Лукашэнка хоча развіваць з Назарбаевым супрацоўніцтва ў IT-сферы

Лукашэнка хоча развіваць з Назарбаевым супрацоўніцтва ў IT-сферы

Аляксандр Лукашэнка падпісаў з Нурсултанам Назарбаевым міждзяржаўную дамову аб сацыяльна-эканамічным супрацоўніцтве да 2026 года з праграмай сацыяльна-эканамічнага супрацоўніцтва на гэты ж перыяд.

Кіраўнік Беларусі назваў Казахстан стратэгічным партнёрам і прапанаваў супрацу ў IT-сферы і ўкараненні найноўшых вытворчых і фінансавых тэхналогій і інструментаў.

"У Казахстане ствараецца міжнародны фінансавы цэнтр "Астана" — будучы рэгіянальны фінансавы кластар. У Беларусі — Кітайска-беларускі індустрыяльны парк "Вялікі камень", які павінен стаць інавацыйным "горадам будучыні", арыентаваным на высокатэхналагічны экспарт. Дарэчы, і адзін, і другі знаходзяцца на Вялікім Шаўковым шляху. Узаемны ўдзел у гэтых праектах паскорыць і ўзмацніць інтэграцыю нашых краін у сусветную эканоміку", — цытуе прэс-служба заяву Лукашэнкі.

Ён прапанаваў, каб фінансавы цэнтр "Астана" наладзіў кантакт з Паркам высокіх тэхналогій па ўкараненні самых перадавых распрацовак.

Кіраўнік Беларусі падкрэсліў, што наша краіна мае што прапанаваць "казахстанскім братам": "За кароткі прамежак часу нашы праграмісты забяспечылі якасны рывок краіны ў IT-сферы і выйшлі на глабальны ўзровень. Прадстаўнікі Казахстана ўжо пабывалі ў Парку і змаглі азнаёміцца ​​з беларускім праграмным забеспячэннем". Лукашэнка ўдакладніў, што Беларусь можа падзяліцца напрацоўкамі па беспілотных лятальных апаратах: не толькі арганізаваць пастаўкі, але і перадаць тэхналогіі іх вытворчасці".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі