Лінгвістка Наталля Дуліна — пра мігрантаў, суперажыванне і страх

Здымкі з праекта #BACKTOTHESTREET французскага фатографа Jeanne Menjoulet / Jeanne Menjoulet
Здымкі з праекта #BACKTOTHESTREET французскага фатографа Jeanne Menjoulet / Jeanne Menjoulet

Увосень 2020 года лінгвістка Наталля Дуліна была выкладчыцай МДЛУ. Тады разам са студэнтамі яна развесіла на дзвярах кабінетаў, аўдыторый, у чытальных залах і калідорах цытату Бруна Ясенскага:

"Не бойся ворагаў — у самым горшым выпадку яны могуць цябе забіць.

Не бойся сяброў — у самым горшым выпадку яны могуць табе здрадзіць.

Бойся абыякавых — яны не забіваюць і не здраджваюць, але толькі з іх маўклівай згоды існуе на зямлі здрада і забойства".

Мы спыталі Наталлю Алегаўну, куды зніклі салідарнасць і эмпатыя, якія мы яшчэ год таму праяўлялі адно да аднаго? І чаму на мігрантаў іх не хапіла.

Еўрарадыё працягвае цыкл інтэрв'ю "Страх і нянавісць", у якіх мы спрабуем асэнсаваць новую для нас рэальнасць і разабрацца ва ўласных рэакцыях на міграцыйны крызіс.
 

"Гэта жывыя людзі, і цяпер яны зазнаюць катаванні"

— Цяпер мы назіраем у беларускім грамадстве палярныя меркаванні. Я знаходжуся на полюсе спагады. Я разумею тых, хто прытрымліваецца процілеглых поглядаў, і тых, каго мучаць сумневы. Але асабіста я імкнуся ў сабе культываваць спагаду і спачуванне да людзей. Нават калі часам іх учынкі выклікаюць адмоўныя эмоцыі.

Лингвистка Наталья Дулина — о мигрантах, сопереживании и страхе
Уцекачы і мігранты ідуць у бок беларускага пункта пропуску "Брузгі"

Я хацела б пагаварыць не пра рэжым, не пра мігрантаў — пра нас. Чалавеку ўласцівае суперажыванне. А гэта значыць, што ты адчуваеш: нават калі людзі пайшлі на хітрасць, нават калі яны не маюць рацыі — яны ж жывыя людзі. І цяпер яны зазнаюць катаванні. Тыя ўмовы, у якіх яны цяпер апынуліся, — ненармальныя.

Мы адносімся да заходняй цывілізацыі, і ў нас, як і ва ўсіх еўрапейцаў, ёсць пэўныя прынцыпы. Адзін з іх — недапушчальнасць катаванняў. Але ж тое, з чым сутыкнуліся гэтыя людзі, — самыя сапраўдныя катаванні! Калі мы гэтага не разумеем — хто тады мы самі?
 

"Мы баімся, што паверым людзям, а яны акажуцца недастаткова беднымі і няшчаснымі"

Негатыўнае стаўленне да мігрантаў можна растлумачыць з розных пунктаў гледжання: сацыяльнага, псіхалагічнага, біялагічнага. Мы можам баяцца, што да нас выкарыстаюць гвалт, выганяць з дому. Мы асцерагаемся, што паверым людзям, а яны акажуцца недастаткова беднымі і няшчаснымі — і мы будзем са сваім перакананнем і спачуваннем выглядаць ідыётамі. А людзям вельмі не падабаецца адчуваць сябе падманутымі.

Наша талерантнасць — гэта міф. Праяў ксенафобіі ў нас няшмат, магчыма, таму, што мы пакуль не сутыкаліся з вялікай колькасцю мігрантаў у адрозненне ад Расіі, Францыі, Германіі. Звычайна людзі адчуваюць страх і непрыязнасць да таго, што адбываецца побач і тычыцца іх саміх. Беларусам, хутчэй, уласцівыя іншыя фобіі і забабоны, перш за ўсё сексізм і гамафобія. А на Захадзе праблема ксенафобіі стаіць востра.

Лингвистка Наталья Дулина — о мигрантах, сопереживании и страхе
Так выглядаюць здымкі з праекта французскага фатографа, размешчаныя на вуліцах Парыжа / Jeanne Menjoulet

І цяпер многія з нас таксама адчуваюць нейкі жывёльны страх перад гэтымі людзьмі, бачаць у іх пагрозу. Гэта такія вельмі старажытныя пачуцці: чалавек заўсёды імкнуўся захаваць не толькі сваё жыллё, тэрыторыю, культуру, але і свой біялагічны від. Але ж гэта памылка! Мы ўсе належым да аднаго біялагічнага віду, незалежна ад колеру скуры і іншых знешніх адрозненняў. Мы ўсе людзі.

Куды дзеліся наша салідарнасць і неабыякавасць? Летась мы адчулі драйв таму, што раптам падняліся ўсе, што мы адчулі: нас шмат. І актыўнасць расла дзякуючы таму, што кожны бачыў яе вакол. Гэта было стымулам. Мы адно для аднаго былі стымулам. А цяпер на змену актыўнасці прыйшоў страх. І гэта прывяло людзей у дэпрэсію, у апатыю. Выцягнуць сябе за валасы з балота складана.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі