Літоўскі дэпутат: супраць тых, хто спыніў нашага дыпкур'ера, мусяць быць санкцыі

Літоўскі дэпутат: супраць тых, хто спыніў нашага дыпкур'ера, мусяць быць санкцыі

Літва павінна даць жорсткі адказ на інцыдэнт з дыпламатычнай поштай на беларускай мяжы. Пра гэта заявіў старшыня парламенцкага Камітэта па замежных справах Жыгімантас Павілёніс.

"Гэта чарговы доказ таго, што гэты злачынны, незаконны, тэрарыстычны рэжым працягвае парушэнне ўсіх міжнародных дамоваў, канвенцый, на падставе якіх (яны) самі функцыянуюць у Вільні як дыпламаты", — перадае словы дэпутата delfi.lt.

Ён прапанаваў унесці ў санкцыйны спіс людзей, якія мелі дачыненне да гэтага інцыдэнту: "Калі гэта свядомы выпад, а здаецца, што так, то людзі, якія выканалі гэта ці замовілі, думаю, павінны апынуцца ў нашым санкцыйным спісе".

Таксама Павілёніс прапанаваў у адказ на дзеянні памежнікаў выслаць некалькі беларускіх дыпламатаў. "У гэтым прадстаўніцтве ўжо, па праўдзе кажучы, амаль нікога з беларусаў не засталося, але некалькі чалавек яшчэ ёсць — трэба параіцца з міністрам, што мы з імі робім. Таму што звычайна ў дыпламатыі ўжываецца ўзаемнасць, гэты прынцып замацаваны ў той жа самай Венскай канвенцыі, якая была парушаная. Калі з нашымі дыпламатамі так паступаюць, то будзе ўздзеянне і на іх дыпламатыю", — заявіў Павілёніс.

Як распавядала Еўрарадыё, МЗС Літвы 4 чэрвеня паведаміў, што ў літоўскага дыпкур'ера на мяжу беларускія памежнікі запатрабавалі адкрыць запячатаную дыпламатычную пошту. Калі ён адмовіўся гэта зрабіць, яго аўтамабіль не прапусцілі на тэрыторыю Беларусі. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі