Вы тут

Лукашэнка: усе задаволеныя, у нас з Пуціным засталіся "прэзідэнцкія пытанні"

Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін / Reuters

Аляксандр Лукашэнка пракаментаваў вынікі сустрэчы з расійскім прэзідэнтам Уладзімірам Пуціным у Санкт-Пецярбургу. Гэта быў працяг нядаўняй сустрэчы ў Сочы, дзе не былі падпісаныя дакументы па "паглыбленні інтэграцыі". Увесь гэты час ішла дапрацоўка "дарожных картаў". Беларусь і Расія канцэптуальна дамовіліся па энерганосьбітах, цэны вызначацца ў бліжэйшыя дні, заявіў Лукашэнка ў пятніцу.

"Засталіся самыя складаныя пытанні, цытуе словы кіраўніка Беларусі БЕЛТА. — Але толькі ў лічбах — энерганосьбіты. Але канцэптуальна дамовіліся, што ў будучым годзе Беларусь купляе ў РФ прыкладна 20 мільярдаў кубаметраў газу".

Па словах Аляксандра Лукашэнкі, абмежаванняў у справе аб'ёму газу няма. "Можна і 22 млрд кубаметраў", — кажа ён. Лукашэнка нагадвае, што пасля запуску Беларускай АЭС такі аб'ём ужо не спатрэбіцца: "Мы на 4-5 млрд кубаметраў менш будзем набываць".

У Санкт-Пецярбургу дамовіліся і пра аб'ёмы паставак расійскай нафты. У 2020-м наша краіна купіць 24-25 млн тон нафты. "Цэны будуць не вышэйшыя за ўзровень бягучага 2019 года", — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Беларускі кіраўнік абяцае, што "канкрэтная цана" па нафце будзе "на працягу двух дзён", па газе — "2-3 дні". Высвятляецца, што на аўторак, 24 снежня, у "Газпраме" запланаваная сустрэча спецыялістаў, "і ўжо будуць канкрэтныя лічбы".

"Аднак увогуле кошт застаецца на ўзроўні бягучага года", — падкрэсліў Лукашэнка.

Аляксандр Лукашэнка дапускае, што ў канцы гэтага года ці ў пачатку наступнага спатрэбіцца яшчэ адна сустрэча з Уладзімірам Пуціным. А ў бліжэйшы час адбудзецца тэлефонная размова.

Лукашэнка: "Ёсць у нас пару праблем, якія мы павінны вырашыць, — прэзідэнцкія пытанні".

Беларускі кіраўнік сцвярджае, што вынікамі сустрэчы ў Санкт-Пецярбургу "усе задаволены".

Лукашэнка ў Санкт-Пецярбургу / БЕЛТА

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.