Вы тут

"Лукашэнка сказаў, што рабіць з намі": Наталля Дуліна пра звальненне з МДЛУ

Наталля Дуліна на пікеце каля МДЛУ 23 кастрычніка / Еўрарадыё

З Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта звальняюць дацэнта кафедры італьянскай мовы і актыўную ўдзельніцу забастовачнага руху Наталлю Дуліну.

— Я ўжо была не ва ўніверсітэце, калі мне патэлефанавала лабарантка і сказала, што мяне просяць зайсці ў аддзел кадраў і забраць працоўную кніжку. Планую пайсці туды заўтра.

Загада я пакуль не бачыла. Але калі я павінна забраць працоўную кніжку, то, відаць, працаваць далей у МДЛУ я не буду, — расказвае Еўрарадыё Наталля Дуліна.

Наталля Дуліна / "Тэлеграм"

Дацэнт дадае, што з ціскам сутыкаюцца цяпер і іншыя актыўныя выкладчыкі. Паводле яе слоў, як мінімум двум педагогам сёння патэлефанавалі і запрасілі зайсці на кафедру для гутаркі.

— У мяне ёсць ужо адна вымова за ўдзел у студэнцкіх акцыях, а ў іншых выкладчыкаў — пакуль заўвагі. Паводле правілаў, якія раней існавалі, для звальнення неабходныя дзве вымовы. Цяпер правілы змяніліся, мяркуючы па ўсім. Лукашэнка ж сказаў, што трэба рабіць з такімі, як мы, — апісвае сітуацыю ў МДЛУ Дуліна.

Наталля Дуліна меркавала, што яе актывізм можа прывесці да звальнення. Яна плануе шукаць новую працу і, хутчэй за ўсё, звяртацца да юрыстаў з нагоды законнасці звальнення са старой.

Гэта ўжо другое звальненне ў МДЛУ па палітычных прычынах. Раней з універсітэта звольнілі выкладчыцу кафедры тэорыі і практыкі англійскай мовы Ганну Аблову. Педагога абвінавацілі ў парушэнні загада аб няўдзеле ў несанкцыянаваных акцыях на тэрыторыі ВНУ.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.