Вы тут

Макей: Беларусь падтрымлівае дзеянні Расіі ў Сірыі

Беларусь падтрымлівае дзеянні Расіі ў Сірыі і называе іх адпаведнымі міжнароднаму праву. Пра гэта заявіў беларускі міністр замежных справаў Уладзімір Макей па выніках сумеснага паседжання МЗС Беларус і Расіі ў Маскве.

Па словах Макея, “расійскія сябры вельмі аператыўна праінфармавалі” беларускі бок пра тое, што па просьбе прэзідэнта Сірыі Расія нанясе ўдары па пазіцыях тэрарыстаў у Сірыі. Пры гэтым афіцыйны Мінск здзіўляецца, што Расію не запрасілі далучыцца да міжнароднай кааліцыі па барацьбе з Ісламскай дзяржавай. Макей адзначыў, што тэрарызм уяўляе небяспеку для ўсяго чалавецтва і “нельга дзяліць тэрарыстаў на ўмеркаваных і няўмеркаваных”.

Ваенную аперацыю ў Сірыі Расія пачала 30 верасня. Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін заявіў, што авіяўдары наносяцца па просьбе афіцыйнага Дамаска.

Дзяржсакратар ЗША Джон Кэры адзначыў, што Злучаныя Штаты гатовыя вітаць гэтую аперацыю, калі Расія сапраўды ўдарыць па групоўцы “Ісламская дзяржава”. У Вашынгтоне звяртаюць увагу на тое, што Масква пачала аперацыю да запланаваных кансультацый ваенных ведамстваў, хоць і паведаміла ЗША і НАТА аб сваіх дзеяннях супраць тэрарыстаў.  

Раней кіраўніцтва ЗША назвала дзеянні Расіі небяспечнымі, калі яны робяцца без мірных перамоваў у самой Сірыі, нагадвае БелаПАН.  

Фота: Bymedia