Mamanet: “Мы ўспрымаем сваю музыку як інфармацыю, а таксама як вібрацыі"

Першы раз у Беларусь завітаў гурт з Краматорску (Украіна) Mamanet. Юры Разенка, Яўген Міхайлаў, Яраслаў Цыгані і Міко Лантух распавялі пра “мамастайл”, стрыт-джаз, а  таксама іншыя амаль што міфічныя з’явы.

Хто тут?
Тося Кукс: Ахарактарызуйце гурт Mamanet трыма словамі.

Mamanet: Энергічна, моцна, драйвова.

Mamanet: Творчасць ці падабаецца ці не падабаецца. Калі камусьці не падабаецца, то мінусаў можна знайсці купу.

Тося: То бок ні на каго не арыентуецеся?

Mamanet: Не, мы не камплексуем!

Тося: Колькі трэба паслухаць музыку, каб зразумець, якая яна?

Mamanet:  Можна ўвогуле яе не слухаць. Дозы залежаць ад індывідуальных характарыстак арганізма кожнага чалавека. Мы ходзім па музеі: ёсць карціны, што нам падабаюцца, ёсць, што не. Мы нічога не можам змяніць. Я адыходжу ад карціны, што мне не да спадобы.

Тося: Не ўзнікае думкі, што вы проста не разумееце яе?

Mamanet:  Без праблемаў. Я не магу ўсё разумець. Мазгі працуюць толькі на 3%.

Тося: Як вы закахаліся ў музыку, якую вы граеце?

Mamanet:  Чаму закахаліся? Мы яе ненавідзім насамрэч. Мы проста прадажныя пачвары. (смяюцца).

Трошкі гісторыі гурта…

Тося:  Адкуль пайшлі вашыя карані?

Mamanet: Карані пайшлі з такіх вібрацыйных палёў, што я адмаўляюся выдаваць формулы.

Тося:  Як вы адчулі гэтыя палі?

Mamanet: 7 верасня 1982 нарадзіўся я. Міша нарадзіўся 30 снежня  1987 года. Ярык у 1986 годзе. З гэтага ўсё і пачалося. Ведаеш, што самае галоўнае? Я зараз вады нал’ю, але між тым галоўнае ― зразумець, хто ты ёсць насамрэч. Калі знайшоў нешта, што падабаецца людзям і ты адчуваеш ад гэтага радасць. І вось калі гэтыя ўспышкі адбываюцца, ты разумееш, што ты займаешся той самай справай і прыйшоў туды, дзе павінен быць.

Я б усім хацеў пажадаць знайсці сябе ў нейкай галіне. Не трэба рваць азадак дзеля чагосьці, што не можаш зрабіць. Калі ты можаш нешта рабіць добра, напрыклад, шыць кашулі ― шый кашулі, калі гэта прыносіць табе задавальненне і людзі ад гэтага радуюцца. Я не магу шыць кашулі. Калі б мог, я б напэўна кайфаваў бы ад гэтага. Радасць прыносіць справа, якой ты сапраўды хочаш займацца.

Тося: Вы можаце зараз сказаць, што знайшлі справу свайго жыцця?

Mamanet: Так, 100%.

Тося: Калі гэта адчулі?

Mamanet: Даўно! У 1982 годзе.

Што адбываецца ў галовах Mamanet…

Тося:  Чым занятая вашая галава, калі вы выконваеце вашую музыку?

Mamanet:  Я думаў пра тое, каб для кожнага працаваць з поўная аддачай! Але ― лайно! ― у мяне гэта не атрымліваецца. Трэба ўсіх людзей зачапіць ― гэта вельмі цяжка. Можа ў хлопцаў неяк інакш. Я менавіта імкнуся да таго, каб стаяць і граць для ЦЯБЕ і ў той жа час для ўсіх астатніх. Не атрымліваецца, але атрымаецца. Усяму свой час.

Тося: Што вы ведаеце пра музычныя галюцынацыі?

Mamanet: У мяне гэта так адбываецца: я слухаю любую музыку. Часам яна мне так заходзіць, што я, напрыклад, еду ў маршрутцы, слухаю ў плэеры музыку і магу ўявіць сябе на касмічным караблі, ці чалавек маўчыць, а мне здаецца, што ён са мной размаўляе.

Тося: Ці дапамагае гэта выконваць музыку?

Mamanet: Перашкаджае. Я не хачу ніякіх галюцынагенаў. Хачу адчуваць так, як яно ёсць. У любым выпадку мы нічога не прыдумалі і не прыдумаем, таму што ў любым выпадку кола ўжо прыдумалі. Мы займаемся, можна сказаць, інтэрпрэтацыяй ці рэтрансляцыяй таго, што было.

Філасофія Mamanet

Тося: Як вы ставіцеся да інавацыяў? Ці прытрымліваецеся традыцыі?

Mamanet: Якія традыцыі! Вы што! Мы думаем эксперыментамі. Мы адкрытыя да новая музыкі. Гэта не тое, што чалавек пачаў ў 15 гадоў слухаць хэйві метал і ён у 30 гадоў на той жа хвалі. Мы ўвесь час шукаем нешта новае. Мы не насычаемся, ўвесь час ў пошуку.  Сёння рэйв, заўтра які-небудзь драм’энд’бэйсік.

Тося: Гэта значыць, што Маманэт будзе мяняцца?

Mamanet: Адназначна! Другі альбом будзе адназначна не падобны на “Кі-мано”, ці “Кай-мано”, ці “Кімоно”.

Тося: Вы ўяўляеце, ў якім накірунку вы будзеце мяняцца?

Mamanet:  Стрыт-джаз. Гэта будзе хуліганская музыка без нотак кансерваторыі, але з вулічнымі матывамі.

Тося: Што такое “вулічныя музыкі”?

Mamanet: Гэта значыць, што мы не будзем ганяць гамы, даваць стандартныя пасажы. Мы будзем рабіць усё напоперак. Мамастайл і стрытджаз — вось два напрамкі, у якіх мы будзем ісці далей.

Тося: Якія пытанні вас хвалююць?

Mamanet: Пытанні рака, анкалагічныя захворванні. Абсалютна ўсіх. Калі ў нас будзе дастаткова грошай, 90% з іх мы будзем аддаваць на барацьбу з гэтым захворваннем.

Юра:  Мяне хвалюе пытанне, як зрабіць так, каб нашую музыку пачула яшчэ большая колькасць людзей.

Тося: Ці можа быць так, што твая музыка будзе падабацца аднаму чалавеку?

Mamanet: Можа. Як казаў Міша, рабіць музыку для аўдыторыі — гэта ўжо фальш. Спачатку мы ўвогуле на збіраліся граць ніякіх канцэртаў, нічога. Проста ў адзін час распаліся дзве краматорскія групы, мы былі зусім маленькія тады. Мы з Жэнем гралі ў адной групе, а Ярык з Юрам ў іншай. Усё адбылося аднамаментна. Яраслаў патэлефанаваў, кажа: “О, прывітанне!” Мы не знаёмыя абсалютна былі. А я кажу “О, можна-можна”. Паціху пачалі і нікуды не збіраліся. Потым толькі знаёмыя і сябры сказалі, што трэба камусьці паказаць.

“…а мы граем “мамастайл”!”

Mamanet: Дарэчы, мы прыдумалі новы стыль! Калі нас пытаюць, у якім стылі граеце, мы адказваем  “мамастайл”!

Тося: Што за “мамастайл”?

Mamanet: Гэта наш стрыт-джаз.

Тося: Ці можаце ахарактарызаваць “мамастайл” нейкімі словамі?

Mamanet: Вы былі на канцэрце?

Тося: Так, была, безумоўна!

Mamanet: Вось паспрабуйце абляпіць “мамастайл” словамі! Паспрабуйце-паспрабуйце! (смяюцца). Кола не прыдумаеш у любым выпадку. Нот — сем.

Уражанні ад Беларусі…

Тося: Уражанні ад прыезда ў Беларусь?

Mamanet: Супер!СУПЕР!СУПЕР!СУПЕР!Беларусь форэва!

Юра: Хачу зазначыць, што мы не заўсёды так кажам. Гэта можа прагучаць банальна — “Супер!Супер!”. Здараецца, канцэрт падабаецца траім, а аднаму не падабаецца. Сёння падабалася ўсё ўсім. Усё было цудоўна.

Ярык:  Як толькі мы выйшлі з цягніку, у мяне ўжо пачаліся ўражанні ад канцэрта дзякуючы прыёму, гораду, чыстым вуліцам. Дзякуй вам!

Жэня:  Нельга не сказаць пра арганізацыю. Яна супер. Вельмі падобная да арганізацыі ў Кактэбелі — калі  ты прыязджаеш, цябе сустракаюць, рассяляюць. Сёння кожнае нашае слова было сустрэтае ўвагай.

Mamanet: Мы дома, проста сапраўды дома.

Падчас выхаду інтэрв'ю ў эфіры гучала музыка з альмобу Ki-Mono.

Фатаздымкі: Tarantino, Hamster.





Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі