Вы тут

Марзалюк: Той, хто адмаўляе беларускую нацыю, павінен у іншым месцы тлумачыць

Ігар Марзалюк. Фота з архіву БЕЛТА

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў, гісторык Ігар Марзалюк расказаў пра работу над першым томам "Гісторыі беларускай дзяржаўнасці". Гэтая кніга стане ідэалагічнай асновай для вывучэння гісторыі ў школах і ўніверсітэтах. Выступ Марзалюка адбыўся на адкрытым дыялогу на тэму "Станаўленне і развіццё беларускай дзяржаўнасці" ў Нацыянальнай бібліятэцы, піша nn.by. Арганізатарам мерапрыемства выступіў БРСМ.

Гісторык падкрэсліў, што беларусы з'яўляюцца не недаспелай, а нармальнай нацыяй у шэрагу іншых. "Нацыя — гэта прадукт эпохі Асветніцтва. Першая фаза ранненацыянальнага будаўніцтва пачынаецца ў эпоху Рэнесансу, але росквіт — гэта канец XVIII — XIX стагоддзе. У гэтым плане мы не недаспелыя, не пераспелыя — мы нармальныя", — запэўніў гісторык. 

Ён заклікаў актывістаў БРСМ пераходзіць на беларускую мову: "Вы, бачу, надзелі вышыванкі, але вы мусіце надзець мову сэрца яшчэ і на свае вусны". 

Напрыканцы сваёй прамовы Марзалюк заклікаў беларусаў аб'яднацца, не зважаючы на палітычныя прыхільнасці: "І не трэба тут халоднай вайны, Беларусь адна — яна можа быць рознай па палітычных поглядах. Калі параўнаць з сімваламі веры, то сімвалы нашай нацыі — гэта гісторыя, павага да нацыі, павага сваёй дзяржавы. Усялякі, хто адмаўляе факт існавання беларускай нацыі і культуры, — ён па-за канстытуцыйным перыметрам, ён павінен тлумачыць у іншых месцах чаму".