Магілёвец адсудзіў у жыллёвага кааператыва 6 млн рублёў за адключанае святло

Суд Ленінскага раёна Магілёва задаволіў пазоў Сяргея Сцепанаўца. Мужчына патрабаваў кампенсаваць яму маральныя страты ад незаконнага адключэння святла ў яго кватэры супрацоўнікамі жыллёвага кааператыва.

Як стала вядома ў судзе, грамадзянін меў дагавор з кааператывам і спраўна плаціў за электрычнасць. Аднак магілёвец адмаўляўся плаціць адлічэнні на капітальны рамонт і тэхнічнае абслугоўванне дома па вуліцы Жамчужнай, 20А. Таму ў якасці меры ўздзеяння супрацоўнікі кааператыва адключылі святло ў яго кватэры.

Нежаданне плаціць некаторыя выдаткі з “жыроўкі” магілёвец патлумачыў тым, што яны з’яўляюцца незаконнымі і ён не ведае, на што ідуць гэтыя грошы.

Дарэчы, з ініцыятывы Сцепанаўца пачалі крымінальную справу на дырэктара кааператыва. Магілёвец вінаваціць яго ў прысабечванні грошай і іх нямэтавым выкарыстанні.

Фота: mgorod.kz