Лукашэнка: канчаткова расставім кропкі над "і" з Пуціным пасля 20 снежня

Лукашэнка: канчаткова расставім кропкі над "і" з Пуціным пасля 20 снежня

10 снежня Аляксандр Лукашэнка правёў тэлефонную размову з расійскім прэм'ер-міністрам Дзмітрыем Мядзведзевым і сустрэўся з кіраўніком сваёй Адміністрацыі Ігарам Сергеенкам ды з экс-кіраўніцай Адміністрацыі, а цяпер спікерам Савета Рэспублікі Наталляй Качанавай. Як інфармуе БЕЛТА, з Мядзведзевым Лукашэнка абмеркаваў вынікі беларуска-расійскіх перамоў у Сочы па "паглыбленні інтэграцыі", на якіх не было падпісана дакументаў. Тады было дамоўлена, што ўрады іх дапрацуюць да 20 снежня, калі кіраўнікі Беларусі і Расіі сустрэнуцца ў Санкт-Пецярбургу.

Падрабязнасці тэлефоннай размовы з расійскім прэм'ерам Аляксандр Лукашэнка агучыў падчас сустрэчы з Сергеенкам і Качанавай. Паводле яго слоў, на пераднавагоднія дні папярэдне запланаваная сустрэча з Дзмітрыем Мядзведзевым. Месца яе правядзення пакуль невядомае.

"І не толькі з прэзідэнтам Расіі, але зможам зверыць гадзіннікі і з прэм'ер-міністрам, — гаварыў Лукашэнка. — Ёсць пытанні, якія датычаць нашых урадаў".

Што менавіта гэта за пытанні, Лукашэнка не стаў агучваць. Але ён вельмі хоча, каб сустрэча з Мядзведзевым адбылася, нягледзячы на іх складаныя графікі. "Ён з задавальненнем пагадзіўся, што мы дзесьці перасячэмся, знойдзем момант, — працягвае кіраўнік дзяржавы. — Гаворыць, нават у Мінск можа прыехаць".

Але самае важнае Аляксандр Лукашэнка сказаў напрыканцы: "Магчыма, яшчэ давядзецца пасля 20 [снежня] сустрэцца і з прэзідэнтам Расіі, каб ужо канчаткова расставіць кропкі над "і". Што мае на ўвазе Лукашэнка? Найважнейшыя пытанні "функцыянавання двух дзяржаў" і эканомік Беларусі ды Расіі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі