“Маленькі крок на Захад — і нам ужо з ЕС прапануюць мільярды еўра дапамогі"

Еўрарадыё: Незалежныя эксперты падлічылі, што за апошнія 5 гадоў Беларусь атрымала каля 700 мільёнаў долараў замежнай дапамогі з Захаду. Вы, нібы ў працяг, звяртаеце ўвагу на суму, якую наша краіна атрымала з Расіі. Як на фоне ўсходняй “дапамогі” выглядаюць гэтыя заходнія мільёны?

Дзяніс Мельянцоў: Я не рабіў сур’ёзнага даследавання — больш гэта падобна на хуліганскі допіс у блог. Мэта ж была паказаць: тое, колькі Беларусь губляе, не ўступаючы ў Еўрапейскі Саюз, гэта сума, нават паводле грубых падлікаў, адпаведная тым субсідыям, якія ідуць ад нашага ўсходняга суседа. Не, сёння сумы гэтай дапамогі несувымерныя. Бо Беларусь абрала інтэграцыю з Расіяй, і адтуль грашовая плынь ідзе большая. Паводле падлікаў, Расія ў нас уклала 50 мільярдаў долараў — гэта словы Пуціна — за час з 1996 года, калі ў нас пачаліся аб’яднаўчыя працэсы. Ад Еўрасаюза па розных афіцыйных праграмах у Беларусь прыйшло каля 500 мільёнаў з 1991 года. Розніца — у 100 разоў. І тут мы не ўлічваем дапамогу грамадзянскай супольнасці — размова ідзе выключна пра міждзяржаўныя стасункі. Гэта азначае — колькі грошай ідзе беларускаму ўраду ад ЕС у межах праграм, падпісаных з урадам Беларусі. Што да грошай, якія ідуць на беларускі “трэці сектар”, то іх не так лёгка падлічыць — не ўсе фонды выкладваюць дакументы ў свабодны доступ. Але мая задача была паказаць сувымернасць лічбаў.

Еўрарадыё: 500 мільёнаў і 50 мільярдаў долараў — дзе ж тут сувымернасць?!

Дзяніс Мельянцоў: Калі б Беларусь прыняла рашэнне ўступаць у Еўрасаюз і прайшла ўсе гэтыя прыступкі: падпісанне Дамовы аб партнёрстве і супрацоўніцтве, потым аб асацыяцыі, потым стала афіцыйным кандыдатам і ў выніку ўвайшла ў Еўрапейскі Саюз — то тая сума, якую яна магла б атрымаць, вымяральная з той сумай, якую Беларусь атрымала ад Расіі. Да прыкладу, у 2012 годзе мы атрымалі ад Расіі столькі грошай, якія складаюць каля 16% ад усяго беларускага ВУП (валавага ўнутранага прадукту. — заўв. Еўрарадыё). Калі Літва і Латвія ў 2003-2004 гадах уступалі ў ЕС, то яны атрымлівалі ад Еўрасаюза каля 20% ад свайго ВУП. Вось, маёй задачай было паказаць: у нас было б недзе тое на тое.

Еўрарадыё: Такім чынам, калі б мы на пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя абралі шлях на Захад, то сёння атрымлівалі б столькі ж, колькі атрымліваем з Расіі?

Дзяніс Мельянцоў: Прыкладна. Калі нашу сітуацыю экстрапаляваць на краіны Балтыі, як яны ўваходзілі ў Еўрасаюз, то так — гэта сувымерныя сумы дапамогі.

Еўрарадыё: Але ці ёсць розніца паміж расійскімі і еўрасаюзаўскімі грашыма?

Дзяніс Мельянцоў: Безумоўна. Я б не сказаў, што рускія даюць грошы проста так — яны абумоўліваюцца тым, каб Беларусь працягвала інтэграцыю з Расіяй, дэманстравала добрасуседскія стасункі і брала ўдзел ва ўсіх праектах еўразійскай інтэграцыі. І калі Беларусь гэтыя ўмовы не выконвае, то нейкія мінімальныя санкцыі з боку Крамля ідуць, скандалы розныя з гэтага вынікаюць. Тым не менш з грашыма Еўрасаюза ўсё нашмат складаней. Іх грошы абумоўленыя рэформамі. І Еўракамісія, і Палата аўдытараў, і суд Еўрапейскага Саюза вельмі дакладна адсочваюць, якім чынам выконваюцца ўмовы, што былі закладзеныя альбо ў Дамову аб асацыяцыі, альбо ў тыя дамовы, якія падпісваюцца падчас уваходжання краіны ў ЕС. Калі краіна іх не выконвае — ідуць даволі жорсткія санкцыі. Краіна мусіць сплачваць штрафы. Такім чынам, еўрапейскія грошы — не “на пракорм”, як мы атрымліваем ад Расіі, а на рэфармаванне эканомікі. Сэнс субсідый, якія выдзяляюцца краінам-сябрам ЕС, — падцягванне іх да агульнага ўзроўню Еўрасаюза.

Еўрарадыё: З пункту гледжання геапалітыкі і макраэканомікі — чые грошы “смачнейшыя”?

Дзяніс Мельянцоў: Складанае пытанне… Грошы, якія не абумоўленыя нічым, для ўрада краіны нашмат больш смачныя. Гэта — бясплатныя грошы, якія прыходзяць у адказ на тваё абяцанне рабіць тое і тое. Еўрапейскія грошы абумоўленыя вельмі жорстка. І ўрад вымушаны прымаць часта балючыя і непапулярныя меры, каб адаптаваць эканоміку і палітычную сістэму пад вельмі жорсткія стандарты і крытэры. Павінен быць пэўны ўзровень інфляцыі, пэўны ўзровень доўга, і краіна не можа іх перасягаць. Гэта — цяжкія меры. Еўрапейскія грошы аплачваюць працу па адаптацыі краіны, па яе мадэрнізацыі, рэфармаванні. Беларусь жа часцяком параўноўваюць з наркаманам, які падсеў на бясплатныя грошы. Калі такія грошы ёсць, то навошта праводзіць рэформы? Але што рабіць, калі гэтыя грошы скончацца? Зараз беларускі ўрад разважае ў катэгорыях сённяшняга дня і доўгатэрміновых стратэгій — як будаваць эканоміку без расійскага падсілкоўвання — іх няма. І гэта для краіны вельмі дрэнна.

Еўрарадыё: Дапамога Беларусі ад ЕС будзе параўнальнай з сённяшняй дапамогай Расіі нашай краіне тады, калі мы станем сябрам Еўрасаюза. А як выжываць на доўгім шляху да гэтага сяброўства?! У тыя гады, калі расійская дапамога спыніцца, а еўрапейская неабходнага нам ўзроўню яшчэ не дасягне?

Дзяніс Мельянцоў: Не бывае так, што краіна прачнулася і вырашыла цалкам памяняць сваю знешнюю палітыку, арыентацыю — ёсць пэўны пераходны этап. Канешне, ёсць перыяды, калі эканоміцы вельмі цяжка. Тое, як краіны Балтыі перажывалі першую зіму без расійскага газу, — вельмі страшна! Але яны перацярпелі, Еўрасаюз ім вельмі дапамог у пераходзе краіны да рынкавай эканомікі — грошы ім пайшлі ад ЕС адразу, як яны падалі заяўкі на ўступленне ў Еўрасаюз. А ў Беларусь дапамога з ЕС ідзе нават зараз, хоць у нас з ЕС нават не падпісана Дамова аб супрацоўніцтве і партнёрстве. Натуральна, будзе цяжкі перыяд, калі неабходна будзе пераадаптоўваць эканоміку з расійскіх субсідый да еўрапейскіх умоў функцыянавання. Не катастрафічны, але цяжкі перыяд будзе — без яго нікуды.

Еўрарадыё: Калі, да прыкладу, на лістападаўскім саміце “Усходняга партнёрства” ў Вільні беларускі бок заявіць аб жаданні рухацца ў бок Еўрасаюза — як, на ваш погляд, будуць развівацца далейшыя падзеі?

Дзяніс Мельянцоў: У 2008 годзе беларускае кіраўніцтва зрабіла вельмі важны крок на Захад. Тады Лукашэнка фактычна не прызнаў “адваяваныя” ў выніку расійска-грузінскай вайны тэрыторыі і пачаў перыяд лібералізацыі. Адразу ў Беларусь паехалі еўрапейскія эмісары, якія дамаўляліся, у тым ліку, і пра дапамогу беларускай эканоміцы. Хутка падключыўся МВФ. Спатрэбіліся лічаныя дні на тое, каб еўрапейская бюракратыя, еўрапейскія палітыкі падключыліся да працэсу думання — якім чынам Беларусь падтрымаць фінансава, эканамічна ў новай для яе сітуацыі? І гэта была не пераарыентацыя — толькі маленькі крок ад Расіі ў бок ЕС. Калі паварот будзе больш істотны, то і ўзроўні дапамогі будуць зусім іншымі. І ўзровень палітычнай падтрымкі будзе на парадак большы. Але гэта — гіпатэтычныя рэчы…

Еўрарадыё: Мала таго, што грошы і зараз з ЕС у Беларусь ідуць, дык улады яшчэ і атрымліваюць значна большы кавалак, чым грамадзянская супольнасць!

Дзяніс Мельянцоў: У гэтым няма нічога дзіўнага. Дзяржава нясе нашмат большую адказнасць за выкананне праграм, якія ідуць паміж ЕС і Беларуссю. А грамадзянская супольнасць і апазіцыя такой адказнасці не нясуць. Дапамога ішла заўсёды, нават у моманты самых вострых крызісаў паміж нашай краінай і Еўропай. Бо ў Еўрасаюза тут ёсць канкрэтны інтарэс. Каб суседнія дзяржавы мелі стабільныя палітычныя сістэмы і эканомікі, каб мяжа ахоўвалася, навакольнае асяроддзе было ў добрым стане, чарнобыльскія праекты ніколі не перапыняліся. Больш за тое, у 2012-2013 гадах нам прыйшло 20 мільёнаў еўра на… эканамічную мадэрнізацыю. То бок, Еўрасаюз ужо фінансуе эканамічную мадэрнізацыю Беларусі! Бюджэт на два гады “Дыялога па мадэрнізацыі” па заяве еўрапейскіх палітыкаў, складзе 500 тысяч еўра. Атрымліваецца, што грамадзянскай супольнасці на яе размовы па мадэрнізацыі Беларусі ідзе палова мільёна, а дзяржаве паралельна выдзяляецца 20 мільёнаў. А пераарыентацыя Беларусі на Еўропу можа ў фінансавым плане стаць для грамадзянскай супольнасці ўвогуле вельмі негатыўным фактам. Да прыкладу, у Венгрыі, пасля скасавання знешняга фінансавання, грамадзянскую супольнасць фінансаваць вымушаныя былі ўлады — з бюджэту краіны. Каб яна не спыніла свайго існавання. Але тут паўстае іншае пытанне: наколькі гэтыя арганізацыі “недзяржаўныя” і “незалежныя”, калі яны фінансуюцца дзяржавай?

Еўрарадыё: Паглядзяць вашы выкладкі ды пачытаюць наша інтэрв’ю спецыялісты з прэзідэнцкай Адміністрацыі ды Аператыўна-аналітычнага цэнтра ды… Працягніце думку.

Дзяніс Мельянцоў: Я больш чым упэўнены, што такія даследаванні праводзіліся ў дзяржаўных кабінетах задоўга да мяне. Яны ўзважвалі вопыт суседзяў, Польшчы і краін Балтыі, і ўсе гэтыя лічбы ды раскладкі яны цудоўна ведаюць. У беларускім МЗС працуюць добрыя спецыялісты, і яны добра ведаюць, якім чынам адбываецца фінансавая дапамога краінам, якія ўступаюць у Еўрасаюз. Толькі беларуская ўлада мысліць у дадзеным пытанні не катэгорыямі эканомікі і фінансаў, а катэгорыямі улады — паболее ў прэзідэнта і яго каманды ўлады ад таго ці іншага кроку ці паменее? І тут высновы не на карысць еўрапейскай інтэграцыі. Бо, нягледзячы на сувымерныя сумы фінансавай дапамогі, палітычныя рызыкі для дзейснай улады зашкальваюць. Бо трэба будзе не толькі мадэрнізаваць эканоміку і адаптавацца эканамічна — трэба будзе адаптавацца і да ўмоў палітычных. Спачатку трэба будзе ўводзіць элементы дэмакратыі, а потым — сапраўдную дэмакратыю, якая адпавядае патрабаванням Еўрасаюза. А цяперашняя ўлада, якую б гнуткасць яна ні дэманстравала ў 2008-2010 гадах, не гатовая пайсці на такія кардынальныя палітычныя змены. Таму — цалкам магчымае паляпшэнне адносінаў з Еўрасаюзам на ўзроўні падпісання базавых дамоваў, урэгуляванне існуючых вострых палітычных канфліктаў і пабудова нармальных суседскіх стасункаў з ЕС. Хаця б такіх, якія ёсць у Расіі з ЕС. У такім выпадку наша краіна выйграе фінансава. Нават у межах праграмы “Усходняе партнёрства”. Згодна з інфармацыяй, у 2012-2013 гадах у межах гэтай праграмы наша краіна атрымлівае каля 57 мільёнаў еўра. А тая ж Украіна — 470 мільёнаў. Нават у пераліку на колькасць насельніцтва гэта больш, чым атрымлівае Беларусь, і тут ёсць патэнцыял для росту. Нават калі Беларусь проста нармалізуе адносіны — не пераарыентоўваючыся. І палітычныя рызыкі пры такім раскладзе для ўлады будуць мінімальныя. Мяркую, на такі крок беларускія ўлады гатовыя пайсці. Ён адкрывае магчымасці ўдзелу нашай краіны ў шматлікіх фінансава-тэхнічных праграмах. Хаця гэта пакуль яшчэ будуць далёка не тыя грошы, якія зараз Расія ўкладае ў беларускую эканоміку.

Еўрарадыё: Здаецца, так усё проста… А як жа патрабаванне вызвалення палітвязняў?

Дзяніс Мельянцоў: Яно застаецца. Ад выканання гэтай умовы беларускія ўлады нікуды не падзенуцца. Нават калі размова ідзе пра звычайную нармалізацыю суседскіх адносінаў, Еўрасаюз ад гэтага патрабавання не адмовіцца. Інакш ЕС “страціць аблічча”: столькі гадоў патрабавалі — і раптам?! Размова ідзе пра каштоўнасці, адмовіцца ад якіх Еўрасаюз не здольны. І тут ужо пытанне, хто каму больш патрэбны: Беларусі — Еўрапейскі Саюз ці Еўрасаюзу — Беларусь? ЕС без Беларусі пражыве, а вось у Беларусі… цяжкасці.

Еўрарадыё: Якія цяжкасці — атрымліваем ад Расіі штогод бясплатныя грошы ў абмен на абяцанкі і жывём сабе без усялякай “палітычнай рызыкі”?!

Дзяніс Мельянцоў: Тое, што краіна знаходзіцца пад санкцыямі, вельмі негатыўна адбіваецца, у тым ліку, і на інвестыцыйным клімаце. Калі гэтую страчаную выгаду падлічыць, то можна сказаць: ад таго, што Беларусь не мае нармальных стасункаў палітычных з Еўрасаюзам, яна таксама вельмі шмат губляе.

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі