Магілёўскі Джым Морысан упершыню выступіў у Мінску

У мінулым траўні музычны сайт ultra-music.com распачаў новы праект – штомесячнае галасаванне, мэта якога – вызначыць лепшую песню Беларусі. Па задуме рэдакцыі, пасля перамогі песня павінна прагучаць жыўцом на канцэрце, удзел у якім бяруць гурты-пераможцы  і іншыя ўдзельнікі чарта. Першая вечарына, якая прайшла на выходных у Графіці, па словах каардынатара сайта Ultra-Music Вячаслава Радзівонава, мае свае плюсы і мінусы.

Вячаслаў Радзівонаў: “Па гуртах, яна вельмі ўдалая, па колькасці людзей – не вельмі. Звычайна, у летні перыяд людзей не шмат, але тут яшчэ супадае з нашымі эканамічна-палітычнымі справамі. Таму ў гэтым плане яна правальная”.

Вячаслаў Радзівонаў

Рабіць канцэрты па выніках галасавання ў бліжэйшыя два летнія месяцы арганізатары не рызыкнуць, аднак восенню яны не толькі збіраюцца аднавіць канцэрты, але і пашырыць іх фармат за кошт вялікай пляцоўкі аднаго з мінскіх клубаў. Толькі на гэтым, інтрыгуе Вячаслаў Радзівонаў, Ultra-Music не спыніцца.

Вячаслаў Радзівонаў: “Мы маем планы нават на зіму. І такія амбітныя, вялікія. Мы хочам гэта зрабіць. І ў нас ёсць думкі запрасіць не толькі беларускіх, але даволі вядомых сусветных музыкаў”.

Па выніках галасавання, пераможцай травеньскага чарта стала песня “Обязанность” магілёўскага гурта “Калачиком рядом”, другі альбом якога - “Холода” выклікаў шквал пазітыўнай крытыкі і цікавасць мінскіх меламанаў. На думку фронтмэна гурта Мікіты Емяльянава, новы склад каманды і яе музыку мінская публіка ўпадабала.

Мікіта Емяльянаў: “Усё прайшло дастаткова паспяхова. Гэты склад граў другі раз. Першы раз вельмі хваляваліся. Другі раз хваляваліся меней. То бок, больш далі, адпаведна, больш атрымалі. Калі мы спадабаемся, а я спадзяюся, што мы спадабаліся, калі будуць клікаць і запрашаць, мы з задавальненнем будзем ездзіць”.

Каманда “Калачиком рядом”, якую сур’ёзныя эксперты ахрысцілі лепшай у плыні рускага року за апошнія некалькі гадоў, у Графіці паўстала ў выглядзе сучаснага камернага аркестра.

Мікіта Емяльянаў: “Мяне цікавіць класічнае гучанне ў перамешку з электронікай і электрагітарай там, дзе яна патрэбная. То бок, мяне цікавіць гітара як элемент аркестра, мяне цікавяць бубны не як бубны, а як набор перкусійных інструментаў, і выкарыстанне ў патрэбны момант і патрэбнай плыні электроннага гучання”.

Мікіта Емяльянаў – матэматык па прафесіі, хоча выхоўваць публіку і сваёй музыкай нагадваць ёй пра класікаў Мусаргскага, Шапэна і іншых. Дарэчы, рускі мелас у песнях “Калачиком рядом” і стаў вынікам любові музыкаў гурта да рускіх кампазітараў.  

Мікіта Емяльянаў: “Я вельмі люблю Мусаргскага, і яго паслядоўніка Андрэя Місіна – ёсць такі рускі кампазітар. Рыта – піяністка, з якой мы займаемся напісаннем партый, таксама любіць менатвіта гэтых кампазітараў. Таму атрымоўваецца рускі напеў. Ну, і я вырас у вёсцы. Чаму там яшчэ гучаць, як не народным песням?”

Падчас сэта “Калачиком рядом” Еўрарадыё падалося, што калі б гурт загучаў без флейты, альта і саксафона, то атрымаўся б сапраўдны Doors, тым больш і знешне і па духу Мікіта Емяльянаў нагадвае Джыма Морысана. Хочацца пажадаць маладой камандзе часцей выбірацца далёка за межы Магілёва, а парталу Ultra-Music знаёміць публіку з цікавымі гуртамі, і, вядома, здзейсніць задуму з фестывалем.

P.S. Апроч “Калачиком рядом” у канцэрце бралі ўдзел гурты Monkey Bite і Green Fence Band.

Monkey Bite

Green Fence Band

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі