Лондан вінаваціць Расію ў распальванні грамадзянскай вайны ў Сірыі

Лондан вінаваціць Расію ў распальванні грамадзянскай вайны ў Сірыі

Удары расійскай авіяцыі ў Сірыі падрываюць міжнародныя намаганні завяршыць грамадзянскую вайну ў гэтай краіне. Пра гэта ў інэрв'ю агенцтву Reuters заявіў міністр замежных спраў Вялікабрытаніі Філіп Хаманд.

На яго думку, дзеянні Расіі ў Сірыі з'яўляюцца галоўнай праблемай для пошуку палітычнага развязання крызісу. "Рускія кажуць: давайце весці перамовы, — і пасля гэтага ўсё гавораць, гавораць і гавораць. Праблема ў тым, што пакуль яны гавораць, яны працягваюць наносіць авіяўдары і падтрымліваць Асада", — перадае РБК словы Хаманда.

Кіраўнік брытанскай дыпламатыі таксама лічыць, што дзеянні Расіі ў Сірыі ўзмацняюць пазіцыі "Ісламскай дзяржавы", бо расійская авіяцыя бамбуе ўмераную апазіцыю. Па словах Хаманда, плынь бежанцаў, якая раней паменшала, пасля расійскіх авіяўдараў заўважна вырасла.

Нагадаем, што Расія пачала паветраную аперацыю ў Сірыі 30 верасня. Праваабаронцы і прадстаўнікі заходніх краін неаднаразова абвінавачвалі Маскву ў нанясенні авіяўдараў не толькі па пазіцыях баевікоў, але і па пазіцыях так званай умеранай апазіцыі, а таксама па мірных жыхарах. Расійскія ўлады абвяргаюць гэтыя звесткі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі