Ляўковіч: У мяне няма ні капейкі, пажаваць няма чаго. Але я іду на выбары!

120725 Luka6uk_levkovi4.mp3

Еўрарадыё: Чаму вы вырашылі ўдзельнічаць у выбарах?


Анатоль Ляўковіч: Я ўдзельнічаю ва ўсіх выбарчых кампаніях са Дня незалежнасці Беларусі. Гэта ўжо пятая кампанія, калі я балатуюся ў парламент. Я і сам ва ўсіх кампаніях удзельнічаў, і вадзіў каманды ў мясцовыя і абласныя саветы, па 40 і больш чалавек. Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя, з якой мяне нібыта выключылі, заўжды ішла на выбары. Гэта была наша пазіцыя. Я еўрапейскі сацыял-дэмакрат, і нам не патрэбныя рэвалюцыі — нам патрэбна наладжваць нармальны палітычны працэс у краіне.

Еўрарадыё: Падчас гэтай выбарчай кампаніі перад дэмсіламі паўстала дылема: палітвязні ў турме — ісці на выбары ці не? А вы, нягледзячы на тое, што не прапусцілі ніводнай выбарчай кампаніі, такое пытанне ўлічвалі?

Анатоль Ляўковіч: Перада мной стаіць такая праблема, а не дылема. Я паслядоўна кажу: “Не павінна быць палітвязняў у краіне”. Аніякай дылемы тут няма — ёсць пустая балбатня лідараў-адзіночак, у якіх няма ні структур, ні партый, ні людзей. І тады ім прасцей крычаць пра нейкія байкоты. Мы ж робім канкрэтную справу. А сёння не так проста пайсці ў народ. Я асабіста стаю з пікетам цэлы дзень і размаўляю з людзьмі. На жаль, людзі запалоханыя. Калі раней вешаеш улётку на прыпынку, тут жа народ збягаецца, і — мітынг, дык сёння народ праходзіць міма. Я развесіў плакаты і ўлёткі з усіх сваіх папярэдніх кампаній, дык той-сёй адным вокам з вялікай цікаўнасцю гляне і пужліва прабяжыць міма… І пры гэтым некаторыя кажуць, што не трэба ісці да людзей. Ну, дык дапужайце іх зусім! Сёння толькі смелыя ідуць да людзей, смелыя і паслядоўныя ў сваёй пазіцыі.

Еўрарадыё: Кандыдаты ад іншых партый будуць казаць людзям пра палітвязняў, пра адсутнасць свабоды, пра тое, што выбараў у краіне няма. А вы пра што з людзьмі размаўляеце?


Анатоль Ляўковіч: Я стаю, а народ міма прабягае. І я крычу: “Ну дык што ж — абірайце служак народа, што ж вы!” І ён пужліва ад мяне шарахаецца, гэты народ. Не ад мяне, а ўвогуле шарахаецца. А калі нехта спыніцца — тады ёсць пра што пагаварыць. Самыя розныя тэмы. І мы ведаем адказы на самыя розныя тэмы — у нас яны ёсць. Я стары мамант у палітыцы, не паводле ўзросту, а паводле стажу: мне 59 гадоў, і я стаю ў пікеце. Гэта сапраўдная палітычная праца — быць з людзьмі, прыйсці да іх, нягледзячы ні на што. І людзі становяцца весялейшымі і смялейшымі — яны разумеюць, што ёсць у краіне сіла, якая смела кажа пра неабходнасць развіваць адкрытае грамадства. Што гэта на карысць усім. У тым ліку і ўладзе.



Мяне лупцуюць за тое, што калі я быў старшынёй партыі, дык казаў, што яна павінна быць у сістэмнай апазіцыі, быць прадстаўленая і ў парламенце, і ў гарадскіх ды абласных саветах. Мне ў адказ зрабілі правакацыю і з партыі выключылі! Але палітычны працэс — гэта працэс крэатыўны. Калі ты нешта прапаноўваеш і нават гэтая сістэма кажа: “А што, давай зробім!” — тады ты паціху сам заходзіш у гэтую сістэму. Бо пакуль апазіцыя будзе заставацца па-за сістэмай, улада будзе заставацца ў руках сістэмы. Калі ва ўладзе ёсць хоць адзін разумны чалавек, які гатовы ісці на дыялог, з ім трэба гаварыць, уцягваць яго ў працэс, дэмакратызаваць яго. Канешне, ёсць іншыя шляхі, і на гэта рабіліся стаўкі — зрабіць каляровую рэвалюцыю. Але ў Беларусі немагчыма зрабіць каляровую рэвалюцыю — ёсць АДКБ, ёсць зона ўплыву Крамля. І тут Брусэль і Крэмль дамовіліся паміж сабой, мы ж толькі пешкі ў іх стратэгіі.

Еўрарадыё: Вы будзеце здымацца да дня галасавання ці пойдзеце да канца?

Анатоль Ляўковіч: Нельга быць крыху цяжарным! Калі ты ідзеш у кампанію — ідзі! Тут не павінна быць: альбо палітвязні, альбо — выбары. Трэба і ратаваць палітвязняў, і біцца на выбарах.

Еўрарадыё: Наколькі вы спадзяецеся на дэпутацкі мандат?

Анатоль Ляўковіч: Для мяне перамога — ужо тое, што я паразмаўляў хаця б з адным чалавекам, які не забаяўся і спыніўся каля маіх плакатаў. А там вісіць фота, дзе Ляўковіч з Бушам сфатаграфаваны. Ляўковіч з Бушам! І вісіць тут, у Брэсце, дзе мяне ведаюць усе — я тут заўсёды балатуюся! Для мяне перамога — тое, што палітык выйшаў у народ і стаіць там. І размаўляе з народам. А мэту прайсці ў парламент я перад сабой заўсёды стаўлю. І павесіў плакаты з усіх кампаній. А на тое, чаму я за 20 гадоў так і не прайшоў у парламент, хай адкажа ўлада.

І я зноў іду! Але спонсар заходні падтрымлівае палітычных балбатуноў, а не тых, хто канкрэтна працуе, на пікеце. Мне крычаць, што я ўладзе прадаўся, а я беспрацоўны зараз. У мяне няма ні капейкі, пажаваць няма чаго, але я іду ў кампанію. Без капейкі.

Еўрарадыё: Упершыню падчас гэтай кампаніі за вамі не стаіць палітычная сіла: вас выключылі з партыі. Як вы сябе адчуваеце?

Анатоль Ляўковіч: Не так! За мной як стаяла партыйная сіла, так і стаіць. Не стаіць 5 чалавек. Але зараз я адмыслова не ўзяў у сваю кампанію партыйцаў. Тым больш што я зараз старшыня аргкамітэта “Сацыял-дэмакраты за дыялог і кансалідацыю”, і ў маю ініцыятыўную групу ўвайшоў член-карэспандэнт Акадэміі навук, два прафесары, дацэнты і два простыя рабочыя. І за мной, у прынцыпе, стаіць партыя. У якім сэнсе? Ну, зрабілі правакацыю, выключылі мяне, і ў маім бюлетэне будзе напісана: “Беспартыйны”, але ж у мяне на плакатах з мінулых кампаній напісана — “Сацыял-дэмакратычная партыя”. У мяне ж нельга забраць маю гісторыю!

Фота: http://www.svaboda.org, Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі