Людзям, якія носяць маскі на вуліцы, пагражае смяротная пнеўманія

У той час, калі чыноўнікі Міністэрства аховы здароўя раяць паўсюдна знаходзіцца ў абарончай масцы, дактары-эпідэміёлагі  сцвярджаюць, што гэта павялічвае верагоднасць захворвання на грыпозную пнеўманію. Вынікам яе можа стаць смерць. Ужо і ў беларускіх аптэках не дакупіцца абарончых масак. Магчыма, таму, што, нягледзячы на ўсе праграмы па імпартазамяшчэнні, сваіх у нас няма — завозілі з Эстоніі і Кітая. Але Міністэрства аховы здароўя раіць людзям не ствараць паніку і абяцае завозіць іх у аптэкі ў патрэбнай колькасці. А тым, хто ў абяцанкі не верыць, чыноўнікі раяць шыць маскі самастойна — каб, паводле парады тых жа чыноўнікаў, людзі маглі насіць маскі паўсюдна.

Між тым украінскі доктар-эпідэміёлаг Аляксей Галімскі сцвярджае, што паўсюдна насіць маскі не мае ніякага сэнсу. Асабліва раіць адмовіцца ад іх на вуліцы і ў метро.

Аляксей Галімскі: “На вуліцы нашэнне маскі пазбаўлена ўсялякага сэнсу. На вуліцы аэразоль, які ўдыхае, да прыкладу, хворы, здзьмухваецца ўбок і не трапляе ў зону вашага дыхання. Аналагічная сітуацыя назіраецца ў метро — там вельмі інтэнсіўная вентыляцыя”.

Больш за тое, згодна з яго словамі, выкарыстанне масак можа быць вельмі небяспечным.

Аляксей Галімскі: “На вуліцы тэмпература значна ніжэй, чым у памяшканні. Маска выконвае ролю бар’еру на мяжы розных тэмператур. Чалавек выдыхае паветра, на масцы кандэнсуецца вільгаць, маска гэтай вільгаццю прамакаецца, варсінкі маскі, якія павінныя фільтраваць паветра, зліпаюцца. І праз шчыліны можа трапляць аэразоль дыхання хворых, калі чалавек зойдзе ў памяшканне. З іншага боку, калі чалавек інтэнсіўна дыхае, маска ўсё адно адстае па краях. Калі чалавек заходзіць у памяшканне, а перад гэтым ён праз маску дыхаў праз рот, то ён і далей будзе дыхаць праз рот. Але ўжо ў памяшканні, дзе ён кантактуе з іншымі людзьмі”.

У выніку чалавек можа не засцерагчыся ад хваробы з дапамогай маскі, а дзякуючы ёй хваробу падхапіць — калі пасля прагулкі па вуліцы ў масцы зайсці ў памяшканне, дзе ёсць хворы на грып. Прычым, ваша хвароба будзе больш небяспечная за звычайны грып.

Аляксей Галімскі: “Дыханне праз такую непрацуючую маску можа прывесці да развіцця грыпознай пнеўманіі. У той час, калі чалавек зайшоў проста без маскі і дыхаў праз нос, ён бы падхапіў грыпозны назафарынгіт”.

Розніца паміж гэтымі хваробамі ў тым, што грыпозная пнеўманія ў вялікім адсотку выпадкаў смяротна небяспечная.

Згодная з тым, што няма патрэбы хадзіць па вуліцы ў масцы, і доктар-эпідэміёлаг Мінскага гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Алена Фісенка.

Алена Фісенка: “Вірус баіцца свежага паветра. Таму хадзіць па вуліцы ў масцы не рацыянальна. Асабліва калі побач няма нікога, бо маска працуе на адлегласці ад 1,5 да 3 метраў”.

Больш за тое, паводле яе слоў, маска не ўратуе вас і ў метро ці тралейбусе, калі побач будзе кашляць хворы чалавек.

Алена Фісенка: “Калі хворы стаіць побач з вамі і кашляе, то вірусы спакойна праходзяць скрозь маску — яна не прадухіляе заражэнне”.

Праўда, наконт “абавязковага” захворвання на пнеўманію ў выніку нашэння маскі на вуліцы яна выказваецца больш асцярожна. Згодна з меркаваннем Алены Фісенкі, такі варыянт магчымы, але толькі з тымі людзьмі, хто перахварэў на прастуду альбо грып і мае аслаблены імунітэт.

Што ж тычыцца, да прыкладу, японцаў, якія падчас эпідэміі паўсюль ходзяць у масках, то, паводле слоў Аляксея Галімскага, у іх і на вуліцах такая таўкатня, што без маскі не абыдзешся. А па-другое, трэба памятаць пра розніцу ў клімаце: надвор’е ў іх больш цёплае і сухое. Таму маскі не так вільгатнеюць і не нясуць такой небяспекі, як у нашых умовах.

Як варыянт засцярогі ад грыпу медыкі прапаноўваюць рабіць прышчэпкі. Алена Фісенка адзначае, што з учорашняга дня ў Беларусі пачалася “сапраўдная” эпідэмія грыпу.

Алена Фісенка: “Эпідэмія пачалася з учорашняга дня. Калі на мінулым тыдні ўзровень захворвання ў нас ацэньваўся як перадэпідэміялагічны, то зараз можна казаць пра тое, што эпідэмія развіваецца паводле класічнага сцэнару і колькасць тых, хто звярнуўся па дапамогу, павялічылася”.

Украінскі доктар Аляксей Галімскі лічыць, што рабіць зараз прышчэпку запозна.

Аляксей Галімскі: “Лагічна рабіць прышчэпкі супрацьгрыпозныя, каб яны далі эфект, за два тыдні да пачатку чаканага пад’ёму захворванняў”.

На думку спецыяліста, калі чалавек сёння зробіць прышчэпку, а заўтра падхопіць вірус грыпу, то выніку ад яе не будзе ніякага. У сваю чаргу беларускі доктар Алена Фісенка кажа, што падчас эпідэміі хварэе толькі 15-20% насельніцтва цягам 3-4 тыдняў. Яшчэ каля 30-40% насельніцтва хварэе на грып цягам года. Таму можна зараз зрабіць прышчэпку на будучыню. Са спадзяваннем, што ў бліжэйшыя дні вы не захварэеце і яна выратуе вас у далейшым.

Дарэчы, кошт прышчэпкі ад грыпу вагаецца ад 35 да 60 тысяч рублёў. Ён, паводле слоў Алены Фісенкі, залежыць не ад вакцыны, а ад умоў, у якіх вам прышчэпку зрабілі. Прышчэпка ў дзяржаўнай паліклініцы каштуе 35 тысяч, а платная ў камерцыйным цэнтры — каля 60 тысяч.

Таксама па тэме:
“Ляпісы” перанеслі кіеўскі канцэрт з-за грыпу ва Ўкраіне
Ярмошына: “Заразу разносіць нельга!”
Ад грыпу AH1N1 у Беларусі ніхто не памёр
Ад “свінога грыпу” ў Мінску памерлі каля 10 чалавек?
Людзі ў масках: Мінск у паніцы рыхтуецца да эпідэміі (Фотарэпартаж)

Фота: http://www.segodnya.ua/img/forall/a/140906/58.jpg

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі