Месі пакрыўдзіў заўзятараў, Японія засталася без каралевы прыгажосці — #ІхНоравы
![Пра Месі, каралеву прыгажосці і караля Карла.](/sites/default/files/styles/gallery_main/public/2024-02/50.jpg.webp?itok=FgQWHNUx)
Пра Месі, каралеву прыгажосці і караля Карла. / @rubanau_collage
Такія навіны нагадваюць, што ўсе селебрыці — проста людзі. Яны хварэюць, хлусяць і ўдзельнічаюць у любоўных трохкутніках і мараць адпачыць ад працы, каб проста пабыць дома з роднымі. Пра гэта — у нашым аглядзе міжнародных навін.
“Міс Японія” адмовілася ад кароны
Украінка Караліна Сііна, якая перамагла на конкурсе прыгажосці ў Японіі, пасля скандалаў выраклася тытулу. Гэта адбылося ўпершыню ў гісторыі.
Спачатку на дзяўчыну наваліўся хейт наконт яе этнічнага паходжання. Караліне 26 гадоў, і калі ёй было 5, яе маці выйшла замуж за японца і пераехала з Тэрнопальскай вобласці Украіны ў Японію. Яна стала грамадзянкай у 2022 годзе і першай натуралізаванай Міс Японія.
Але крытыкі конкурсу сказалі, што яна не ўвасабляе японскіх традыцыйных ідэалаў прыгажосці. Сама Караліна казала, што адчувае сябе японкай. Яна разумее культуру, прыгожа і правільна піша і размаўляе на японскай мове.
![Месі пакрыўдзіў заўзятараў, Японія засталася без каралевы прыгажосці — #ІхНоравы](/sites/default/files/styles/default_image_paragraph/public/paragraphs/image/2413766.d2d4db307a1d728c822204bbfbfb8cc2.jpg.webp?itok=2QVT65md)
Цяпер у Японіі няма каралевы прыгажосці да наступнага конкурсу.
На Месі пакрыўдзіліся заўзятары з Ганконга
Футбольная зорка, форвард футбольнага клуба “Інтэр Маямі” Ліянель Месі не выйшаў на поле ў таварыскім матчы з зоркамі Ганконга. І заўзятары, што хацелі жыўцом пабачыць найлепшага футбаліста свету, вельмі моцна абурыліся! І нават запатрабавалі вярнуць грошы. Пакрыўдзіліся нават мясцовыя ўлады — і папрасілі ў кіраўніцтва клуба тлумачэнняў, чаму Месі правёў гульню на лаўцы запасных.
Трэнер Херард Марцін сказаў, што Месі не выпусцілі на поле медыкі, бо ў яго запаленне сцегнавых цягліц, і, калі б ён уключыўся ў гульню, гэта магло б яму нашкодзіць.
Спадкаемца брытанскага трона ўжо прымае частку абавязкаў
У 75-гадовага караля Карла III знайшлі рак. Такую заяву распаўсюдзіў Букінгемскі палац. Нядаўна манарх перанёс аперацыю на прастаце, але анкалагічнае захворванне, як удакладняецца, з гэтым не звязанае. Кароль працягне займацца дзяржаўнымі справамі, хоць дактары і рэкамендуюць яму пакуль іх адкласці.
Чакаецца, што прынц Уэльскі заменіць караля на запланаваных візітах у Аўстралію і Канаду. Таксама, хутчэй за ўсё, яму давядзецца паўдзельнічаць у сустрэчы кіраўнікоў краін Садружнасці ў Самоа.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.