Магілёўскі журналіст падаў скаргу ў Камітэт па правах чалавека ААН

Магілёўскі журналіст Аляксандр Буракоў накіраваў скаргу ў Камітэт па правах чалавека ААН на рашэнне суда Ленінскага раёна Магілёва, паводле якога журналісту за працу на замежнае СМІ без акрэдытацыі далі штраф 6 мільёнаў рублёў.

У Беларусі Буракоў прайшоў усе судовыя ўзроўні, аднак рашэнне на яго карысць так і не было вынесенае.

“Саму скаргу досыць складана пісаць, бо там ёсць пэўная форма, якую варта цалкам вытрымаць. Калі яна будзе няправільна запоўненая, яе ніхто не будзе разглядаць. Таму са мной працавалі адразу два праваабаронцы — магілёўскі Барыс Бухель і гомельскі Леанід Судаленка, які спецыялізуецца на скаргах у Камітэт па правах чалавека ААН. Будзе разглядацца толькі адно пытанне — парушаны Пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах ці не парушаны. Дакладней, артыкул 19 гэтага Пакту. Відавочна, што ён парушаны, і я думаю, што калі мы правільна аформілі гэтую заяўку, то рашэнне Камітэта ААН будзе на маю карысць”, — кажа Алесь Буракоў.

Журналіст адзначае, што ён працаваў па законах, аднак атрымалася так, што гэтыя законы ў Беларусі не працуюць. Каб яго не лічылі правапарушальнікам, Буракоў вырашыў напісаць скаргу ў камітэт ААН.

Праўда, рашэнні Камітэта Беларусь часта не выконвае, кажа праваабаронца Леанід Судаленка

“Вядома, што перад тым як звярнуцца ў Камітэт па правах чалавека ААН з індывідуальнаю скаргаю, кожны грамадзянін павінен выкарыстаць усе ўнутраныя сродкі прававой абароны. То бок прайсці ўсе суды, уключаючы Вярхоўны, і толькі потым у яго з’яўляецца права паводле артыкула 61 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь звярнуцца ў Камітэт ААН. Канечне, наша краіна не спяшаецца выконваць свае міжнародныя абавязкі, а наш урад не клапоціцца пра свой імідж на міжнароднай арэне, але калі глядзець з пункту гледжання толькі права то я як праваабаронца кажу, што любая скарга ў Камітэт па правах чалавека ААН — вельмі эфектыўны сродак прававой абароны. Любая краіна выконвае ўсё, што рэкамендуе камітэт”.

Калі ж Камітэт па правах чалавека ААН прызнае парушэнне, дзяржава мусіць кампенсаваць журналісту ўсе выдаткі на суды.

Нагадаем, што 8 кастрычніка 2014 года суд Ленінскага раёна Магілёва па адміністрацыйным артыкуле прызнаў Алеся Буракова вінаватым у незаконным вырабе прадукцыі для замежнага СМІ. Матэрыял быў размешчаны 25 жніўня 2014 года на сайце нямецкага радыё “Deutsche Welle”. За гэта журналіста аштрафавалі на 6 мільёнаў рублёў. А напярэдадні судовага пасяджэння ў яго кватэру, а таксама кватэру яго бацькоў з аглядам уварваліся міліцыянты, якія канфіскавалі на экспертызу чатыры камп’ютары. Пазней усю тэхніку вярнулі.

Cпецыяльна для праграмы Кардыяграмa

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі