкальных трансфармацыях на беларускім напрамку”.

Прычына замены дзеючага пасла Расіі ў Беларусі Сурыкава ў тым, кажа Коктыш, што таму даўно прыспеў час сысці на пенсію.

 

“Бабіч можа стаць каталізатарам росту прарасійскіх настрояў у Беларусі”

 

З’яўленне на пасадзе расійскага пасла ва Украіне чалавека кшталту Міхаіла Бабіча пагражала ўзмацненнем прарасійскіх настрояў у часткі ўкраінскага грамадства, мяркуе Яўген Магда. Таго ж варта чакаць і беларусам у выпадку прызначэння Бабіча ў нашу краіну.

Яўген Магда: “Быў па справе “Рэгнума” працэс, ідуць пэўныя працэсы беларусізацыі ў вашай краіне. Я мяркую, што з’яўленне такога расійскага пасла як Міхаіл Бабіч натхніць тых беларускіх палітыкаў, экспертаў, лідараў грамадскага меркавання, якія бачаць сябе выключна ў саюзе з Расіяй.

Я думаю, што мы будзем назіраць актывізацыю расійскай палітыкі на ўсім еўрапейскім кантыненце. І гэтым кантэксце Беларусь не стане выключэннем. Бо дэманстрацыя поспеху ў Беларусі можа стаць альбо ўзмацняючым фактарам, альбо кампенсацыяй страт у справе ўзмацнення Расіяй сваіх пазіцый у Еўрасаюзе. Я не гатовы цяпер казаць пра магчымыя змены ў міждзяржаўных адносінах паміж вашымі краінамі, якія і так сталі больш складанымі пасля пачатку расійскай агрэсіі ва Украіне. Але я думаю, што будуць дастаткова сур’ёзныя выклікі для афіцыйнага Мінска”.

Кірыл Коктыш раіць не запалохваць сябе беспадстаўна.

“Я б не сказаў, што ў Беларусі ёсць нейкія прарасійскія сілы, што ёсць з іншага боку істотная празаходняя пазіцыя. Усё больш ці менш сімвалічна. І мне здаецца, што гэты расклад (з прызначэннем Бабіча. ― Еўрарадыё) наўрад ці зменіцца”.

Але на думку Яўгена Магды, прызначэнне паслом у Беларусі Бабіча стане жэстам, які прадэманструе ў чарговы раз, што Расія “ў вялікай гульні на заходнім фронце не стане лічыцца з беларускім суверэнітэтам”. На думку эксперта, задачай новага пасла можа стаць імкненне дамагчыся ад Беларусі пашырэння стасункаў з Захадам і, да прыкладу, выхад нашай краіны з праграмы “Усходняе партнёрства”.

Дэпутат Варанецкі: У беларускай незалежнасці шмат нядобразычліўцаў