Масква ў агні: гісторыя пра тое, у каго і як атрымалася яе захапіць

Спойлер: у ВКЛ і Рэчы Паспалітай
Спойлер: у ВКЛ і Рэчы Паспалітай

Вялікае Княства Літоўскае разам з Рэччу Паспалітай неаднаразова ваявала з Масквой. І чарговы канфлікт зацягнуўся на 9 год — з 1609 па 1618.

У рускай гістарыяграфіі гэтую вайну называюць польска-літоўскай інтэрвенцыяй, што стала адной з асноўных падзей гісторыі Смутнага часу ў Маскоўскім царстве.

Еўрарадыё ўзгадвае, як атрымалася ажно на 2 гады захапіць Маскву.

Пад канец XVI — у пачатку XVII стагоддзяў Масковія знаходзілася ў стане палітычнага і эканамічнага крызісу. Пасля смерці цара Івана IV Грознага ў 1584 годзе і яго сына Дзмітрыя ў 1591-м пачалася барацьба за царскі трон.

У 1598 годзе на царства быў пастаўлены Барыс Гадуноў, што перарвала шматгадовае панаванне Рурыкавічаў. Нязгодныя з такім выбарам лічылі, што царэвіч Дзмітрый жывы, таму валадарства Гадунова незаконнае.

Сітуацыя да таго ж ускладнілася вялікімі замарозкамі 1601—1603 гадоў, пэўна, выкліканымі вывяржэннем вулкана ў Паўднёвай Амерыцы. Пачаўся вялікі голад, ад якога памерла каля паўмільёна чалавек.

Ад цяжкай паразы ў Лівонскай вайне Масковія паспела акрыяць толькі на пачатку XVIІ стагоддзя, як зараз жа яе захлынуў так званы Смутны час.

Ілжэдзмітрый — самазванец, выдаваў сябе за цудам уратаванага ад смерці нашчадка Івана Грознага і прэтэндаваў на маскоўскі трон. Ён самаабвясціў сябе царом Маскоўскай дзяржавы 1 чэрвеня 1605 года і пры падтрымцы ўплывовых магнатаў Рэчы Паспалітай і маскоўскіх баяраў — ворагаў Гадуновых і Шуйскіх — прыйшоў да ўлады ў Маскве.

Магнаты аказвалі і вайсковую падтрымку Ілжэдзмітрыю. Але праз год у час бунту ў Маскве, справакаванага незадаволенасцю насельніцтва паводзінамі «заходняга» атачэння цара, ён быў забіты, а ягоным целам стрэлілі з гарматы ў бок Вялікага Княства. Затым быў Ілжэдзмітрый ІІ, але гэта былі інтрыгі магнатаў і баярства, што суправаджаліся ваеннымі канфліктамі.

У 1609 годзе Рэч Паспалітая пачала адкрытую вайну за вяртанне страчанага Вялікім Княствам Літоўскім стагоддзем раней Смаленску. Афіцыйна Рэч Паспалітая распачала вайну з Маскоўскім царствам за тое, што апошняе заключыла на чале з царом Васілём Шуйскім саюзнае пагадненне са шведамі, якія тады ваявалі з Рэччу Паспалітай.

Масква ў агні: гісторыя пра тое, у каго і як атрымалася яе захапіць

У выніку Клушынскай бітвы 24 чэрвеня 1610 года саюзнае войска шведаў і маскавітаў было разбітае войскам Рэчы Паспалітай, якое было ў 4 разы меншае. У выніку Масква была занятая войскамі Рэчы Паспалітай да 1612 года.

Калі Уладзіслаў Ваза, абраны маскоўскім царом, паспрабаваў абярнуць насельніцтва ў каталіцтва, выбухнула паўстанне Мініна і Пажарскага, якое выгнала польска-літоўскія сілы з Масквы. Акурат у гэты час агнём і палала Масква.

У 1613 годзе царом быў абраны Міхаіл Раманаў, сын маскоўскага патрыярха Філарэта, з якога пачалася дынастыя Раманавых.

Завяршылася вайсковае супрацьстаянне 1 снежня 1618 года Дэўлінскім замірэннем. Паводле яго Рэч Паспалітая заняла Смаленшчыну, Старадубшчыну і Чарнігаўшчыну. Аднак незалежнасць Масковіі захавалася.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі