Аляксандр Лукашэнка 16 студзеня выступіў на пасяджэнні Савета Рэспублікі. Ён прадстаўляў новага старшыню праўлення Нацбанка Паўла Калаўра.
Паводле слоў Лукашэнкі, прызначэнні на вышэйшыя дзяржаўныя пасады сёлета працягнуцца: "У краіне ратацыя кадраў — працэс пастаянны. Таму прызначэнні на вышэйшыя дзяржаўныя пасады, асабліва ў год прэзідэнцкіх выбараў, будуць працягнутыя, але асноўны касцяк сфармаваны".
У той жа час кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што новыя кіраўнікі павінны быць "годнай заменай дасведчаным і кваліфікаваным прафесіяналам". Што да тых, хто саступае дарогу маладзейшым, дык усе яны гатовыя "падстрахаваць" сваіх наступнікаў, выступіць у ролі экспертаў. Лукашэнка прызнаўся, што "ніводнага чалавека... не звольніў і не перасунуў без яго згоды", інфармуе БЕЛТА.
Варта адзначыць, што сёння былы прэм'ер Міхаіл Мясніковіч быў адзінагалосна зацверджаны на пасадзе старшыні Савета Рэспублікі.
Фота: БЕЛТА