Вы тут

Марозіва з васількамі знікла праз "Жыве Беларусь"? Вытворца кажа, што не

Марозіва з валошкамі / symbal.by

Марозіва з васількамі і насеннем лёну, якое заўважылі ў продажы яшчэ 13 траўня, перастаюць пастаўляць у краму symbal.by. Акрамя васількоў, асаблівасцю была ўпакоўка са слоўнікам беларуска-англійскіх фраз, сярод якіх была "Жыве Беларусь". Няўжо продаж дэсерту забаранілі? Альбо ў вытворцы ўзніклі чыста тэхнічныя праблемы?

Павел Белавус распавёў Еўрарадыё, што ў пятніцу будзе апошняя пастаўка марозіва з васількамі для symbal.by:

“У пятніцу будзе апошняя пастаўка валошкавага марозіва “Белы Полюс”. Гандлёвы прадстаўнік кажа, што менавіта гэтага марозіва не будзе тыдзень, а можа, і больш, а першая партыя ўся ўжо развезеная па крамах. І, хутчэй за ўсё, не проста так, а праз надпіс на ўпакоўцы "Жыве Беларусь!". Калі яно і з'явіцца зноў, то ўжо без яго. Ведаю, што дызайн пакунка быў узгоднены і зацверджаны ў Мінгандлю, да яго не было нараканняў".

Марозіва выпускае ў Гомелі вытворца "Інгман марозіва". Кіраўнік іх маркетынгавага аддзела Максім Журовіч распавёў Еўрарадыё, што прычына прыпынення паставак — недахоп дэсерту:

"Мы не чакалі такога ажыятажу. Гэта быў лімітаваны выпуск, тым больш зараз май — яшчэ ў нас не сезон. А ў выніку прадалі каля 10 тон. З-за асаблівасці рэцэптуры мы не можам аператыўна вырабіць новую партыю марожанага і таму вырашылі, што рэшткі будуць пераразмеркаваны паміж буйнымі крамамі і сеткамі".

Што тычыцца ўпакоўкі, то Максім Журовіч пацвердзіў, што яна будзе мяняцца, але гэта задумвалася першапачаткова — у рамках праграмы па прасоўванні марозіва:

"Мы першапачаткова планавалі, што будзе некалькі варыянтаў упакоўкі з рознымі фразамі. Новыя партыі будуць з новымі фразамі. У любым выпадку гэта планавалася загадзя, каб падтрымліваць цікавасць у пакупнікоў".

На пытанне пра будучыню фразы "Жыве Беларусь" на ўпакоўцы прадстаўнік кампаніі патлумачыў:

"Не ведаю наконт гэтай фразы дакладна. Упакоўкі і размоўнік будзе мяняцца. Якія менавіта фразы будуць у новых партый, я сказаць не магу".