Лёгкія наркотыкі ў Чэхіі "легалізавалі" з-за памылкі ў перакладзе

Не паспелі чэхі ўнесці невялічкія ўдакладненні ў закон аб наркотыках, як па Еўропе рэхам пракацілася “ле-га-лайз!”.
Шмат хто пачаў маляваць карціны, як на чэшскіх балконах жыхары вырошчваюць па 5 кустоў марыхуаны і носяць з сабой табакеркі з “дазволенай колькасцю”, каб, пры нагодзе, запаліць касячок... Але гэтыя “карціны” — не больш чым творчая інтэрпрэтацыя закону. Што ж на самой справе легальна ў Чэхіі?

“Нічога! Нічога не легальна! Вы памыляецеся”, — сказаў Еўрарадыё Каміл Каліна (Kamil Kalina) з Рады па Наркотыках. Ён быў вельмі абураны, што замежныя журналісты, і Еўрарадыё ў іх ліку, усё яшчэ задаюць яму пытанні пра нейкую “легалізацыю”.

“Усе краіны-суседкі няправільна нас зразумелі. Усе — Польшча, Славакія, Венгрыя, Аўстрыя!”, — пачаў скардзіцца спадар Каліна, але пасля прызнаўся, што чэхі ўнеслі сваю лепту ў гэтае непаразуменне:

Каміл Каліна: “У перакладзе Дакладу аб наркотыках на англійскую мову, які чэшская прэс-служба выслала за мяжу, зрабілі стылістычную памылку, і сапраўды ўжылі тэрмін “легалізацыя”. Спатрэбілася цяжкая ноч, каб зразумець прычыну непаразумення з замежжам, і яшчэ ноч на тое, каб памылку выправіць”.

Што ж у выніку чэхі маюць у Законе? Па сутнасці тое, што і 10 гадоў таму.

“Ніхто нічога не легалізаваў, калі разабрацца. Зараз усяго толькі апісалі дакладную колькасць наркотыку, якая раней у законе называлася “колькасць больш чым меншая”. Зараз гэта канкрэтныя, “15, 10, 20”. А больш нічога не змянілася. Гэта па-ранейшаму адміністратыўнае правапарушэнне, калі ты маеш пры сабе колькасць, менш за гэтую. Але ўсім на гэта напляваць. Што, магчыма, і не так дрэнна”, — патлумачыў Еўрарадыё Андрэй Караневіч, беларус, які ўжо некалькі гадоў жыве ў Празе.

Так што, калі нехта будзе мець пры сабе “крышачку марыхуаны” — гэта ўсё роўна азначае, што чалавек парушыў закон. Адзінае, яго за гэта не ў турму, а — у банк, плаціць штраф у памеры… 200 еўра.

А цяпер выйдзем з урадавых кабінетаў і прагуляемся па Празе.



Гэта канцэрт з нагоды “Дня Еўропы” на Старым Рынку ў Празе. Ідзе дожджык, але народ не сыходзіць — слухае бітбокс-гурт з Аўстрыі — побач нехта спакойна запаліў “джойнт”… Прайшоўся паліцэйскі — ніякіх дзеянняў.

Другая сітуацыя: бар, сядзім позна ноччу, прашу меню — і пакуль выбіраю, якое ж піва заказаць, афіцыянтка прысаджваецца побач і запальвае... “джойнт”. Нават не хаваючыся.

Праходзім каля школы — і бачым падлеткаў, якія стаяць і нахабна... паляць “касяк”! І ніхто не звяртае на іх увагі.



“Шчыра, я здзіўлены тым, што вы мне кажаце”, — пракаментаваў гэтыя прыклады чыноўнік з Савета ўраду па наркотыках.

Затое звычайных людзей нічога не здзіўляе:

“Тут і да гэтага закону з наркотыкамі было ўсё расслаблена. Чэхія ўвогуле лідыруе па гэтым гумне ў Еўропе. Наконт іншых наркотыкаў — не ведаю, але траву, дакладна, тут паляць больш, чым дзе б то ні было ў Еўропе”, — сказаў Андрэй Караневіч.

Пагутарыўшы з яшчэ адным спецыялістам у галіне наркотыкаў, спадаром Дэвідам Мілерам, які шмат гадоў працаваў у цэнтры па дапамозе нарказалежным — Еўрарадыё высветліла яшчэ адзін цікавы факт:

Давід Мілер (David Miller):
“У чэшскай паліцыі некаторыя кіраўнікі кажуць падначаленым, што калі тыя хочуць паляваць на курыльшчыкаў марыхуаны, то няхай гэта робяць у свой вольны час. А ў працоўны час яны мусяць займацца тымі, хто мае дачыненне да больш цяжкіх наркотыкаў”.

Пасля 10 дзён у Чэхіі Еўрарадыё замацавала меркаванне, што няма чэхам справы да марыхуаны. Калі не выходзіць на “Марыхуанавыя маршы” і не крычаць “Легалізацыя”, то, хутчэй за ўсё, ніхто на вас увагі і не зверне, чым б вы там сабе не пыхалі.

Фота: Міла Котка

Удзельнічай у конкурсе "Тэлепорт у Чэхію" і выйграй 2 квіткі ў Прагу!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі