Вы тут

Mark Formelle пра “Кино”: Гэта ж мастацтва, фактычна — грамадскі здабытак!

markformelle.by

Пры стварэнні калекцыі “Кино” Mark Formelle "выканала неабходныя юрыдычныя працэдуры па захаванні аўтарскіх правоў". Пра гэта гаворыцца ў афіцыйным адказе кампаніі на запыт Еўрарадыё пра тое, ці ўзгадніла MF выпуск адзення з выявай Віктара Цоя і цытатамі з яго песень з правалаўдальнікамі.

MF: “Што ж тычыцца прэтэнзій, якія ўзніклі да калекцыі, дык мы даведаліся пра іх толькі са СМІ. На сувязь з нашай кампаніяй, за выключэннем журналістаў, ніхто не выходзіў. У выпадку, калі да нас звернуцца па любых падставах, уключаючы пытанні захавання аўтарскага права, мы заўсёды адкрытыя да дыялогу”.

З адказа, які атрымала Еўрарадыё, не вынікае, што кампанія Mark Formelle заключыла  дамову на выкарыстанне выяваў Віктара Цоя і радкоў з песень гурта "Кино" з уладальнікамі правоў па іх. Але не вынікае і адваротнага.

Таксама ў адказе паведамляецца, што кампанія Mark Formelle выпускае ў сярэднім тры калекцыі ў тыдзень — каля 5000 дызайнерскіх работ за год. І гаворка ідзе не толькі пра ўласныя распрацоўкі, але і пра выпуск ліцэнзійных прадуктаў.

MF: “Так, на дадзены момант у нас заключаныя ліцэнзійныя пагадненні з Love is, Universal Pictures. А з Аргкамітэтам Еўрапейскіх гульняў у Мінску знаходзімся ў працэсе падпісання кантракта. Мы працуем у калабарацыі з вядомымі беларускімі і замежнымі дызайнерамі і мастакамі. І, паверце, ведаем, што такое захаванне аўтарскіх правоў”.

markformelle.by

Калекцыю з выявай Цоя і цытамі з песень гурта “Кино” MF выпусціла на пачатку года. У адказе на запыт кампанія дадае, што калекцыя патрэбная для таго, каб нагадаць моладзі, чым жылі іх бацькі: “Гэта ж мастацтва, фактычна — грамадскі здабытак!”. Днямі карыстальнікі інтэрнэта задаліся пытаннем, ці не былі пры гэтым парушаныя аўтарскія правы.

Еўрарадыё звязалася з бацькам Віктара Цоя, праваўладальнікам песень музыканта. Роберт Цой сказаў, што Mark Formelle не звярталася да яго па дазвол друкаваць партрэт сына на адзенні.

У “Першым музычным выдавецтве”, якое прадстаўляе інтарэсы нашчадкаў Віктара Цоя, паведамілі, што беларуская кампанія вяла з імі перамовы, але здзелка не была завершаная. Цяпер юрысты выдавецтва рыхтуюць прэтэнзію да беларускага брэнда.