Марк Зэльцэр: "Брата адправілі ў Беларусь, каб ён там знік"

За некалькі гадзін да прылёту Эмануіла Зэльцэра ў Злучаныя Штаты Амерыкі Еўрарадыё ўзяло эксклюзіўнае інтэрв’ю ў брата цяпер ўжо былога вязня беларускай турмы Марка Зэльцэра. Еўрарадыё: “Цягам таго часу, пакуль Эмануіл знаходзіўся ў беларускай турме, ці была ў вас магчымасць падтрымліваць з ім сувязь?”

Марк Зэльцэр: “Ніякай. Дазваляюцца тэлефанаванні, але яны нам запазычылі калі 30 тэлефанаванняў, бо ніводнага тэлефанавання нам не дазволілі. Я прасіў, звяртаўся з гэтай нагоды ў беларускую амбасаду ў Вашынгтоне — і без адказу”.

Еўрарадыё: “Калі вы даведаліся пра тое, што Эмануіл збіраецца аб’явіць галадоўку, ці не баяліся вы, што гэта можа дрэнна паўплываць на стан яго здароўя?”

Марк Зэльцэр: “Я пра гэта даведаўся ўжо пасля таго, як ён аб’явіў галадоўку. Вы разумееце, калі чалавек нармальна жыве і, смачна павячэраўшы, вырашае аб’явіць галадоўку — гэта адно. А калі ён 15 месяцаў правёў у калоніі і цягам гэтага часу не меў магчымасці атрымліваць ніводнай таблеткі з тых, якія ён атрымліваў на працягу апошніх 15 гадоў, і ён аб’яўляе галадоўку — гэта жудасная рэч”.

Еўрарадыё: “Турэмныя дактары, якія рабілі медыцынскі агляд Эмануіла, прызналі, што ў яго ёсць пэўныя захворванні, але ў прынцыпе стан яго здароўя “задавальняльны”. Што вы на гэтае заключэнне маглі б адказаць?”

Марк Зэльцэр: “Я бачыў іх заключэнне аб стане яго здароўя. Гэта вельмі смешнае заключэнне. Там апісваюцца 24 захворванні, якія яны, беларускія дактары, у яго знайшлі. Я перадаў гэтае заключэнне амерыканскім дактарам, і яны сказалі, што любыя два з гэтых захворванняў разам азначаюць, што ён поўны інвалід. Яны сумленна знайшлі і апісалі ўсе яго захворванні, нават тыя, пра якія дактары тут не ведалі, што яны ў яго ёсць, а потым напісалі, што лячыць яго змогуць у сваім лазарэце ў калоніі!”

Еўрарадыё:
“Ці ёсць у вас нейкая інфармацыя наконт таго, якім чынам Эмануіл апынуўся ў Беларусі? Бо кажуць, што ніякіх інтарэсаў у яго тут не было.”

Марк Зэльцэр: “Абсалютна ніякіх інтарэсаў не было! Яго кліентам быў багаты бізнэсмен з Грузіі Бадры Патаркацышвілі. І як заявіў Беразоўскі, які і адправіў Эмануіла туды (у Беларусь — ЕРБ), што ў Бадры была там ўласнасць. Нават казалі, што гэтая ўласнасць — нафтаперапрацоўчы завод. Гэта поўная мана, бо праверылі і высветлілі, што ўсе такія заводы на 100 адсоткаў належаць дзяржаве і ніякага прыватнага капіталу няма. Па-другое, суды ўсяго свету, якія займаліся пытаннем уласнасці Бадры Патаркацышвілі, дакладна ўказваюць на месцы, дзе ў яго ёсць уласнасць. Беларусі там няма. Пра гэта кажа толькі Беразоўскі, які з’яўляецца часткай той групы, якая кажа, што гэтыя грошы — яго. Арэол мільярдаў долараў змяняе сітуацыю: звычайныя чалавечыя законы там не дзейнічаюць, калі ідзе гаворка аб такой колькасці нулёў”.

Еўрарадыё:
“І як жа, на ваш погляд, ён тады мог апынуцца ў Беларусі? Што яго магло туды прывесці?”

Даведка ЕРБ:

Паводле афіцыйнай версіі Эмануіл Зэльцэр быў затрыманы па прылёце ў Мінск разам са сваім сакратаром Уладленай Функ 12 сакавіка 2008 года. 11 жніўня за выкарыстанне заведама ілжывых дакументаў і замах на камерцыйны шпіянаж Зэльцэр быў прысуджаны да трох гадоў пазбаўлення волі, Функ — да аднаго. 31 кастрычніка Вярхоўны суд Беларусі пакінуў прысуд у сіле. Грамадзяніну ЗША таксама інкрымінавалася кантрабанда наркотыкаў, аднак суд апраўдаў яго, не прызнаўшы наркотыкамі таблеткі, якія ён прымаў цягам 15 гадоў. Усе судовыя працэсы прайшлі ў закрытым рэжыме. Сваёй віны ні Зэльцэр, ні Функ не прызналі.


Марк Зэльцэр: “Мы пра гэта раней асабліва не казалі, не хацелі рабіць абуральных  заяў. Дзярждэпартамент нам заўсёды казаў: “Мы на шляху да вызвалення і не трэба рабіць такіх выступаў, якія могуць прывесці да незваротных вынікаў”. Паводле маіх звестках і паводле слоў Владлены Функ, якая, як вы ведаеце, таксама была арыштавана, а потым цудам выйшла на свабоду, іх даставілі самалётам Беразоўскага ў Мінск. Не па іх волі. І што яны былі арыштаваныя, нават не ступіўшы на зямлю Беларусі. Зайшлі людзі ў самалёт і іх арыштавалі і павезлі ў турму КДБ. А раніцай таго дня, калі іх вывезлі ў Беларусь, я з ёй размаўляў. Яна сакратар майго брата, і з ім я размаўляў — яны збіраліся вечарам вылятаць у Маямі. І прасілі, каб я іх сустрэў у аэрапорце. У іх дзённіку Беларусь не значылася”.

Еўрарадыё:
“Зыходзячы з гэтага, можна казаць пра сувязь Беразоўскага, які аб’яўлены ў вышук Інтэрполам, і вышэйшага беларускага кіраўніцтва?”

Марк Зэльцэр: “Гэта абсалютна дакладна. Да таго ж Беразоўскі, які знаходзіцца ў спісах Інтэрпола, і Дубаў, былі сведкамі абвінавачвання і выступалі ў судзе ў Мінску. Замест таго, каб іх неадкладна арыштаваць і выдаць Расіі, брацкая Беларусь прымала іх як герояў. Больш за тое, у будынку суда яго суправаджаў ахоўнік са зброяй. І калі Гарачка, адвакат Эмануіла, пратэставаў супраць уваходу ў будынак узброенага чалавека, суддзя сказаў: “Гэта прыватная ахова прэзідэнта”.

Еўрарадыё: “Што вам адказвалі ўлады ЗША, у Дзярждэпартаменце, у адміністрацыі Буша і Абамы, калі вы туды звярталіся па дапамогу ў вызваленні брата? Ці абяцалі яны рэальную дапамогу?”

Марк Зэльцэр: “Дапамога была. Калі б яе не было, ён бы там прапаў. Увогуле ён выйшаў на волю не таму, што гэта Лукашэнка яго вызваліў — яго вызвалілі журналісты. Такія, як вы. Якія маюць пачуццё справядлівасці і сумленне. Яго вызвалілі незалежныя журналісты, амерыканскі ўрад, Дзярждэпартамент і Кангрэс. Яго вызвалілі пад ціскам, інакш бы ён там і прапаў. Ад самага пачатку амерыканцы патрабавалі яго вызвалення. І тут ёсць адна рэч, якую не ўсе людзі разумеюць. Кажуць: “Ён жа палітычны закладнік: чаму амерыканцы патрабуюць вызвалення яго на гуманітарных падставах?” Гэта спецыфіка амерыканскага Дзярждэпартамента. Дзярждэпартамент не ўмешваецца ў юрыдычныя справы. Суд прайшоў. Амерыканскі дэпартамент кажа: “У нас няма падстаў лічыць, што суд быў справядлівы, бо ён быў закрыты, але мы не можам у гэта ўмешвацца”. І таму яны ва ўсіх такіх выпадках просяць вызваліць на гуманітарных падставах. Просяць зрабіць жэст добрай волі. Але калі б не было сістэматычнага ціску амерыканскага ўрада, прэзідэнтаў папярэдняга і сённяшняга — Эмануіл бы прапаў”.

Еўрарадыё: “Кажуць, што Лукашэнка выкарыстаў вашага брата ў гандлі з ЗША — каб наладзіць з краінай стасункі, дабіцца нейкіх паслабленняў. Нават ужо паспеў запатрабаваць, каб “Акт аб дэмакратыі ў Беларусі” быў скасаваны. Для вас мае нейкае значэнне тое, што Эмануіла вызвалілі ў выніку такога гандлю?”

Марк Зэльцэр: “Галоўнае, што вызвалілі. Мне ўсё адно, па якіх прычынах. Але дыктатары нічога іншага і не могуць. Яны захопліваюць чалавека, а потым пачынаюць ім гандляваць. Тое ж самае было, безумоўна, і тут. Але я не магу сабе ўявіць, што амерыканскі ўрад пойдзе на тое, каб абяцаць нешта за закладніка. Бо заўтра такіх закладнікаў стане 10. І я не думаю, што амерыканскі ўрад пойдзе на нейкія саступкі ў гэтым пытанні. Але існуе свет палітыкі. Беларусь — гэта вельмі важнае месца, цэнтр Еўропы, праз яе праходзяць газавыя шляхі. Гэта не мая кампетэнцыя, але я разумею амерыканскі ўрад, які, з аднаго боку, хоча вызваліць закладніка, а з другога — існуюць жа сур’ёзныя сусветныя палітычныя праблемы. Але я не магу сабе ўявіць, што было заключана нейкае пагадненне: “Вызваліце, а мы вам зробім нейкую палёгку”. Хаця і не магу гарантаваць, што такога не магло быць. Ведаю толькі, што амерыканскі ўрад і асабліва найфенаменальны чалавек Джонатан Мур, чалавек незвычайнага розуму і надзвычайных прафесійных ведаў, які як ніхто іншы ведае Беларусь, зрабілі вельмі шмат. Муру, я лічу, мы абавязаныя жыццём Эмануіла”.

Еўрарадыё:
“Спрабуючы вызваліць брата, вы патрацілі штосьці каля мільёна долараў...”

Марк Зэльцэр: “Вельмі блізка да гэтай сумы. Я сам даволі вядомы музыкант і ў мяне ёсць пэўныя кантакты, але гэтай сітуацыяй павінны былі прафесіяналы займацца. Людзі, якія маюць падыход да Сената, якія могуць арганізаваць сустрэчу ў Сенаце: не проста напісаць ліст сенатару, а патлумачыць асабіста — гэта ўсё прафесіяналы, адвакаты, людзі вельмі дарагія. І гэта каштавала вельмі шмат грошай”.

Еўрарадыё: “Ці разумелі вы, што траціць грошы на тое, каб дамовіцца з Беларуссю на юрыдычнай падставе, будзе мець мала плёну?”

Марк Зэльцэр: “Я абсалютна разумеў, што падыходзіць толькі з юрыдычнага пункту гледжання — няправільна. Але ж мне трэба было ўпэўніваць не толькі Беларусь, а і ўвесь астатні цывілізаваны свет. І ва ўсім свеце — Еўропе і Амерыцы — мне трэба было паказаць юрыдычныя падставы патрабавання вызвалення брата, несправядлівасць суда. Трэба было падрыхтаваць сур’ёзную паперу ў Арганізацыю аб’яднаных нацый. Зразумела, што Лукашэнка не рэагаваў на ўсё гэта, але ўвесь час не рэагаваць было нельга. І як факт — ён павінен быў прыняць гэтае рашэнне, якое, відаць, не вельмі і збіраўся рабіць. А нам трэба было ўпэўніць людзей Амерыкі і Еўропы, што ён (Эмануіл — ЕРБ) не злачынца. Што чалавек, які ніколі не ступаў на тэрыторыю Беларусі, не можа быць шпіёнам, не можа быць замяшаны ў індустрыяльным і любым іншым шпіянажы. Якім чынам ён мог шпіёніць, калі яго адразу з самалёта забралі ў КДБ?! Трэба было патлумачыць людзям, трэба было патлумачыць журналістам, трэба было тлумачыць у Кангрэсе”.

Еўрарадыё:
“Ужо зразумела, што за ўсёй гісторыяй з Эмануілам стаіць паляванне за грашыма Бадры Патаркацышвілі, у якога ваш брат быў адвакатам. Галоўным паляўнічым вы самі называеце Барыса Беразоўскага. Не баіцеся, што паляванне за грашыма працягнецца і Эмануіл па-ранейшаму будзе ў небяспецы?”

Марк Зэльцэр: “Вы задалі вельмі-вельмі правільнае пытанне. Вось, зараз ён выйшаў на свабоду — ці будзе ён далей змагацца? Я не ведаю. Я з ім яшчэ не размаўляў, ён яшчэ не прыляцеў. Але ён вялікі і сур’ёзны адвакат. Будзе ён працягваць займацца гэтай справай альбо не — не ведаю. Разумееце, Бадры пакінуў запавет, ён пакінуў грошы сваёй сям’і: па 25 адсоткаў адной жонцы, іншай, дзецям — па 5, па 10 адсоткаў і гэтак далей. У гэтым запавеце, натуральна, няма ні Беразоўскага, ні Эмануіла, ні Джозэфа Кея — нікому з іх ён нічога не пакідаў. Мой брат займаўся гэтай справай таму, што гэта быў яго кліент апошнія 14 гадоў. І з-за гэтага пацярпеў: Беразоўскі вырашыў, што палова грошай, калі не ўсе, яго. Я нікога з іх не ведаў: ні Бадры, ні Беразоўскага, ні Кея. Яны ўсе змагаюцца за нейкія вар’яцкія грошы. Мне трэба, каб з братам было нармальна. Маё меркаванне такое і мая парада яму была б такая: не думаць пра мінулае, закрыць гэтую главу і пачаць думаць пра будучыню. І не займацца больш гэтымі рэчамі. Мы ведаем пра здарэнне ў Беларусі — у ім не было ніякай юрыдычнай падаплёкі.

Тое ж самае і з Беразоўскім. Што там можна вырашыць юрыдычна? Яму нешта не падабаецца — ён адурманьвае, саджае ў самалёт і накіроўвае да свайго сябра ў Беларусь. Каб там людзі зніклі. А наступны раз будзе куля ў чэрапе. Калі я не магу змагацца з чалавекам сваімі ўласнымі сіламі, калі ён выступае, як казаў мой прафесар маскоўскай кансерваторыі, у іншай вагавай катэгорыі, то што ж я магу зрабіць? Я не забойца, я не крымінальнік, я страляць у яго не буду. А ён можа! Дык гэта ж не роўныя сілы! Тут павінны быць замяшаныя праваахоўныя органы Расіі, Англіі, якая хоча яго (Беразоўскага — ЕРБ.) трымаць у сябе, Беларусі, якая павінна была яго выдаць. Але гэта вырашаць майму брату, а не мне. Але я яму буду раіць не звязвацца”.

Еўрарадыё: “Чым вы будзеце займацца пасля таго, як сустрэнеце брата і адвязеце яго дахаты?”

Марк Зэльцэр: “Я займаўся гэтай справай 15 месяцаў і хачу зараз адпачыць. Не тое, што я паеду ў адпачынак у Беларусь, але збіраюся крыху адпачыць”.

Фота: http://naviny.by/

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі