Літва заяўляе пра магчымасць несумленнай канкурэнцыі з боку "Белэнэрга"

Магчымае спыненне паставак расійскай электраэнергіі праз Беларусь непазбежна прывядзе да росту коштаў. Пра гэта паведаміла РІА "Новости" са спасылкай на пастаўшчыка электраэнергіі ў Літве INTER RAO Lietuva. 4 студзеня беларускі бок заявіў, што можа спыніць пастаўкі расійскай электраэнергіі ў Калінінградскую вобласць з-за няўзгодненасці ўмоваў транзіту. У той жа час расійская кампанія "Інтэр РАО" адзначыла, што накіравала ў Мінск прапановы па ўмовах транзіту электраэнергіі, але адказу пакуль не атрымала. Наступны раўнд перамоваў павінен прайсці 11—12 студзеня.

"Несумнеўна, такія паводзіны "Белэнэрга" павялічаць кошт на электраэнергію ў Літве, бо абмяжуе прапанову на біржы не толькі з Расіі, якая цяпер з'яўляецца асноўнай крыніцай імпарту, але і з Эстоніі, Латвіі ці Фінляндыі", — прыводзяцца ў паведамленні літоўскай кампаніі словы яе камерцыйнага дырэктара Відаса Чабатарунаса.

У той жа час INTER RAO Lietuva запэўнівае сваіх кліентаў, што падпісаныя дамовы пра пастаўкі электраэнергіі ў 2010 годзе будуць выкананы, а іх умовы змяняцца не будуць.

Па словах Чабатарунаса, пастаўшчыкі электраэнергіі не могуць паўплываць ні на рэжым паставак, ні на маршрут, ні на аб'ёмы транзіту ў пэўную краіну: "У адну секунду электраэнергія можа прыйсці ў Літву з Беларусі, а ў іншую — праз Эстонію і Латвію. Калі тэхнічна адключаць лініі паміж Расіяй і Беларуссю, іх усяго 11, то ад гэтага пацерпіць і сама Беларусь, бо яна пазбавіць сябе магчымасці рэгуляваць плыні электраэнергіі, акумуляваць электраэнергію, а таксама абмяжуе свае магчымасці імпарту электрычнасці з Украіны".

Чабатарунас не выключыў, што пагрозы "Белэнэрга" з'яўляюцца часткай несумленнай канкурэнцыі, бо прапанаваная Беларуссю электраэнергія ў паўтара раза даражэй за імпартаваную з Расіі, Эстоніі ды Ўкраіны.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі