Вы тут

Лукашэнка паабяцаў Рахмону, што ў Беларусі закладуць два сады ў яго гонар

Фота: БЕЛТА

У Брэсцкай і Гомельскай абласцях закладуць два фруктовыя сады імя прэзідэнта Таджыкістана Эмамалі Рахмона. Такое даручэнне даў Аляксандр Лукашэнка падчас афіцыйнага візіту ў Таджыкістан, інфармуе БЕЛТА.

Беларускі кіраўнік паведаміў, што абмяркоўваў гэтую тэму з Рахмонам. У Таджыкістане таксама бываюць суровыя маразы ўзімку, але мясцовыя сады выжываюць. "Няўжо ў Гомельскай і Брэсцкай абласцях мы не зможам, раяніраваўшы, апрацоўваць гэтыя культуры? Я адчуваю, што ў нас гэтыя гатункі будуць расці", — заявіў Лукашэнка.

Ён даручыў стварыць сады ў названых абласцях і вылучыць пад іх дастатковую колькасць зямлі. "Трэба паспрабаваць. Клімат мяняецца. Мы кавуны вырошчваем ў цэнтральнай Беларусі", — зазначыў кіраўнік дзяржавы.

У адказ Эмамалі Рахмон паабяцаў дапамагчы беларускаму боку, у тым ліку падрыхтаваць неабходную колькасць саджанцаў. 

Пасол Беларусі ў Таджыкістане Алег Іваноў паведаміў, што ў Таджыкістане з'явіцца чарэшневы сад беларуска-таджыкскай дружбы.Пад яго ўжо вылучанае месца і замоўленыя саджанцы.