Магілёўскія актывісты абскардзяць штрафы ў Камітэце ААН

Актывіст партыі БНФ “Адраджэнне” Сяргей Нягацін і намеснік старшыні Свабоднага прафсаюзу Юрый Новікаў лічаць, што рашэнні магілёўскіх судоў былі палітычна матываваныя. Дагэтуль дэмакратычныя актывісты абскарджвалі штрафы ў раённым і абласным судах Магілёва, аднак усё аказалася безвыніковым. Сяргей Нягацін быў аштрафаваны на 3 мільёны рублёў за распаўсюд газеты “Тут і цяпер” на Віленскім рынку горада Магілёва 31 сакавіка 2012 года.

“Я лічу, што Камітэт ААН па правах чалавека – гэта апошняя інстанцыя, дзе можна дабіцца праўды. Я вельмі часта сутыкаюся з самаўпраўствам чыноўнікаў і суддзяў. Нашы людзі дзеляцца на тых, хто мае ўладу і тых, у каго яе няма. Той, хто не ва ўладзе нічога не можа зрабіць, каб даказаць сваю правату”.

У сваю чаргу, Юрый Новікаў адзначае, што яго справа мае ўсе прыкметы палітычнай, бо быў ён аштрафаваны за распаўсюд друкаванай прадукцыі. Сам прафсаюзны актывіст сцвярджае, што нічога не распаўсюджваў, а проста перавозіў рабочыя матэрыялы для назіральнікаў. Яго машыну спынілі супрацоўнікі ДАІ, якія разам з міліцыяй канфіскавалі бюлетэні і метадычныя рэкамендацыі для назіральнікаў:

“Па-першае, наша справа датычыцца выбараў, і нас фактычна хацелі пазбавіць права быць назіральнікамі на іх – у нас канфіскавалі ўсе неабходныя для гэтага матэрыялы. Апроч таго, мяне асудзілі. Скарга скіравана на тое, каб папярэдзіць чыноўнікаў аб парушэнні імі правоў і каб такое надалей больш не паўтаралася. Па-другое, мы прайшлі раённую і абласную судовыя інстанцыі, і я бачу, што тут праўды не дабіцца”.

Праваабаронцы таксама пагаджаюцца з актывістам, што канфіскаваная прадукцыя не з’яўлялася сродкам масавай інфармацыі, а была рабочай дакументацыяй назіральнікаў і прызначалася толькі для ўнутранага карыстання.

Праваабаронца Барыс Бухель перакананы, што Камітэт ААН па правах чалавека задаволіць скаргі мясцовых актывістаў: 

“Верагоднасць таго, што Камітэт ААН па правах чалавека прызнае гэтую скаргу, амаль сто адсоткаў. Дагэтуль, падобныя скаргі ўжо разглядаліся ў Камітэце ААН па правах чалавека і рашэнні па іх былі станоўчыя. Гэтыя скаргі лішні раз нагадаюць нашым уладам, што яны парушаюць правы чалавека. Можа быць, справа зрушыцца з мёртвай кропкі, і ўлады пачнуць звяртаць больш увагі на такія моманты. Аднак, спадзяванняў на гэта мала – усе рашэнні, якія прымаліся ў Камітэце па правах чалавека, Беларуссю ігнаруюцца”.

Фота з сацыяльных сетак

Спецыяльна для праграмы Кардыяграма

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі