Лукашэнка раскрытыкаваў Інфармацыйна-аналітычны цэнтр

Лукашэнка раскрытыкаваў Інфармацыйна-аналітычны цэнтр

6 лютага Аляксандр Лукашэнка правёў нараду па аптымізацыі Адміністрацыі прэзідэнта. Было заяўлена пра яе скарачэнне на 30% з мэтай павышэння эфектыўнасці дзейнасці, пра неабходнасць няспыннага кадравага абнаўлення дзяржапарату. Больш увагі будзе надавацца выканаўчай дысцыпліне, павысіцца роля памочнікаў кіраўніка дзяржавы ў каардынацыі працы з рэгіёнамі і з усімі галінамі ўлады. Зноў было заяўлена пра неабходнасць удасканалення нацыянальнай ідэалогіі, выбудоўвання сістэмы ідэалагічнай працы.

Лукашэнка раскрытыкаваў дзейнасць шэрагу структур. Як інфармуе прэс-служба кіраўніка дзяржавы, ён выказаўся пра Акадэмію кіравання: "Калі цяперашняе кіраўніцтва Акадэміі кіравання не разумее, што рабіць, яго трэба неадкладна замяніць... Туды павінны трапляць толькі перспектыўныя будучыя дзяржаўныя служачыя, якія заўтра будуць запатрабаваныя. А вы прааналізуйце, колькі там атрымалі адукацыю людзей, якія заўтра ўвогуле на пенсію сыходзяць".

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, дзяржслужачы мусіць выходзіць з Акадэміі кіравання "з добрым веданнем замежнай мовы", каб падчас замежных паездак падчас кантактаў не трэба было карыстацца перакладчыкам.

Крытычна Аляксандр Лукашэнка выказаўся і пра дзейнасць Інфармацыйна-аналітычнага цэнтру пры Адміністрацыі прэзідэнта. Ён лічыць, што гэтая структура мусіць быць самым лепшым экспертным, аналітычным цэнтрам, мець "самыя моцныя кадры". А пакуль ён гэтага там не бачыць.

"Паўсюль павінен быць мінімум служачых, — кажа Лукашэнка. — За кошт гэтага мы павінны даць людзям нармальны заробак".

Крытыкаваў Аляксандр Лукашэнка і працу Нацыянальнага прэс-цэнтра. Ён не разумее, "чым ён займаецца", не бачыць "навізны".

У той жа час кіраўнік дзяржавы прапануе падчас выпрацоўкі рашэнняў у Адміністрацыі прэзідэнта прыцягваць на грамадскіх пачатках пэўнае кола экспертаў, "разумных, талковых людзей". "Калі яны добра працуюць, мы знойдзем магчымасць іх заахвоціць", — сказаў Лукашэнка.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі