Матэрыялы партала TUT.by і яго сацсетак хочуць прызнаць экстрэмісцкімі

Матэрыялы партала TUT.by і яго сацсетак хочуць прызнаць экстрэмісцкімі

Матэрыялы партала TUT.by і яго сацсетак хочуць прызнаць экстрэмісцкімі. Гэта вынікае з заявы Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі, якая яшчэ ў пачатку чэрвеня была накіравана ў суд Цэнтральнага раёна Мінска, ТАА "ТУТ БАЙ МЕДЫА" і Міністэрству інфармацыі, паведамляе @tutby_official.

Па версіі МУС, падчас маніторынгу інтэрнэту ў лютым 2021-га на партале і ў яго сацсетках знайшлі "матэрыялы, якія закранаюць інтарэсы Рэспублікі Беларусь". Быў праведзены аналіз публікацый, які выявіў "прыкметы экстрэмізму". Рэспубліканская экспертная камісія ў траўні прыйшла да высновы, што "дзеянні інфармацыйнага рэсурсу TUT.BY па інфармацыйным забеспячэнні пратэстаў, стварэнні магчымасці выступаць з дэструктыўнымі заклікамі наносяць шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь".

Былі выяўлены "лінгвістычныя прыкметы высмейвання і абразы", а таксама "негатыўная ацэнка дзейнасці Аляксандра Лукашэнкі, прадстаўнікоў дзяржаўнай улады, асобных груп асоб, што выдзяляюцца па прафесійнай прыкмеце".

Пры гэтым у заяве МУС няма канкрэтных прыкладаў і назваў публікацый, яны ёсць у 77-старонкавым дадатку-экспертызе. Прадстаўнікоў партала з імі азнаёмілі, але не дазволілі зрабіць копію.

"Гэта, па сутнасці, спроба сцерці гісторыю краіны, якую 20 гадоў пісалі журналісты TUT.BY", — гаворыцца ў заяве партала.

З 18 траўня доступ да партала TUT.by абмежаваны ў Беларусі паводле рашэння Мінінфарма. У рамках крымінальнай справы аб "нявыплаце падаткаў" затрымалі паўтара дзясятка супрацоўнікаў партала. Яны прызнаны палітвязнямі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі