Вы тут

Лыжка мёду: секс — па тэлевізары, а прыбаўленне ў кітайскіх сем'ях

Лыжка мёду на Еўрарадыё

Пакуль у Нью-Ёрку здымаецца працяг серыяла "Секс у вялікім горадзе", у Кітаі адмяняюць палітыку "адна сям'я — двое дзяцей". Як выглядае вясельная сукенка з 1500 ахоўных масак і гіганцкая медуза велічынёй з лабрадора? Пра гэта і не толькі ў аглядзе самых добрых, смешных, а часам абсурдных навін на Еўрарадыё.

 

Кітайскім сем'ям дазволілі заводзіць траіх дзяцей

У Кітаі адмянілі палітыку "адна сям'я — двое дзяцей". Цяпер бацькам можна заводзіць траіх дзяцей.

Паводле звестак агенцтва "Сіньхуа", такое рашэнне ўладаў дапаможа разабрацца з дэмаграфічнымі праблемамі, звязанымі са старэннем насельніцтва.

Паводле папярэдняй інфармацыі, спачатку абмежаванні будуць знятыя ў правінцыях з найбольш нізкім узроўнем нараджальнасці, а пазней закон набудзе моц на агульнанацыянальным узроўні. Улады краіны абяцаюць падтрымліваць шматдзетныя сем'і, "якія будуць спрыяць паляпшэнню структуры насельніцтва краіны".

Дзеці ў Кітаі / AP Photo / Muhammed Muheisen

У Піцеры адкрыецца кавярня, дзе будуць працаваць бяздомныя

Дабрачынная арганізацыя "Начлежка" адкрые ў Пецярбургу сацыяльную кавярню. Яе работнікамі стануць бяздомныя з рэабілітацыйных прытулкаў.

"3 гады я хацеў гэты допіс напісаць. З тых часоў, як убачыў у Оксфардзе і Лондане кавярні, у якіх працуюць былыя бяздомныя. Так, "Начлежка" адкрывае такую ў Пецярбургу. Гэта называецца транзітнае працаўладкаванне",піша ў сваім фэйсбуку кіраўнік арганізацыі Рыгор Свердлін.

Былыя бяздомныя на працягу 3-4 месяцаў будуць праходзіць стажыроўку: займацца закупкамі, працаваць афіцыянтамі або памочнікамі кухара. Атрымаўшы досвед працы, яны змогуць уладкавацца ў іншыя ўстановы, а на іх месца прыйдуць новыя стажоры.

Свердлін лічыць, што дзякуючы такому праекту 15–20 чалавек у год асвояць новую прафесію і вернуцца да нармальнага жыцця.

У кавярні / Рыгор Свердлін

У Шатландыі знайшлі гіганцкую медузу памерам з лабрадора

Шпацыруючы з двума лабрадорамі па пляжы Эйр у шатландскай акрузе Саўт-Эршыр, жанчына заўважыла на пяску гіганцкую медузу.

На фатаграфіі відаць, што "пачвара" большая за сабаку.

Хутчэй за ўсё, яна адносіцца да віду Rhizostoma pulmo, які лічыцца самым буйным відам медуз у Вялікабрытаніі.

Гіганцкая медуза і сабака / Teamdogs.co.uk

У Вялікабрытаніі пашылі вясельную сукенку з 1500 ахоўных масак

У гонар паслаблення абмежаванняў, уведзеных праз пандэмію каранавіруса ў Вялікабрытаніі, дызайнер прадставіў шлюбную сукенку, пашытую з 1500 медыцынскіх масак. Сродкі на яе вылучыла вясельнае агенцтва Hitched у знак таго, што можна вяртацца да працы.

Вядома, што з 19 ліпеня ў краіне адмянілі амаль усе меры засцярогі: жыхарам дазволена хадзіць без індывідуальных сродкаў аховы, а таксама збірацца вялікімі групамі.

Вясельная сукенка з масак / @tom_silverwood_design

У Нью-Ёрку здымаюць працяг серыяла "Секс у вялікім горадзе"

Праз месяцы падрыхтоўкі ў Нью-Ёрку запусцілі здымку працягу серыяла "Секс у вялікім горадзе". Сара Джэсіка Паркер (Кэры) падзялілася з падпісчыкамі ў інстаграме кадрам са здымкі. На фота яна адлюстраваная з Сінтыяй Ніксан і Крысцін Дэвіс (Мірандай і Шарлотай).

Па сюжэце героі Сары Джэсікі Паркер і Крыса Нота (Містэр Біг) будуць дзяліць сумесна нажытую на Манхэтэне маёмасць. Кэры стане зноў адзінокай, але ў працягу яна ўжо вылівае душу не ў газетнай калонцы, а ў падкасце пра адносіны.

Сінтыя Ніксан, Сара Джэсіка Паркер, Крысцін Дэвіс / @SARAHJESSICAPARKER

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.