Вы тут

Мельянцоў: 2015-ты можна назваць “годам беларускай знешняй палітыкі”

Еўрарадыё: У 2015 годзе Беларусь даволі актыўна “гучала” на міжнароднай арэне, але якая падзея гэтага года падаецца вам найбольш значнай?

Дзяніс Мельянцоў: Падзеяў сапраўды было шмат, але ёсць адна, якая захінае ўсе астатнія — “Мінскія дамоўленасці” і візіт у лютым 2015-га года ў Мінск канцлера Германіі Ангелы Меркель і прэзідэнта Францыі Франсуа Аланда. Здарылася тое, з чаго ўсе ў 2014-м годзе смяяліся: Беларусь збіраецца пасярэднічаць у вырашэнні ўкраінскага канфлікту! А па факце, дзякуючы таму, што Беларусь паспрабавала нейкім чынам зрабіць свой унёсак у гэта міратворства, сёння і Папа Рымскі, і Абама ўзгадваюць Мінск і “Мінскія дамоўленасці”, і дыпламаты ды палітыкі, прычым, не толькі еўрапейскія, наведваючы Мінск, кажуць пра сваю ўдзячнасць Беларусі за яе ўнёсак у вырашэнне ўкраінскага канфлікту.

Еўрарадыё: Але што гэтая “міратворчая місія” дала Беларусі, апроч згадвання яе палітыкамі і дыпламатамі розных краін?

Дзяніс Мельянцоў: Удакладню: па вялікім рахунку, гэта не пасрэдніцтва, а так званыя “добрыя паслугі”. Калі мы непасрэдна не ўдзельнічаем ва ўрэгуляванні гэтага крызісу, але максімальна спрабуем зблізіць пазіцыі бакоў, даём магчымасць сустракацца, прымаем у сябе гэтую перамоўную групу па Украіне… А дало гэта нам тое, што рэзка нарасціла імідж Беларусі ў свеце. Цяпер пра нас ніхто не кажа, што “Беларусь — гэта апошняя дыктатура ў Еўропе”. Гэтыя высілкі прывялі да таго, што Беларусь пачалі ўспрымаць, як больш значнага міжнароднага гульца. Тут вялікую ролю адыграла нават не “міратворчая пазіцыя” Беларусі, а пазіцыя, адрозная ад пазіцыі Расіі па ўкраінскім крызісе, увогуле, у адносінах з Захадам. Гэта прывяло да таго, што цяпер стаўленне да Беларусі з боку ЕС і ЗША значна лепшае.

Еўрарадыё: Па шчырасці, я чакаў, што на першае месца вы паставіце замарожванне санкцый, якія шмат гадоў дзейнічалі ў дачыненні да Беларусі…

Дзяніс Мельянцоў: Гэта, безумоўна, падзея, але непараўнальная па сваім маштабе з “Мінскімі дамоўленасцямі” і візітамі еўрапейскіх лідараў у Беларусь. Вось гэта сапраўды быў прарыў. А што да санкцый, то, па-першае, гэтае замарожванне — гэта не адмена. Такое ўжо было, і гэта не такая ўжо экстраардынарная падзея. Па-другое, яна была перадвызначаная. Было зразумела, што перад прэзідэнцкімі выбарамі беларускія ўлады будуць спрабаваць нейкім чынам дагадзіць Захаду з тым, каб выбары хай і не былі прызнаныя, але, каб былі заявы пра “паляпшэнні”. Каб можна было б казаць і пра замарожванне санкцый, і пра нейкія больш прадметныя дамоўленасці кшталту пазыкаў. І калі казаць пра дасягненні ў сённяшніх адносінах паміж Беларуссю і ЕС, то яны ў тым, што ёсць “парадак дня”. Упершыню мы маем вельмі дакладны і вызначаны “парадак дня” гэтых адносінаў.

Еўрарадыё: Але ж афіцыйны Мінск столькі гадоў трымаў непахісную пазіцыю адносна санкцый і еўрапейскіх патрабаванняў — ці гэта не перамога беларускай дыпламатыі?

Дзяніс Мельянцоў: Не. Наш МЗС заўжды дамагаўся адмены санкцый, а не замарожвання. І пра нейкую перамогу можна будзе казаць толькі пасля адмены санкцый. Другое, Мінск не быў да канца паслядоўным у сваёй непахіснасці. Улады заўжды казалі, што яны не пойдуць ні на якія саступкі, але ў выніку на іх пайшлі — вызвалілі палітвязняў. Праўда, пры гэтым даслалі ЕС і ЗША выразны мэсэдж: “Калі вы будзеце на нас ціснуць, то гэтыя апаненты рэжыму зноў будуць сядзець”. І гэты мэсэдж быў зразуметы. Зразумела, заходнія дыпламаты будуць увесь час узгадваць пра правы чалавека. Але можна казаць дакладна, што ў 2015-м годзе Брусель з Мінскам прынялі негалоснае рашэнне выносіць за дужкі невырашальныя пытанні правоў чалавека, пытанні наконт выбарчага права і вырашаць тыя пытанні, якія вырашаюцца — эканамічныя, міграцыі, супрацоўніцтва ў сферы бяспекі і гэтак далей. Спадзеючыся пазней падыйсці да пытанняў палітычных. Таму можна казаць, што з аднаго боку, Мінск дамогся, каб яго ўспрымалі, як больш сур’ёзнага гульца, але з іншага боку, ЕС пакідае за сабой права ставіць пэўныя ўмовы і патрабаваць іх выканання перад тым, як ісці на нейкія іншыя крокі ў адносінах з Мінскам.

Еўрарадыё: Вызваленнем палітвязняў афіцыйны Мінск стварыў падзею?

Дзяніс Мельянцоў: Безумоўна. Бо замарожванне тых жа санкцый адбылося, і пра гэта кажуць усе заходнія палітыкі, менавіта дзякуючы вызваленню палітвязняў. Але ўзгадайце, чаму ўводзіліся гэтыя санкцыі? Найперш, з-за таго, што было парушанае выбарчае заканадаўства! Што бачым: санкцыі ўводзіліся за парушэнне выбарчага заканадаўства і правоў чалавека, а замарожваюцца з-за таго, што Мінск вызваліў палітычных зняволеных. Можна сказаць, што Мінск гэтую “карту палітзняволеных” разыграў выдатна.

 

Еўрарадыё: Што можна назваць знешнепалітычным паражэннем Мінска 2015-га года?

Дзяніс Мельянцоў: Калі казаць пра тое, што сапраўды залежала ад нас, і, калі прымаць тэзу, што беларуская знешняя палітыка — гэта найперш знешнеэканамічныя адносіны, то Беларусь не дамаглася крэдытаў, якіх яна хацела. І тут адначасова кажам як пра крэдыт МВФ, так і пра крэдыты з боку Расіі і еўразійскіх структур, і пра гіпатэтычныя грошы ад ЕС (доступ да разнастайных еўрапейскіх фінансавых інструментаў). Мэта такая ставіліся, але ў 2015-м годзе яе так і не дасягнулі. Ёсць і тое, што не залежыць ад Беларусі. Найперш, гэта канфлікт паміж Расіяй і Захадам. Гэта прывяло да таго, што ў Беларусі звужаецца магчымасць для знешнепалітычнага манеўру. Прыклад — пытанне расійскай авіябазы. Чым халадней адносіны паміж Захадам і Расіяй, тым больш Расія цісне, каб такая база ў Беларусі была. І Мінску нашмат цяжэй становіцца ад гэтага адбівацца. І тут дасягненне, што пакуль рашэння па базе з беларускага боку няма.

Еўрарадыё: Мы так і не атрымалі ў 2015-м годзе спрашчэння візавага рэжыму, змяншэння кошту “шэнгена” да 35 еўра, на што так спадзяваліся беларусы…

Дзяніс Мельянцоў: Тут віна не столькі Мінска і Бруселя, колькі “знешняга фактара”. Дамова аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі была фактычна гатовая да парафіравання, калі асобныя краіны ЕС напярэдадні травеньскага саміта Усходняга партнёрства ў Рызе высунулі патрабаванне да Беларусі: біяметрычныя пашпарты для беларускіх дыпламатаў. У такой жа дамове з Украінай такога патрабавання не было, і таму Мінск настойвае, каб і ў нашай дамове яго не было. Праўда, пазней гэтае патрабаванне ў дамову з Украінай дадалі, але Мінск у гэтым убачыў падвойныя стандарты. Апроч таго, у Рызе гэтую дамову не парафіравалі яшчэ і таму, што азіраліся на Расію: тая адразу заявіла, што “рыжскі саміт” — антырасійская падзея. Таму вырашылі не дражніць Крэмль, вырашылі “не прывязвацца да нейкіх дат”. Цяпер, наколькі вядома, тэкст гэтага пагаднення фактычна гатовы і пытанне ў даце падпісання.

Еўрарадыё: Якое, на ваш погляд, развіццё пералічаныя падзеі атрымаюць у 2016-м годзе?

Дзяніс Мельянцоў: Мы пералічылі толькі некалькі значных падзей, а на самой справе, 2015-ты год можна назваць годам беларускай знешняй палітыкі. І не толькі з-за таго, што, як жартавалі, упершыню пасля Гітлера і Напалеона ў Беларусь прыехалі Меркель і Аланд, але быў цэлы шэраг значных падзей. Тут і фотаздымак з Абамам, і ўдзел беларускага кіраўніка ў спецыяльнай вячэры па запрашэнні Абамы, тут і візіт кітайскага лідара, што вельмі значна для Беларусі, тут і шэраг візітаў лідараў азіяцкіх краін, Індыі, Пакістана, і ўвядзенне бязвізавага рэжыму з Ізраілем. Тут і візіт кіраўніка Азербайджана Ільхама Аліева у самы разгар “расійска-турэцкага канфлікту”: Азербайджан — бліжэйшы турэцкі саюзнік, і гэта быў выклік Маскве. І давайце не забывацца, што ўпершыню Лукашэнка паламаў традыцыю першага знешнепалітычнага візіту: паляцеў не ў Маскву, як звычайна пасля выбараў, а ва В’етнам і Туркменістан.

Еўрарадыё: Не тое, каб гэта быў асэнсаваны дэмарш з боку Лукашэнкі…

Дзяніс Мельянцоў: Тут, як паглядзець! Раней было так: ніякіх іншых візітаў, пакуль не злётае ў Маскву. Як бы там ні было, але дыпламаты пільна адсочваюць такія рэчы. І гэты факт адсачылі. Яго можна па-рознаму інтэрпрэтаваць, але ўсе падкрэсліваюць: такое было. Да ўсяго, мы тут не ўзгадалі такую падзею ў адносінах з ЗША, як продаж беларускім бокам ЗША 700 супрацьтанкавых ракет для сірыйскіх паўстанцаў. Гэта ўвогуле сенсацыйная рэч, з улікам тых санкцый, якія былі прымененыя супраць Беларусі. І такіх падзей, што здарыліся цягам 2015-га года, можна прыгадваць і прыгадваць. Нельга казаць, што нас чакае пераарыентацыя з усходняга на заходні знешнепалітычны вектар, але пра нармалізацыю стасункаў, прывядзенне іх да нейкай нормы, гаворка цалкам можа ісці. Мяркую, праграма максімум на 2016-ты год у адносінах з Еўрасаюзам — падпісанне Пагаднення пра візавую фасілітацыю (аблягчэнне візавага рэжыму), зрухі ў бок доступу Беларусі да еўрапейскіх фінансавых інструментаў і, натуральна, поўнае зняцце санкцый — і з еўрапейскага боку, і з боку ЗША. На большае цяжка замахвацца.

Еўрарадыё: Можа, паспрыяем урэгуляванню канфлікту Расіі з Турцыяй ці нават Сірыяй?

Дзяніс Мельянцоў: Ад нас гэта вельмі далёка, і мы там не можам выступаць нават у ролі такіх экспертаў, як мы выступаем па Украіне для Расіі і для Расіі па Украіне. Ад тых турэцкіх і сірыйскіх праблем Беларусь занадта далёкая, каб спрыяць іх вырашэнню. Калі ж казаць пра праграму супермаксімум, але ўжо не на наступны год, а на гады два-тры: падыход да заключэння базавай дамоўленасці з Еўрапейскім саюзам — дамовы пра супрацоўніцтва і партнёрства з ЕС. Мы адзіная краіна, якая такой дамовы не мае. А без гэтай юрыдычнай базы вельмі цяжка будаваць адносіны і ў эканамічнай, і ў палітычнай сферы, і ў сферы бяспекі, і гэтак далей.

Фота Змітра Лукашука