Вы тут

Лукашэнка раскажа Пуціну пра імпартазамяшчэнне: будуць у нас свае мэрсэдэсы

У Мінску думаюць пра патэнцыял / president.gov.by

Аляксандр Лукашэнка пагаворыць з Уладзімірам Пуціным пра імпартазамяшчэнне. Паводле яго слоў, з расійскім прэзідэнтам ён сустрэнецца днямі. Заява Лукашэнкі прагучала ў чацвер падчас сустрэчы ў Мінску з губернатарам Ніжагародскай вобласці Расіі Глебам Нікіціным.

Падчас нядаўняга саміта АДКБ Лукашэнка толькі коратка паразмаўляў з Пуціным — у апошняга ў той вечар было шмат важных сустрэч з кіраўнікамі іншых краін. Праўда, ён кажа, што з прэзідэнтам РФ яны тады "вельмі сур'ёзна размаўлялі".

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што патэнцыял у прамысловасці Беларусі і Расіі цяпер такі, што яны могуць вырабляць "практычна любую прадукцыю". Толькі трэба... падцягнуць якасць, для чаго патрэбны час. Ён патрэбны і для перабудовы эканомікі ва ўмовах санкцый.

"Добра, не будзем ездзіць у гэты час на мэрсэдэсах, пакуль праедземся на сваіх аўтамабілях, якія ў нас былі [у савецкія часы], — цытуе словы Лукашэнкі яго прэс-служба. — ...Прыйдзе час — будуць у нас і свае мэрсэдэсы. На гэта часу шмат не трэба".

Як бачым, гутарка ў Маскве будзе змястоўная.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.