Мастак Алесь Пушкін адправіў у царкву хуліганаў, якія яго жорстка збілі

Жахлівы выпадак адбыўся днямі ў мястэчку Бобр Крупскага раёна. Пяцёра п'яных маладых хлопцаў збілі вядомага мастака Алеся Пушкіна. Хуліганаў затрымалі міліцыянты, але Пушкін сам прыдумаў для іх пакаранне.  Як распавядае мастак, увечары ён праважаў у Бабры на аўтобус паэта Міколу Аляхновіча. Да іх прычапілася група маладых людзей, відавочна, п'яных. Спачатку яны пачалі збіваць Аляхновіча. Пра тое, што адбывалася далей, расказвае сам Пушкін:

"Да мяне адразу падышоў Сяргей Шынкевіч. 21 год, беларус, жыхар станцыі Бобр, вучыцца ў школе міліцыі. Ён быў як бы лідэрам гэтай групоўкі. Ён пытаецца: А ты чего разговариваеш на белорусском языке, умнее всех?"

Пяць чалавек пачалі збіваць мастака. Алесь Пушкін вырываўся ад іх, але яго даганяў і збіваў з ног самы спрытны з хуліганаў - 19-гадовы Аляксей Біруля.

Алесь Пушкін: "І так 300 метраў пераследу і боек. Садызм, незразумелы мне садызм. 300 метраў, пакуль я не дабег да бліжэйшай крамы, бо бязлюддзе, цішыня, ліхтароў няма, на вуліцах ні машын, ні людзей".

Пушкіну ўсё ж удалося дабрацца да крамы і выклікаць міліцыю. Крыўдзіцелі чакалі яго на ганку, а дачакаліся дзвюх міліцэйскіх машын. Спачатку затрымалі Шынкевіча, Цімура Сасноўскага і Паўла Даніленку, пасля - Бірулю і Ўладзіміра Жылінскага. Высветлілася, што двое з іх раней былі асуджаныя на "хімію" за збіццё 55-гадовага мужчыны. У пастарунку мастак сказаў міліцыянтам, што было б добра, каб хлопцы прыйшлі заўтра ў царкву і пакаяліся.

Алесь Пушкін: "Калі яны прыйдуць у царкву, прымуць споведзь, прычасце, я прыеду і падпішу заяву аб неўзбуджэнні крымінальнай справы, каб не псаваць іх біяграфіі, каб ім дараваць, бо маладыя людзі, а ў нас бязлюддзе... Дайце ім шанец".

Раніцай у нядзелю група маладзёнаў разам з міліцыянтам прыйшла ў царкву і выканала ўсё, што патрабаваў Алесь Пушкін. Калі ж ён паехаў у міліцыю ў Крупкі, высветлілася, што яе начальнік быў не супраць адправіць хуліганаў за краты: 

Алесь Пушкін: "Калі я пайшоў у панядзелак да начальніка міліцыі, ён мне гаварыў: "Ну, вядома, у кампутар мы іх паставім, але можа іх варта ўсё ж пасадзіць?".

Выпадкі, калі пацярпелыя даруюць сваім крыўдзіцелям, здараюцца нярэдка, але ў царкву на споведзь іх адправіў толькі мастак Алесь Пушкін.

Фота - pushkin.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі