Лукашэнка расказаў, чаму Януковіч яму больш не сябар

Лукашэнка і Януковіч у 2010 годзе / Reuters
Лукашэнка і Януковіч у 2010 годзе / Reuters

26 верасня, падчас гутаркі ў Мінску з украінскімі журналістамі, Аляксандр Лукашэнка расказаў, чаму сапсаваліся яго адносіны з Віктарам Януковічам. Паводле слоў беларускага лідара, прычына ў тым, што экс-прэзідэнт Украіны не дазволіў яму прыняць удзел у мерапрыемствах, прысвечаных 25-й гадавіне аварыі на Чарнобыльскай АЭС у 2011 годзе:

"Вы лічыце (ці лічылі) маім сябрам ва Украіне Віктара Януковіча? Ну так успомніце. Калі мы праводзілі чарнобыльскія мерапрыемствы, у Чарнобылі збіраліся, потым яшчэ недзе там, вы ж закрылі неба для пралёту майго самалёта! Вы спачатку мяне запрасілі туды, а потым замест таго, каб папрасіць прабачэння (ну, Захад, там, Лукашэнка, можа, не хоча бачыць — па-мужчынску зняў трубку, пазваніў, мы ж у добрых адносінах) узялі так ціхенька закрылі для пралёту неба.

Ну, я не стаў асабліва рвацца туды, хоць я не лічу, што Украіна чужая для мяне. Я магу сесці ў верталёт і за гадзіну быць у Чарнобылі, пераляцеўшы праз мяжу. Я упэўнены, ніхто не адважыўся б збіць мой верталёт. Ну, былі такія моманты. Гэта проста між іншым, да вашага ведама. Але мы і гэта перажылі. Усялякае бывае. Цёмныя сілы находзяць на чалавека, ён потым прымае такія рашэнні".

Што тады адбылося?

26 красавіка 2011 года Дзмітрый Мядзведзеў і Віктар Януковіч, якія тады былі прэзідэнтамі Расіі і Украіны, прыехалі ў Чарнобыль, каб адзначыць 25-ю гадавіну аварыі на ЧАЭС. Аляксандр Лукашэнка ў раёне станцыі так і не з'явіўся, хоць яго і чакалі. Бо менавіта Беларусі катастрофа нанесла найбольшыя страты.

Вылучаліся розныя версіі таго, што адбылося: ад крыўды за мінулы год, калі Лукашэнка прыляцеў на КПП зоны адчужэння, але ён не змог прайсці да станцыі без пропуску, да асабістай непрыязнасці да Мядзведзева, пры якім у Беларусі, якая перажывала валютны крызіс, пачаліся праблемы з расійскімі крэдытамі.

Трошкі пазней Лукашэнка патлумачыў сваю адсутнасць у Чарнобылі так: "Гэта вы ў іх [Януковіча і Мядзведзева. — Еўрарадыё] спытайце. На жаль, вашывасці хапае ў цяперашняга кіраўніцтва Украіны. Напрошвацца я ні да каго не збіраюся. І быць нейкім падпявалам я таксама не збіраюся ні ў аднаго прэзідэнта, ні ў другога".

А прычым тут Захад?

У тым жа інтэрв'ю Лукашэнка выказаў раздражненне тагачасным кіраўніком Еўракамісіі Жазэ Мануэла Барозу. "Што тычыцца такіх казлоў, як Барозу, ну, быў нейкі Барозу ў Партугаліі, выгналі яго і ўладкавалі ў Еўракамісію... Хіба можна супраць краіны, якая больш за ўсё пацярпела ад чужой расхлябанасці, весці размову аб тым, каб увесці нейкія санкцыі?" — абурыўся кіраўнік Беларусі.

Еўрапейскія санкцыі былі ўведзеныя ў адказ на жорсткі разгон дэманстрацыі 19 снежня 2010 года. Тады, увечары пасля прэзідэнцкіх выбараў, у Мінску спачатку на Кастрычніцкай плошчы, а потым на Плошчы Незалежнасці сабраліся каля 20 тысяч чалавек (ацэнка Еўрарадыё). Пасля таго, як невялікая група пратэстуючых паспрабавала ўвайсці ў Дом ураду (па незразумелай прычыне разбіўшы шкло ў дзвярах, якія былі забарыкадаваныя мэбляй знутры), на плошчы з'явіліся АМАП і ўнутраныя войскі. Дэманстрантаў рассеялі, каля 800 чалавек былі затрыманыя.

У адказ Еўрасаюз увёў санкцыі ў дачыненні да некалькіх беларускіх прадпрыемстваў і сфармаваў спіс неўязных з "датычных" чыноўнікаў, сілавікоў, суддзяў і бізнесменаў. Персонамі нон-грата ў Еўропе сталі сам Лукашэнка, члены яго сям'і, кіраўніцтва Адміністрацыі прэзідэнта.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі