Макей: На наступным саміце мы падпішам пагадненні, пра якія ўсе будуць гаварыць

Макей: На наступным саміце мы падпішам пагадненні, пра якія ўсе будуць гаварыць

Больш за 20 гадоў Беларусь мела складаныя стасункі з Еўропай, і таму нельга спадзявацца, што зараз нашыя адносіны наладзяцца хутка. Менавіта гэтым працяглым перыядам складаных адносінаў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей тлумачыць тое, што мы ніяк не можам падпісаць дамову аб змяншэнні кошту шэнгенскіх віз і выйсці на падпісанне іншых важных пагадненняў. Але хутка ўсё зменіцца. Пра гэта Макей заявіў, адказваючы на пытанне карэспандэнта Еўрарадыё па заканчэнні саміту Усходняга партнёрства ў Бруселі.

Макей: “Наступны саміт будзе праз два гады. І я ўпэўнены, што да Беларусь падыйдзе да гэтага саміту з новым узроўнем супрацоўніцтва з Еўрапейскім саюзам. Я ўпэўнены, што на наступным саміце могуць быць падпісаныя пагадненні, пра якія ўсе будуць гаварыць і якія сапраўды прынясуць карысць і Беларусі, і Еўропе. Не буду варажыць, казаць нешта канкрэтнае пра гэтыя дамоўленасці, але што тычыцца базавага пагаднення і пагаднення аб спрашчэнні візавага рэжыму, то тут скажу адно: мы зацікаўленыя ў тым, каб базавае пагадненне было падпісанае як мага хутчэй. Мы прапаноўвалі гэта даўно і зараз бачым, што ёсць змены ў нашых еўрапейскіх сяброў у падыходах. Гэта пазітыўныя змены. Ёсць гатоўнасць размаўляць на гэтую тэму. Таму мы думаем, што, хоць і цяжка тут нешта прадказваць, мы ўжо ў наступным годзе пачнем працу над распрацоўкай гэтага пагаднення.

Наконт віз — сапраўды, там засталося зусім мала і тэхнічных, і адзін ці два палітычныя моманты, над якім мы працуем. Не хачу распаўсюджвацца на гэтую тэму, але лічу, што мы можам пераадолець гэтыя цяжкасці і выйсці на падпісанне гэтага пагаднення, разам з пагадненнем аб рэадмісіі, у бліжэйшы час”.

Таксама Макей прызнаў, што меў размову з прадстаўнікамі ўкраінскай дэлегацыі наконт лёсу затрыманага КДБ у Беларусі ўкраінскага журналіста Паўла Шаройкі. Праўда, якія вынік гэтага “абмеркавання” ўдакладняць не стаў. Сказаў толькі, што “ўсё добра”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі