Маргарыта Герасімовіч: “На “Фабрыцы зорак 7” я буду нефарматам" (песня тут)

Як даведалася “Еўрарадые”, сярод удзельнікаў “Фабрыкі зорак 7” будзе мінчанка Маргарыта Герасімовіч. Мы адшукалі ў Мінску сямнаццацігадовую Маргарыту. Дарэчы, гэта было вельмі няпроста. Куды толькі ні звярталіся! Але з “музычных” людзей Беларусі ніхто дапамагчы так і не змог. Ні Аляксандр Ціхановіч, ні Васіль Раінчык, ні Міхаіл Фінберг ніколі не чулі пра такую дзяўчынку. — Віншуем, Маргарыта! Вы, напэўна, зараз на сёмым небе ад шчасця?

— Насамрэч яшчэ рана віншаваць. Нас засталося 23 чалавекі, а з іх выбяруць толькі 16. Таму толькі 10 жніўня я даведаюся, ці ўвайшла ў асноўны склад альбо ў запасны.

— Нам было вельмі складана вас адшукаць. Да каго мы толькі ні звярталіся, але ніхто пра вас не чуў. Дзе вы хаваліся ўвесь гэты час?

— Я скончыла першую музычную школу. Потым прайшла цудоўны хор “Тоніка” Уладзіміра Кандука. Пасля займалася ў студыі эстраднага вакалу “Фортэ”. Дый наогул з гадоў 11 сама пісала песні. То бок я на “Фабрыку” іду ў першую чаргу як кампазітар. Я ўзяла дыплом першай ступені ў восьмым гарадскім фестывалі “Белая Русь”. Потым я выйграла ў дзвюх намінацыях у конкурсе “Новыя імёны” — прызнанне гледачоў і лепшы шоў-нумар.

— На сайце ОРТ мы праслухалі кавалак вашай песні (кавалак з гэтай песні прымацаваны да інтэрв’ю). Можа, і да яе вы музыку напісалі самі?

— Так, і музыку, і словы. Дый аранжыроўку я ў вялікай ступені сама рабіла. Але, той запіс пробны, рабіўся дома. Ён будзе больш “цяжкім”, я думаю.

— Шчыра кажучы, нічога падобнага да вас на папярэдніх “фабрыках” мы не слухалі. Як жа такі “нефармат” вырашыў паспрабаваць сябе ў такім праекце?

— Напэўна, я прайшла з-за таго, што журы, камісія і псіхолагі ўбачылі ўва мне тое, чаго не было ні на адной з папярэдніх “Фабрык”. На на адной з “Фабрык” не было дзяўчыны, якая сама піша песні і спявае ў такім альтэрнатыўным стылі. Таму я ім спадабалася. Яны сказалі, што я такое дзіва і такога не было.

У асноўным я слухаю некамерцыйныя гурты — напрыклад, Agnostic front. Але тая музыка, якую я хачу рабіць на “Фабрыцы”, павінна быць хоць крыху мейнстрымавая (мейнстрым — пануючыя, агульнапрынятыя пункты погляду. – Рэд.), каб людзі яе слухалі і яе можна было аддаць на тое ж радыё. Таму я буду старацца рабіць што-небудзь кшталту поп-панка ці глэм-року. Але ў кожным разе гэта не будзе салодкаю папсою — я не з такімі мэтамі збіраюся на “Фабрыку”.

— А ці глядзелі вы папярэднія “Фабрыкі зорак”?

— Так. Мне падаецца, я ўсе глядзела.

— Вы ж, напэўна, недзе яшчэ вучыцеся? І не хвалюцеся, што могуць узнікнуць праблемы з прагуламі?

— Так, вучуся ў 11-м класе. Ведаеце, гэта апошняе, што мяне будзе хваляваць. Я ўжо дамовілася -- і ўсё будзе добра. Буду кожныя тры месяцы прыязждаць у Мінск і здаваць іспыты. Мяне школа падтрымала, у нас вельмі добры дырэктар. Усе дапамагаюць.

— А вы ўжо вырашылі, куды пойдзеце пасля школы?

— Калі ўсё атрымаецца з “Фабрыкай”, я буду паступаць у Маскве на рэжысуру ва ВГИК (Усерасійскі дзяржаўны інстыту кінематаграфіі).

— А як вашыя бацькі ставяцца да таго, што ў хуткім часе вы можаце ад іх пераехаць?

— Дапамагаюць мне, таму з гэтым у мяне праблемаў няма.

— Магчыма, вам ужо давялося пабачыць каго са сваіх магчымых “будучых паплечнікаў”? Можа, нават вы з кім пасябравалі?

— Канешне, пасябравала. Чалавек шэсць хутчэй за ўсё зацвердзілі. І з пяцю з гэтых шасці я ўжо вельмі добра сябрую.

— І як яны вам?

— Усе вельмі добрыя. Спачатку мне шмат хто не спадабаўся. Але сёння, калі б мне прапанавалі прыбраць каго-небудзь і паставіць сябе на іх месца, я б нават задумалася. Яны ўсё яскравыя, незвычайныя. Напрыклад, у мяне ўжо з’явіўся сябар Ягор Івашчанка: ён прыехаў з Камунара, яму не было дзе жыць, ён ледзь не на вакзале спаў, але ён адстаяў чаргу і прайшоў. Хлопец настолькі незвычайны, такі фрыкавы.

Траім я нават ужо напісала песні. Там будзе хлопец Віталь Чырва з Кіева, ён зараз уваходзіць у склад кандыдатаў. Таксама дзяўчыне Нарыне з Масквы. Ёй я напісала песню ў стылі R&B, я наогул пішу ў розных стылях. Таму я думаю, што калі нават і не траплю, то на выніковых канцэртах будзе гучаць мой матэрыял.….

— Усе мінулыя праекты былі вельмі падобныя. Але гэты, кажуць, будзе адрознівацца. Напрыклад, тым, што сёмым “фабрыкантам” давядзецца самім зарабляць на ежу. Рабіць можна што заўгодна — галоўнае, каб гэта тычылася шоў-бізнесу. А наогул, ці лёгка туды трапіць?

— Шмат хто кажа, што гэта вельмі камерцыйны праект, што ўсё ў ім праплачана. Я на сваёй скуры пераканалася ў тым, што гэта зусім не так. Я таксама б раней ніколі не падумала, што можна стаяць у чарзе 10 гадзінаў, трапіць на “Фабрыку зорак” і не заплаціць пры гэтым ні капейкі. Зараз я ўпэўнілася, што гэта насамрэч так. У Маскву мы паехалі з сябрамі на машыне. Наогул пра кастынг мы даведаліся за тры дні да яго. З 2-х гадзінаў ночы да 12 дня стаялі ў чарзе. 10 гадзінаў адстаялі. Прычым самае смешнае, што ў 2 гадзіны ночы я зарэгістравалася толькі 24-й.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі