Лік стратных прадпрыемстваў у будаўнічай галіне сёлета павялічыўся ўдвая

Лік стратных прадпрыемстваў у будаўнічай галіне Беларусі сёлета павялічыўся ўдвая, адзначае БелаПАН. Па звестках Белстата, на пачатак лістапада стратнымі былі 12 прадпрыемстваў, ці 8,9% ад агульнай колькасці. Страта склала 19,9 млрд рублёў. Для параўнання, за аналагічны перыяд 2008 гады стратнымі былі шэсць прадпрыемстваў (4,4%) будаўнічай галіны, страта складала 943 млн рублёў.

Рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі ў студзені—кастрычніку 2009 года склала 10,1% (19,9% — у 2008 годзе), рэнтабельнасць продажаў — 7,7% (13,8%).

На фоне падзення выпуску большасці будматэрыялаў вытворчасць цэменту сёлета павялічылася. У студзені—лістападзе гэтага года выраблена 4 млн 53,1 тыс. тон цэменту, што на 3% больш у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года.

Запасы цэменту на прадпрыемствах на 1 снежня склалі 18,9 тыс. тон, ці 5,1% сярэднямесячнага аб'ёму вытворчасці. У параўнанні з такім жа перыядам 2008 года паказчык зменшыўся на 74,4%.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі