Вы тут

Лукашэнка: не трэба крычаць, што "тут Пуцін захапіў Беларусь"

Сяргей Лаўроў сярод карцін у Палацы Незалежнасці ў Мінску / president.gov.by

30 чэрвеня ў Мінску Аляксандр Лукашэнка сустракаўся з міністрам замежных спраў Расіі Сяргеем Лаўровым. Спачатку ён арыгінальна выказаўся наконт таго, што чуе пра "паглынанне" і "інкарпарацыю" Беларусі: "Мы не настолькі дурныя, каб кагосьці інкарпараваць, як на Захадзе кажуць, ці ўключаць у склад не тое Беларусі Расію, не тое Расіі Беларусь". Па словах Лукашэнкі, РБ і РФ хочуць "выбудаваць такую канструкцыю... адносін, што пазайздросцяць у свеце і іншыя". "І не трэба там енчыць, крычаць, што "тут Пуцін захапіў Беларусь", — дадаў ён.

Аляксандр Лукашэнка згадаў нацыяналізм, фашызм, санкцыі і "эканамічную вайну", "Сувалкаўскі калідор" (нібыта ў яго і Уладзіміра Пуціна "дастаткова сіл і сродкаў для таго, каб даставіць грузы ў Калінінград"). Далей гаворка пайшла пра пашырэнне NATO і ядзерную зброю. Лукашэнка падкрэсліў, што складоў ядзерных боепрыпасаў у Беларусі няма. Ён абурыўся, што заходняя авіяцыя праводзіць трэніроўкі па выкарыстанні ядзернай зброі.

"Навошта трэніруюцца, навошта ядзерныя балванкі возяць? — цытуе яго словы прэс-служба. — Для таго, каб ядзерную бомбу заўтра ў самалёт пакласці і скінуць туды, куды трэба. Таму мы яшчэ люстрана не адказвалі... Але мы павінны быць гатовы".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.