Лукашэнка звярнуўся да Пуціна наконт "больш адаптыўнай" цаны на газ

Аляксандр Лукашэнка звярнуўся да Уладзіміра Пуціна наконт "больш адаптыўнай" цаны на прыродны газ. Здарылася гэта 14 красавіка падчас відэаканферэнцыі кіраўнікоў краін Еўразійскага эканамічнага саюза. Лукашэнка выступаў першым. Ён акрэсліў сітуацыю з каранавірусам у Беларусі, заклікаў партнёраў змагацца супраць COVID-19 сумеснымі высілкамі. Таксама ён гаварыў пра эканоміку. Беларускі кіраўнік заклікаў да паглыблення прамысловага супрацоўніцтва, нагадаў пра прагнозы экспертаў аб недахопе харчавання пасля пандэміі каранавіруса. І, нарэшце, Аляксандр Лукашэнка згадаў пра газ.

"Энергетыка, цэны на рэсурсы і разлікі за іх", — гаварыў кіраўнік Беларусі пра "нявырашанае" важнае пытанне. Ён адзначыў, што цяперашняя сітуацыя склалася неспадзявана для ўсіх.

"Але тым не менш факт відавочны, цытуе словы Лукашэнкі яго прэс-служба. — Такая нягнуткасць негатыўна ўплывае на ўвесь ланцужок фармавання даданай вартасці. А значыць, падрывае ўстойлівасць функцыянавання саюза. Асабліва ў перспектыве".

Беларускі кіраўнік звярнуўся праз відэасувязь да расійскага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна і прапанаваў яму як мага аператыўна разгледзець пытанне "цэн і разлікаў за прыродны газ". Бо, па словах Аляксандра Лукашэнкі, "відавочна, што пры такой рэзкай змене эканамічнай кан'юнктуры цана павінна быць больш адаптыўнай, а механізм разлікаў — пад'ёмным для спажыўцоў".

На жаль, рэакцыя Пуціна на прапанову Лукашэнкі невядомая. А падчас выступу беларускага кіраўніка ён праглядаў свае паперы і рабіў у іх праўкі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.