Лёс Салядара і баі ля Бахмута — 322-я раніца вайны ва Украіне

Самыя цяжкія баі ідуць у цяперашні час у Данецкай вобласці / facebook.com/GeneralStaff.ua
Самыя цяжкія баі ідуць у цяперашні час у Данецкай вобласці / facebook.com/GeneralStaff.ua

Украінскія крыніцы абвяргаюць заявы расіян, што Салядар акружаны. Дэзінфармацыяй назваў гэтыя паведамленні журналіст Юрый Бутусаў. "Ніякіх акружэнняў нашых войскаў няма", напісаў ён ноччу.

Па яго словах, у Салядары Сілы абароны Украіны "робяць усё магчымае, а некаторыя часткі робяць і немагчымае". Некалькі дэсантнікаў атрымалі абмаражэнні — "шмат дзён яны б'юцца на марозе, і застаюцца на пазіцыях да апошняга".

Пра тое, што Салядар не акружаны, але знаходзіцца ў "напаўахопе", казаў напярэдадні вечарам і дарадца офіса прэзідэнта Украіны Аляксей Арастовіч. Па яго словах, УСУ ўтрымліваюць захад і поўнач горада. Пад агнём праціўніка знаходзіцца і дарога, якая вядзе да Салядара з поўдня.

Працягваюцца баі і ля Бахмута. Пра адбітыя атакі расіян у раёне Опытнага і Кляшчаеўкі (гэта на поўдзень ад Бахмута) гаворыцца і ў ранішняй зводцы ўкраінскага Генштаба. УСУ за мінулыя суткі адбівалі атакі ў раёне дзясятка населеных пунктаў у Данецкай вобласці, а таксама ў раёне Гранікоўкі Харкаўскай і Стэльмахоўкі ў Луганскай абласцях. Пра Салядар Генштаб піша толькі, што яго абстрэльвалі.

Судьба Соледара и бои возле Бахмута — 322-е утро войны в Украине
Карта баёў у Данецкай вобласці / understandingwar.org

Расіяне напярэдадні ўвечары абстралялі Харкаў — трапілі ў склад піратэхнікі, якая пачала дэтанаваць. Ніхто не пацярпеў, піша кіраўнік абласной адміністрацыі Алег Сінегубаў.

А ў Расіі кажуць аб абстрэле памежнага горада Шабекіна Белгарадскай вобласці. Тут ёсць параненыя. Жанчыну з цяжкімі раненнямі забралі ў бальніцу, яшчэ 5 пацярпелым медыкі аказалі дапамогу на месцы і адпусцілі на амбулаторнае лячэнне, кажа губернатар вобласці Вячаслаў Гладкоў.

Паводле яго слоў, "аскепкамі снарадаў пашкоджаны 6 прыватных домаўладанняў, 5 шматкватэрных дамоў і адна гаспадарчая пабудова". Дзесьці выбітыя вокны, дзесьці пашкоджаны дах і фасады.

Судьба Соледара и бои возле Бахмута — 322-е утро войны в Украине
Шабекіна пасля абстрэлу / @vvgladkov

Ужо на наступным тыдні ўкраінскія вайскоўцы пачнуць навучанне на сістэмах СПА Patriot. Пра гэта піша CNN са спасылкай на двух амерыканскіх чыноўнікаў. Навучанне будзе праходзіць на ваеннай базе ў штаце Аклахома. Раней міністр замежных спраў Украіны Дзмітрый Кулеба казаў, што ўрад ЗША распрацаваў спецыяльную праграму паскоранага навучання ўкраінскіх вайскоўцаў, каб разгарнуць першую сістэму Patriot ва Украіне менш чым за шэсць месяцаў.

Першую батарэю Patriot ЗША перадалі Украіне ў канцы снежня. А ўжо 5 студзеня Германія далучылася да ініцыятывы і абвясціла аб перадачы Кіеву яшчэ адной батарэі Patriot, нагадвае Hromadske.

А Канада купіць для Украіны яшчэ адну сістэму супрацьпаветранай абароны NASAMS, пра гэта заявіў канадскі прэм'ер-міністр Джасцін Трудо падчас сустрэчы з прэзідэнтам ЗША Джо Байдэнам. Калі менавіта адбудзецца купля і калі сістэму NASAMS змогуць даставіць ва Украіну, Трудо не ўдакладніў.

Германія гатова прадаставіць Украіне 20 мільёнаў еўра на фінансаванне паслуг спадарожнікавай сувязі Starlink. Пра гэта заявіла кіраўнік МЗС ФРГ Аналена Бербок падчас учорашняга візіту ў Харкаў. Гэтых сродкаў хопіць, каб аплаціць працу 10 тысяч наземных станцый. Траціну гэтых тэрміналаў перададуць на патрэбы ўкраінскіх вайскоўцаў.

"Сувязь у рэальным часе дазваляе ўкраінскім воінам каардынаваць абарону Радзімы і лепш абараняцца ад нападаў Расіі", — гаворыцца ў заяве прэс-службы МЗС Германіі.

Судьба Соледара и бои возле Бахмута — 322-е утро войны в Украине
Аналена Бербок падчас візіту ў Харкаўскую вобласць / @synegubov

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі пазбавіў украінскага грамадзянства некалькі народных дэпутатаў, у тым ліку "кума Пуціна" Віктара Медведчука. Аб гэтым Зяленскі распавёў у вячэрнім відэазвароце.

"Калі народныя выбраннікі выбіраюць службу не народу Украіны, а забойцам, якія прыйшлі ва Украіну, то і нашы дзеянні будуць адпаведнымі. І гэта не апошнія такія рашэнні", — падкрэсліў украінскі прэзідэнт.

Нагадаем, у верасні Медведчука абмянялі на 200 украінскіх вайскоўцаў. Паводле звестак The Washington Post, на абмене Медведчука настаяў прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін, хоць ФСБ была супраць такога абмену. Пасля абмену ў Крамлі заявілі, што не ведаюць, дзе цяпер Медвядчук і ці гутарыў ён з Пуціным.

А расіяне забралі пропускі ў супрацоўнікаў Запарожскай АЭС, якія адмовіліся атрымліваць расійскія пашпарты і заключаць кантракт з Расатамам. Пра гэта гаворыцца ў ранішняй зводцы Генштаба УСУ. Пропускаў і доступу да прадпрыемства пазбавіліся амаль 1500 супрацоўнікаў.

Цяпер расіяне "шукаюць новых супрацоўнікаў для АЭС на тэрыторыі РФ і рыхтуюць жыллёвы фонд для будучых работнікаў шляхам так званай "нацыяналізацыі" кватэр мясцовых жыхароў, якія з'ехалі", кажуць украінскія вайскоўцы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі